Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна, уключаная ў Cпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, патрабуе неадкладнай аховы. Такое рашэнне 9 снежня прыняў Міжурадавы камітэт ЮНЕСКА на сесіі ў Нью-Дэлі. Гэты крок падкрэсліў значнасць рамяства, якое з’явілася ў Неглюбцы каля чатырох стагоддзяў таму і захавала сувязь з раннімі пластамі народнай культуры.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна, што ўзнікла ў XVІІ стагоддзі, уключае стварэнне ручнікоў, адзення і рэчаў для інтэр’еру. Уменні пераходзілі ад маці да дачкі за хатнімі кроснамі, праз жывое навучанне і штодзённую працу.
- Асаблівую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі. Іх унікальная адметнасць — шматкаляровая палітра. Так, у адным вырабе можа быць да дваццаці пяці адценняў. Арнаментальная спадчына налічвае больш за сто дваццаць узораў: «крывулі», «павукі», «яблынька» і іншыя матывы, у якіх захаваліся старажытныя ўяўленні і пажаданні дабрабыту. Асаблівая ткацкая методыка — работа вываратнага боку, якая робіць кожны неглюбскі ручнік непаўторным. Яны ствараюцца з выкарыстаннем бранага, пераборнага, выбарнага, закладнога і шматнітавага ткацтва. Важнае месца займае «неглюбская мярэжка» і разнастайныя віды тэкстыльнага пляцення. Кампазіцыя ручнікоў захоўвае сіметрыю: на кожным канцы ад трох да дзевяці арнаментальных палос. Канцы ўпрыгожваюцца махрой з петляў з белых, чырвоных і чорных нітак. Мясцовыя майстрыхі таксама ткуць шматколерныя посцілкі, настольнікі, фіранкі і накутнікі — вырабы, якія захоўваюць высокі мастацкі ўзровень неглюбскай школы.
Як заўважае загадчык сектара культуры Веткаўскага райвыканкама Дар’я Шалабодава, неглюбская тэкстыльная традыцыя застаецца жывой і не страчвае сувязі з жыццём вёскі.
— Жыхаркі Неглюбкі працягваюць ткаць для сваіх сем’яў, абрадаў і хатняга ўжытку, таму пераемнасць не перарываецца. У Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва дзеці і падлеткі атрымліваюць першыя навыкі працы з ніткай і ўзорным ткацтвам. Таму традыцыя захоўваецца на жывой цікавасці да рамяства і пачуцці адказнасці майстрых, якія перадаюць свой досвед маладому пакаленню, — падкрэсліла загадчык сектара культуры Веткаўскага райвыканкама.
Як зазначыла Дар’я Шалабодава, у захаванне старажытнага рамяства Веткаўшчыны ўнеслі істотны ўклад як неглюбскія ткачыхі, так і навуковыя супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, дзе створаны найбагацейшы экспазіцыйны зал, прысвечаны мясцовай тэкстыльнай традыцыі і неглюбскім ручнікам. Акрамя таго, супрацоўнікі музея выязджаюць у даследчыцкія экспедыцыі і дагэтуль працягваюць збіраць элементы неглюбскага строю.
У фондах музея захоўваюцца неглюбскія ручнікі, вытканыя яшчэ ў канцы XІX стагоддзя.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна прадстаўлена вельмі шырока ў тым ліку дзякуючы ўвазе да гэтага культурнага феномена Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
У даследчыкаў народных традыцый асаблівую цікавасць выклікае неглюбскі народны строй — комплекс традыцыйнага адзення, што існаваў у XІX — сярэдзіне XX ст. на Веткаўшчыне і ў некаторых раёнах Бранскай вобласці. Яго архаічныя элементы — панёва, нагрудны фартух-«запіна», намітка і тканая хустка — адлюстроўваюць надзвычай шырокі набор ткацкіх прыёмаў. Тканы матэрыял мог аб’ядноўваць ніткі розных відаў і ствараць непаўторную выразную фактуру.
— Уключэнне неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА — сведчанне ўвагі на сусветным ўзроўні да рамяства, якое складалася ў Неглюбцы з XVІІ стагоддзя і захавала старажытныя рысы. Для Веткаўскага раёна гэта прызнанне працы мясцовых майстрых, дзякуючы якім да нашага часу захаваліся тэхнікі ткацтва, багатая паліхромія і шматлікія арнаменты, — гаворыць Дар’я Шалабодава. — Гэта і прызнанне вялікай каштоўнасці беларускіх рэгіянальных традыцый, увагі да народнага мастацтва, якое жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне на Веткаўшчыне.
Наталля КАПРЫЛЕНКА