У найбліжэйшы час у краіне плануецца стварыць інтэрактыўную геаінфармацыйную сістэму доўгатэрміновага прагназавання клімату для падтрымкі надвор’езалежных галін. Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу фонду даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Вольга БАКЛАНАВА. На працягу трох гадоў Белгідрамет сумесна з Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі спрагназуе некалькі сцэнарыяў у залежнасці ад розных паказчыкаў канцэнтрацыі вуглякіслага газу, а таксама складзе прагнозы для ўсіх 118 раённых цэнтраў краіны.
Як зазначыла спецыяліст, за апошнія 10 гадоў назіраюцца дадатныя адхіленні сярэдняй тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы. Увосень яны вагаюцца ад 1,1 да 2,7 градуса. Сярэдняя тэмпература гэтай восенню склала +8,6 °С. За пасляваенны перыяд такая цёплая восень зафіксавана
ўжо шосты раз, прычым пяць з іх прыпалі на апошняе дзесяцігоддзе. Самы цёплы восеньскі сезон быў у 2020 годзе з сярэдняй тэмпературай 9,7 °С. А самы халодны — у 1993-м (+3,2 °С).
Як паказваюць назіранні, верасень усё больш падобны на летні месяц і характарызуецца ўстойлівым цёплым надвор’ем. Паводле слоў начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марыны ГРЫЦКЕВІЧ, такія змены звязаны з агульнымі кліматычнымі тэндэнцыямі, у прыватнасці з павышэннем сярэдняй глабальнай тэмпературы паветра на планеце. У выніку мяняецца працягласць пор года. У сувязі з высокімі тэмпературамі ў паўднёва-заходніх рэгіёнах краіны ў верасні нават аб’яўляўся аранжавы ўзровень небяспекі.
Усяго за восень было падрыхтавана і выпушчана 23 папярэджанні аб розных неспрыяльных з’явах. Начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына ІСТОМІНА ў сваю чаргу адзначыла, што сёлета на тэрыторыі краіны склаліся складаныя ўмовы для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Мелі месца неспрыяльныя і небяспечныя метэаралагічныя з’явы — замаразкі і моцныя дажджы. Так, веснавыя замаразкі прывялі да значных страт пладова-ягадных культур, у некаторых гаспадарках яны дасягнулі 100 %. У той жа час атрыманы добры ўраджай збожжавых, бабовых культур, цукровых буракоў і льновалакна.
- Калі казаць пра будучы ўраджай, то да пачатку зімоўкі ўмовы для сельскагаспадарчых культур на палях здавальняючыя: глеба талая, вільгаці дастаткова, снежнага покрыва пакуль няма. Але шмат будзе залежаць ад надвор’я ў зімовы перыяд. Разумеючы рызыку і ўплыў фактараў надвор’я на развіццё сельскай гаспадаркі, у мэтах забеспячэння харчовай бяспекі краіны
Белгідраметам сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання распрацавана і рэалізуецца стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі да змянення клімату.
Пры гэтым варта адзначыць, што змены маюць не толькі негатыўны, але і пазітыўны ўплыў. Змяняецца набор сельскагаспадарчых культур для вырошчвання, з’яўляюцца новыя — больш цеплалюбівыя. Павялічваюцца плошчы азімага ячменю. Безумоўна, негатыўным фактарам застаюцца рэзкія перапады тэмператур, калі перыяды моцных халадоў рэзка змяняюцца адлігамі з недастатковасцю снежнага покрыва. Пошук і ўкараненне новых культур, удасканаленне метадаў вядзення сельскай гаспадаркі з улікам кліматычных змен дазваляюць падтрымліваць стабільнасць і гарантаваць харчовую бяспеку краіны.
Сяргей САКАЛОЎ