Top.Mail.Ru

Турыстычны патэнцыял Беларусі, або да чаго праяўляюць цікавасць турысты

10.12.2025 | 16:29
Гасцінна запрашаем

Сёння турызм з'яўляецца прыярытэтным кірункам для многіх дзяржаў, бо гэта сфера спрыяе эканамічнаму росту, стварэнню працоўных месцаў і ў цэлым развіццю рэгіёнаў. У будучую пяцігодку раскрыццё турыстычнага патэнцыялу для Беларусі — нацыянальны праект.

— Гэтыя звар’яцелыя закрылі граніцу на захад. Ну, добра. Нашы ездзілі ў Піцер, у Маскву... у Казань паехалі... Ніхто іх не стрымлівае. Самалёты, верталёты, цягнікі, аўтобусныя маршруты — яны вельмі ў нас запатрабаваныя. А ў расіян запатрабаваная Беларусь, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, расіяне — на першым месцы сярод наведвальнікаў турыстычных аб’ектаў у Беларусі. Вялікім попытам карыстаюцца і беларускія гасцініцы, запатрабаваныя медыцынскія паслугі.

Аляксандр лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Юрыем Слюсарам, 17 лістапада 2025 г

Амбіцыйную планку — падвоіць унёсак галіны ў эканоміку і давесці яе долю ў ВУП з 2 да 4,5 % да 2030 года — задаў Указ Прэзідэнта «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы турызму». Ужо з 2026 года ў Беларусі з'явіцца цэнтральнае звяно рэгулявання — Нацыянальнае агенцтва па турызме, якое будзе падпарадкоўвацца наўпрост Савету Міністраў.

Што датычыцца вынікаў на сённяшні дзень, уязны турызм у Беларусі расце, а з ім і экспарт турыстычных паслуг. Эксперты прагназуюць, што да канца года колькасць гасцей можа дасягнуць 8 мільёнаў чалавек.

А як выглядае ў лічбах аб'ём экспарту турпаслуг? У студзені—верасні гэтага года ён склаў 295 мільёнаў долараў, што на 43 % больш, чым за аналагічны перыяд летась. Гэта ў той час, калі мінулы 2024-ы быў рэкордны — тады за год экспарт турпаслуг дасягнуў 268 мільёнаў.

За чым едуць у Беларусь?

У адзінай нацыянальнай класіфікацыі 13 відаў турызму. У ліку найбольш запатрабаваных — лячэбна-аздараўленчы і аграэкатурызм. Цэняць госці нашай краіны шырокія магчымасці гісторыка-культурнага, экалагічнага, адукацыйнага турызму, набірае папулярнасць прамысловы. Разам з тым да 70 % усяго турпатоку прыпадае на Мінск, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Брэсцкую крэпасць-герой, мемарыяльны комплекс «Хатынь», Нацыянальныя паркі. Асноўны пік турыстычнай цікавасці — з мая да верасня, а яшчэ перыяд навагодніх і калядных свят. Сярэдняя працягласць уязнога тура доўжыцца 4 дні. Да 40 % падарожжаў здзяйсняецца на тэрмін менш за суткі.

Ва ўнутраным турызме дамінуюць самастойныя вандроўкі: у 2024 годзе гэта амаль 94 % ад агульнай колькасці турыстаў.

Часцей за ўсё ў нас бываюць госці з Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Кітая. У тым ліку прыкметна вырас турыстычны паток з дзяржаў, чые грамадзяне могуць прыехаць у Беларусь без візы. Сёлета гэта каля 210 тысяч замежнікаў з 38 краін. Большасць падарожнікаў — нашы суседзі: Літва, Латвія і Польшча.

Мы зарабляем, у той час пакуль улады гэтых дзяржаў вызначаюцца з «адкрыццём-закрыццём» граніц, а турыстычная галіна нясе каласальныя страты, зрэшты, як і астатнія, хто моцна залежыць ад трансгранічных патокаў.

Што датычыцца суседзяў з Усходу, у нас яны бываюць з зайздроснай рэгулярнасцю. Добрае транспартнае паведамленне гэтаму спрыяе, тым больш што з 15 снежня паміж Мінскам і Масквой будзе курсіраваць больш штодзённых цягнікоў «Ластаўка». З 15 расійскімі рэгіёнамі Беларусь звязваюць і прамыя авіязносіны. А наогул беларускі авіяперавозчык за апошні год не слаба пашырыў лётную геаграфію. Нарасцілі палёты з Кітаем. Летась гэта быў усяго адзін прамы авіярэйс, сёння з Мінска адпраўляемся ў Пекін, Урумчы, Сіань і Санья. Прамыя авіярэйсы звязваюць беларускую сталіцу са Шры-Ланкой, В'етнамам і Аманам, а са студзеня ляцім без перасадак у Ізраіль і Тайланд. І, вядома, чакаем у сябе гасцей з гэтых краін.

Чым здзівім гасцей у навагоднія святы?

Падчас зімовых свят па ўсёй Беларусі пройдзе мноства мерапрыемстваў: цырымоніі запальвання агнёў на ёлках, кірмашы, шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурак, навагодні аўтапарад, музычныя паказы.

Дзед Мароз, Зюзя, Зімнік і іх казачныя памочнікі традыцыйна сустракаюць гасцей у сваіх сядзібах ва ўсіх рэгіёнах краіны.

У галоўным маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы святочныя мерапрыемствы стартавалі 6 снежня: у сядзібу прыехала Снягурка і спецыяльны госць — Усерасійскі Дзед Мароз з Вялікага Усцюга.

Партызанскі Дзед Мароз запрашае ў комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», размешчаны ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Дарэчы, знешнасць у партызанскага Дзеда Мароза асаблівая: барада з пакулля, на галаве — шапка-вушанка, а на нагах — валёнкі, ён у кажуху і з партупеяй. У руках трымае посах, увянчаны чырвонай зоркай, і рэчмяшок з падарункамі.

Па традыцыі рэзідэнцыя Дзеда Мароза адкрыецца таксама і на Лініі Сталіна. Там, акрамя звычайнага ўбору, Дзед Мароз таксама носіць парадны: да звыклага футра дададзеная вайсковая атрыбутыка — каракулевы каўнер і такая ж шапка з чырвонай зоркай.

Ёсць яшчэ Зюзя, якога завуць прадзедам Дзеда Мароза, ён сустрэне гасцей у Нацыянальным парку «Прыпяцкі», комплексе «Азяркі» (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці).

Дарэчы, у старажытнаславянскай міфалогіі Зюзя — бог зімы. Яго прадстаўлялі белабародым дзядком нізкага росту, у лютыя маразы ён хадзіў басанож у белым футры з жалезнай булавой.

Таксама сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі расчыніць свае дзверы ў вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна, што на Гродзеншчыне.

Зімнік — родны брат Дзеда Мароза. Добры чараўнік у дакладнасці падобны на знакамітага сваяка. Сцвярджаецца, што менавіта ён прыносіць снег і сцюжу.

Па матэрыялах news.by і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю