Top.Mail.Ru
0

З якімі вынікамі завяршае пяцігодку сталіца

«Забяспечана выкананне ўсіх мэтавых індыкатараў»

За перыяд з 2020 года і да сённяшняга дня Мінск дасягнуў значных вынікаў практычна па ўсіх кірунках. Пра тое, што зроблена і якімі дасягненнямі можна ганарыцца, расказаў старшыня камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Аляксандр ЯЎСЕЕЎ.

— Ва ўмовах новай глабальнай рэальнасці ў бягучай пяцігодцы мы забяспечылі эканамічную збалансаванасць і дынаміку росту, — падкрэсліў Аляксандр Яўсееў. — У выніку праведзенай работы па дасягненні задач, абазначаных Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінска на 2021–2025 гады, забяспечана выкананне ўсіх мэтавых індыкатараў сацыяльна-эканамічнага развіцця горада: 40 мільярдаў рублёў інвестыцый з тэмпам росту да паказчыкаў 2020 года 125,9 % прыцягнута ў асноўны капітал, сукупныя паступленні даходаў бюджэту выраслі ў 2,2 раза, тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 194 %. Індэкс прамысловай вытворчасці — 121,2 %. Экспарт тавараў вырас на 20 %, рознічны тавараабарот — на 43 %, тавараабарот грамадскага харчавання — у 1,7 раза.

  • Неад’емнай часткай эканамічнай палітыкі горада з’яўляецца стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне спрыяльных умоў для ўкаранення інавацый, вытворчасці высокатэхналагічных тавараў, пашырэнне тэхнапаркаў. Так, асноўная пляцоўка найбуйнейшага ў краіне Мінскага гарадскога тэхнапарка, што на вуліцы Солтыса, 187, плошчай 6,5 гектара была адкрыта ў 2021 годзе шляхам пераўтварэння былога мясаперапрацоўчага завода ў сучасны інавацыйна-вытворчы кластар. У цяперашні час вядзецца работа па далейшым пашырэнні тэхнапарка. За мінулы перыяд пяцігодкі колькасць яго рэзідэнтаў павялічылася да 79, створана і мадэрнізавана звыш тысячы працоўных месцаў, аб’ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі павялічыўся у 3,5 раза.

У Мінску сфарміраваны спрыяльны інвестыцыйны клімат. Штогод у эканоміку горада паступае да 1 мільярда долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. У бягучай пяцігодцы за кошт сродкаў замежных інвестараў паспяхова рэалізаваны буйныя праекты, задзейнічаныя ў комплексным развіцці сталіцы.

— Сёлета ў рамках рэалізацыі найбуйнейшага інвестыцыйнага праекта «Паўночны Бераг» быў адкрыты Мінскі міжнародны выставачны цэнтр (вул. П. Мядзёлкі, 24. — «Зв.») агульнай плошчай 42,5 тысячы квадратных метраў. Аб’ект адпавядае самым сучасным патрабаванням буйных міжнародных мерапрыемстваў і павышае статус нашай краіны на знешнім контуры, дэманструючы яе як ключавую дзелавую кропку для значных падзей, — дадаў суразмоўнік.

Найважнейшы вынік, які ўдалося дасягнуць дзякуючы эфектыўнай рабоце рэальнага сектара эканомікі, — павышэнне якасці жыцця і дабрабыту мінчан, адзначыў Аляксандр Яўсееў.

— Так, у бягучай пяцігодцы рэальная заработная плата павялічылася на трэць, — удакладніў ён. — У горадзе забяспечваецца сацыяльная стабільнасць. Узровень беспрацоўя ў працаздольным узросце (па метадалогіі МАП) па Мінску захоўваецца ў нізкіх межах: 2,3 % ад колькасці працоўнай сілы (за трэці квартал бягучага года). З апярэджаннем выконваецца задача па павышэнні ўзроўню забяспечанасці насельніцтва жыллём, які ў разліку на аднаго жыхара павялічыўся з 23,2 да 24,7 квадратнага метра. З 2021 года ў эксплуатацыю было ўведзена 3,7 мільёна квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў. За гэтыя гады 67,5 тысячы сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы

У сталіцы пастаянна ўдасканальваецца работа пасажырскага транспарту, адкрываюцца новыя маршруты, у аснову фарміравання якіх закладзены прынцып падвозу жыхароў да найбліжэйшых станцый метрапалітэна. У снежні мінулага 

года ўведзены ў эксплуатацыю ўчастак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Вядуцца перадпраектныя работы па ўчастку чацвёртай лініі.

Найважнейшым прыярытэтам палітыкі, якая праводзіцца ў горадзе, застаецца клопат пра здароўе людзей. За 5 гадоў, па словах старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама, уведзена ў эксплуатацыю 14 новых буйных аб’ектаў аховы здароўя. Многія з іх, валодаючы ўнікальнымі тэхналогіямі і спецыялістамі, з’яўляюцца адзінымі ў Рэспубліцы Беларусь. Напрыклад, у сталіцы функцыянуюць цэнтры па транспланталогіі сусветнага ўзроўню. Акрамя таго, з 2024 года на базе ўведзенага блока і гема-модуля Мінскага навукова-практычнага цэнтра выконваюцца новыя высокатэхналагічныя аперацыі па перасадцы касцявога мозгу і ствалавых перыферычных клетак крыві, чаго раней у краіне не было. Прынятыя меры па павышэнні эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя дазволілі павялічыць чаканую працягласць жыцця ў сталіцы да 78 гадоў.

Да таго ж у Мінску ствараюцца ўсе ўмовы для папулярызацыі здаровага ладу жыцця і далучэння гараджан да спорту.

— За апошнія гады ў нас з’явіліся такія аб’екты, як стралковы комплекс і самы вялікі ў краіне скаладром на тэрыторыі Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама», — расказаў Аляксандр Яўсееў. — За кошт фінансавай дапамогі Кітая ў канцы 2024 года ў Мінску адкрыты значны для краіны аб’ект «Басейн міжнароднага стандарту», у сакавіку бягучага года — Нацыянальны футбольны стадыён. За апошнія гады ў Мінску пабудавана і рэканструявана 11 школ і 17 дзіцячых садкоў, 3 інтэрнаты для ВНУ, кадэцкае вучылішча і некаторыя іншыя ўстановы.

Што датычыцца сферы культуры, яе развіццё ў сталіцы арыентавана на захаванне і прымнажэнне нацыянальных культурных каштоўнасцяў і традыцый, культурнага кода беларускай нацыі.

Акрамя таго, у Мінску шмат зроблена ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі з улікам таго, што завяршаецца Год добраўпарадкавання.

— З пачатку года ўсе раёны сталіцы перайшлі на водазабеспячэнне з падземных крыніц, у сістэму водазабеспячэння падаецца толькі артэзіянская вада, — дадаў Аляксандр Яўсееў.

У ліпені 2025 года здадзены ў эксплуатацыю завод па перапрацоўцы смецця ў Мінску, што вырашыць задачу эфектыўнай перапрацоўкі і абясшкоджвання цвёрдых камунальных адходаў, мінімізаваўшы экалагічную небяспеку ад іх назапашвання.

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: «Мінскбуд»: будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея пераходзіць у стадыю аддзелачных работ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю