Top.Mail.Ru

Дэлегаты УНС — аб праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку

10.12.2025 | 19:44
«У цэнтры ўвагі — чалавек»

Адзін з найважнейшых пунктаў на парадку дня другога пасяджэння VІІ Усебеларускага народнага сходу, якое пачнецца роўна праз тыдзень, — прыняцце Праграмы сацыяльна-

эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады. Упершыню гэты важны дакумент — фактычна план жыцця на наступную пяцігодку прымае УНС у новым канстытуцыйным статусе — найвышэйшага органа народаўладдзя.

Дэлегаты УНС з разуменнем усёй адказнасці даверанай ім місіі вывучаюць праект праграмы, рыхтуюць свае заўвагі і прапановы. Мы пацікавіліся іх меркаваннем аб гэтым важным для кожнага жыхара Беларусі дакуменце.

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Надзея ХАЛЬЦОВА:

— Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады, якая неўзабаве будзе прадстаўлена на зацвярджэнне дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу, вельмі змястоўная, накіравана на вырашэнне ключавых задач развіцця краіны. Галоўная канцэпцыя новага пяцігоддзя — сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой чалавек. Традыцыйна прыярытэтам сацыяльнай палітыкі дзяржавы выступае сям’я. Менавіта сям’я з’яўляецца найважнейшай крыніцай фарміравання і развіцця асобы, узнаўлення чалавечага капіталу, назапашвання і перадачы традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцяў. Моцная сям’я — аснова грамадства і інвестыцыі ў сям’ю, у чалавечы патэнцыял — гарантыя поспеху і росквіту дзяржавы. Не будзем забывацца, што ўмацаванне інстытута сям’і і захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў — клопат не толькі дзяржавы, але і кожнага з нас.

Мы часта паўтараем, што нам важна, каб дзяржава паспяхова развівалася. На чым будуецца паспяховае развіццё? Вядома ж, на якаснай адукацыі. Тое, што мы пакладзём у аснову адукацыі, як навучым і выхаваем нашых дзяцей, — усё гэта стане вынікам будучыні. Якасная і даступная адукацыя ў нашай краіне з’яўляецца адным з найважнейшых гарантаў сацыяльнай стабільнасці, крыніцай росту інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу нацыі, выступае асновай усіх пераўтварэнняў, накіраваных на пабудову моцнай і квітнеючай дзяржавы.

Адна з задач, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў праграме, — бесперапыннае патрыятычнае выхаванне моладзі на ўсіх этапах яе навучання ва ўстановах адукацыі і працоўных калектывах па месцы працы. Педагагічнай грамадскасці неабходна працягваць курс на далейшае развіццё, прыкладаць усе намаганні для таго, каб нашы дзеці, моладзь шанавалі і любілі сваю Радзіму, імкнуліся здзяйсняць добрыя справы і ўчынкі дзеля яе росквіту. А выхаваць патрыёта, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, можа толькі патрыёт. Паважлівыя адносіны да старэйшага пакалення, уменне выбудоўваць дыялог з нашай моладдзю — тыя пастулаты, на якіх можа будавацца і развівацца нацыя. Гэта мост паміж гісторыяй краіны і яе будучыняй.

Дэлегат УНС, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей ПАЛЯКОЎ:

— Сказаць, што праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады атрымаўся завершаным, можна будзе толькі пасля заканчэння УНС, калі гэты дакумент будзе прыняты. Мы не выключаем, што на Усебеларускім народным сходзе дэлегатамі УНС будуць выказаны нейкія прапановы або яны паступяць у сакратарыят і мы будзем іх агучваць. Безумоўна, дакумент поўны і вельмі канкрэтны. Ён вылучае тыя асноўныя кірункі і прыярытэты, якія неабходныя для далейшага развіцця нашай краіны.

Захаванне чалавечага патэнцыялу і яго прымнажэнне — гэта задача любой дзяржавы. Мы пазначаем пэўны ўзровень, які мы хочам дасягнуць праз 5 гадоў. Пытанні дэмаграфіі, працягласці жыцця, укладанні ў будаўніцтва бальніц, паліклінік... Гэта ўсё закладзена ў праграме.

Дэлегат УНС, дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей АПЁНАК:

— Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця, якую нам неабходна будзе зацвердзіць на Усебеларускім народным сходзе, вызначаны ключавыя прыярытэты, накіраваныя на дэмаграфічную бяспеку, якасную адукацыю, стварэнне неабходных умоў для жыцця людзей, умацаванне абараназдольнасці дзяржавы, рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу. Усе пункты праграмы падзелены па тэмах, але звязаны ў адзінае цэлае. Рэалізацыя аднаго мерапрыемства закранае і рэалізацыю астатніх. Але лічу, што праграма будзе выканана пры ўмове ўсеагульнай зацікаўленасці, бо ў аснову закладзены шэраг момантаў, рэалізацыя якіх без людзей усіх прафесій немагчыма. Адзін з важных прыярытэтаў — моцныя рэгіёны. І для гэтага трэба шмат зрабіць у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. І я, як кіраўнік вытворчага прадпрыемства, мэты будучай пяцігодкі праецырую ў першую чаргу на калектыў, які ўзначальваю. Мы прыкладзём усе намаганні для выканання паказчыкаў і задач новага пяцігоддзя.

Дэлегат УНС, дырэктар УП «Кобрынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм» Васіль ПІЎЧЫК:

— Для мяне вялікі гонар браць удзел у УНС, на другім пасяджэнні якога будзе разгледжана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку. Гэта вынік вялікай работы, бо яна ўключае ў сябе прапановы дэлегатаў і меркаванні жыхароў, якія прагучалі на сустрэчах у рамках дыялогавых пляцовак.

У Брэсцкай вобласці пастаўлены сур’ёзныя задачы: аб’ём прыцягнутых інвестыцый з пачатку пяцігодкі павінен скласці больш за 2 млрд рублёў, і гэта амаль у два разы больш, чым за папярэдні пяцігадовы перыяд.

Не менш амбіцыйныя задачы стаяць і перад родным Кобрынскім раёнам. Тут трэба завяршыць рэалізацыю інвестпраектаў на такіх прадпрыемствах, як ААТ «САЛЕО-Кобрын», ААТ «Кобрынскі інструментальны завод «СІТАМА», у філіяле ААТ «Берасцейскі пекар» Кобрынскім хлебазаводзе. У 2027 годзе таксама плануецца будаўніцтва харчаблока Батчынскай сярэдняй школы, а ў 2028-2029 гг. — будаўніцтва сярэдняй школы ў Кобрыне.

Асаблівае месца ў праграме займае развіццё сельскай гаспадаркі. Стаіць задача павышэння патэнцыялу сельскагаспадарчых зямель шляхам аднаўлення спажывецкіх якасцяў меліярацыйных сістэм, якія былі страчаны за працяглы перыяд эксплуатацыі, і ўцягнення меліяраваных зямель у сельскагаспадарчы абарот. Мы разам са сваім калектывам абавязкова прыкладзём усе намаганні для выканання даведзеных паказчыкаў новай пяцігодкі.

Дэлегат УНС, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 імя Л. Ф. Камароўскага г. Чэрвеня Віктар КАЗАЧОНАК:

— Наўрад ці сёння ў нашай краіне знойдзецца чалавек, які не хацеў бы даведацца пра сваю будучыню, што з ім будзе праз пяць або дзесяць гадоў, пра дабрабыт, умовы працы, як і кім вырастуць яго дзеці, якія будуць перспектывы. Вывучыўшы праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады, магу з упэўненасцю сказаць, што ў ім прапрацаваны ўсе аспекты, каб жыццё нашых грамадзян стала яшчэ лепшым. Закрануты ўсе пытанні — ад дэмаграфічнага становішча ў краіне, адукацыі, аховы здароўя, стану дарог і жылля да лічбавізацыі і абараназдольнасці. Хочацца адзначыць, што ні адна праграма не будзе рэалізавана без удзелу чалавека, ні адзін штучны інтэлект і робататэхніка не змогуць гэта зрабіць. Толькі дзякуючы мудраму кіраўніцтву, а таксама адказнасці кожнага грамадзяніна можна вырашаць любыя задачы.

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю