міф 1. «Пра натуральнасць прадуктаў сведчаць спецыяльныя маркіроўкі, напрыклад, «ЭКА» і «БІЯ»
Дзяржстандартам на працягу 17 гадоў прымаюцца меры для павышэння прэстыжу харчовай прадукцыі, што вырабляецца ў Беларусі. Напрыклад, на гандлёвых прылаўках краіны можна сустрэць тавары са знакам «Натуральны прадукт». Спецыялісты адзначаюць: каб атрымаць такую маркіроўку, прадукцыя павінна адпавядаць розным патрабаванням, устаноўленым у спецыяльным тэхнічным кодэксе. Прадукты павінны быць выраблены не менш чым на 95 % з натуральнай харчовай сыравіны жывёльнага, расліннага ці мінеральнага паходжання, без ужывання метадаў геннай інжынерыі, харчовых дабавак, араматызатараў, нанатэхналогій, іанізуючага выпраменьвання для апрацоўкі харчовай прадукцыі. Удзел вытворцаў у гэтым праекце — добраахвотны.
Наносіць знак «Натуральны прадукт» цяпер могуць 35 айчынных прадпрыемстваў, якія вырабляюць малочную, мясную, сокавую прадукцыю, мінеральную ваду. Таксама праводзіцца добраахвотная сертыфікацыя арганічнай прадукцыі з прымяненнем знака «Арганічны прадукт». Патрабаванні ў гэтым выпадку прад’яўляюцца не толькі да гатовай прадукцыі, але і да працэсаў яе вытворчасці, а таксама сыравіны. Цяпер у рэестр унесена прадукцыя пяці беларускіх вытворцаў — у асноўным сельскагаспадарчых культур.
А вось маркіроўкі «ЭКА» і «БІЯ» ў Беларусі заканадаўствам не ўстаноўлены.
міф 2. «Імпартнае — значыць якаснае»
Яшчэ адзін распаўсюджаны міф, які далёка не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Беларускія вытворцы пастаянна працуюць над паляпшэннем сваёй прадукцыі, укараняюць сучасныя тэхналогіі і выконваюць міжнародныя патрабаванні якасці. Той факт, што нашы тавары экспартуюцца ў 160 краін, гаворыць сам за сябе.
Аснову бяспекі і якасці ў Беларусі складаюць стандарты. Больш за 60 % з іх гарманізаваны з міжнароднымі. Дарэчы, сістэмная работа ў гэтым кірунку працягваецца — да 2030 года Дзяржстандарт плануе давесці ўзровень гарманізацыі дзяржаўных стандартаў да 85 %.
міф 3. «Высокая цана гарантуе лепшыя ўласцівасці тавару»
Наогул, яна складаецца са шматлікіх фактараў, уключаючы сыравіну, брэнд і запыты мэтавай аўдыторыі. Як адзначаюць у Дзяржстандарце, аднолькава якаснымі могуць быць і ліверная каўбаса, і хамон, але яны маюць розную цану і, адпаведна, рознага спажыўца з рознымі запытамі і густамі. Калі ж цана здаецца надта нізкай для таго ці іншага сегмента прадукцыі, гэта, вядома, павінна насцярожыць. Не выключана, што такі тавар можа не апраўдаць чаканняў. Таму да пакупак заўсёды трэба падыходзіць свядома, спачатку вывучыўшы характарыстыкі тавару, водгукі, інфармацыю пра вытворцу.
міф 4. «У СССР якасць прадуктаў была вышэйшая»
Некаторыя з настальгіяй успамінаюць савецкую якасць, асабліва калі гаворка заходзіць пра малако і марожанае. Ражкі з шакаладнай глазурай, эскімо, вафельныя стаканчыкі з крэмавымі ружачкамі, сметанковае, пламбір, фруктова-ягаднае... Любімы многімі смак атрымлівалі дзякуючы строгай адпаведнасці ДАСТам, якія насілі абавязковы характар. На абгортках нават быў надпіс: «Невыкананне стандарту праследуецца па законе». Марожанае, напрыклад, павінна было змяшчаць толькі натуральныя прадукты, што, у сваю чаргу, не дазваляла захоўваць яго доўга.
Цяпер такой праблемы ўжо не існуе — тэрмін прыдатнасці сучаснага марожанага можа даходзіць да аднаго года. Але стандарты якасці існуюць і шырока прымяняюцца і сёння.
У наш час на любімы летні ласунак, расказалі ў Дзяржстандарце, распаўсюджваецца тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі». Ён жа вызначае і характарыстыку кожнага наймення «малочкі». Улічваюцца і сыравіна, і тэхналогія вырабу, і састаўныя часткі малака. Так, прадукты дзеляцца на катэгорыі: «малочны прадукт», «малочны састаўны прадукт» і «малаказмяшчальны прадукт з заменнікам малочнага тлушчу». У першых двух тлушчы немалочнага паходжання не дапускаюцца, а пры наяўнасці заменніка малочнага тлушчу да 50 % прадукт пераходзіць у трэцюю катэгорыю. Не менш на яго смакавыя якасці ўплывае таксама наяўнасць і разнастайнасць смакавых дабавак.
міф 5. «Адпаведнасць ДАСТу ў Беларусі — абавязковая»
На самай справе, пачынаючы з 2004 года, улічваючы міжнародныя тэндэнцыі і вопыт прамыслова развітых краін у галіне стандартызацыі, Рэспубліка Беларусь перайшла на прынцып добраахвотнага характару прымянення стандартаў. Прычым ён рэалізаваны не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсіх краінах — гандлёвых партнёрах. Усё для таго, каб не стрымліваць развіццё інавацый, залішне не рэгламентаваць вытворцаў прадукцыі і не абмяжоўваць гандаль.
Аднак выпадкі, у якіх ужыванне ДАСТу альбо СТБ (стандарт Беларусі) становіцца абавязковым, існуюць. Напрыклад, калі вытворца ў добраахвотным парадку заявіў аб выкананні стандарту, указаўшы яго абазначэнне ў маркіроўцы сваёй прадукцыі, дакументацыі, дагаворы на пастаўку. Відавочна, спажыўцы больш давяраюць прадукцыі, вырабленай па дзяржаўных стандартах, бо яны ўстанаўліваюць высокія патрабаванні да бяспекі і якасці. Гэта і стымулюе вытворцаў іх прымяняць — напрыклад, каля 94 % прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам» выпускаецца менавіта па дзяржаўных стандартах.
міф 6. Існуе «чорны спіс» вытворцаў няякаснай прадукцыі
Такога спісу ў нашай краіне няма.
Аднак, пачынаючы з 2020 года, у складзе інтэрнэт-партала «Качество.бел» у мэтах аператыўнага інфармавання спажыўцоў, вытворцаў і пастаўшчыкоў функцыянуе інфармацыйная сістэма «Небяспечная прадукцыя». Яна змяшчае рэестры тавараў, забароненых Дзяржстандартам да ўвозу і абарачэння, а таксама даныя аб спыненых сертыфікатах на тэрыторыі нашай краіны. Па словах экспертаў, рэсурс дакладны, працуе ў анлайн-фармаце, а таму шырока запатрабаваны. З яго дапамогай атрымаць інфармацыю аб прадукцыі ў рэжыме рэальнага часу можа кожны. Даныя таксама публікуюцца ў афіцыйным тэлеграм-канале Дзяржстандарта «Бяспека і якасць».
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД