Top.Mail.Ru
0

Над чым працуюць беларускія мікрабіёлагі?

Цуда-прэпараты для раслін, харчовыя дабаўкі і лекі

Вучоныя Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук распрацоўваюць біялагічныя прэпараты для раслінаводства і іншых галін сельскай гаспадаркі, а таксама аховы навакольнага асяроддзя, харчовай прамысловасці і медыцыны, у тым ліку для выпуску прэпаратаў супраць анказахворванняў. Пра эфектыўнасць распрацовак сведчаць лічбы. Сёлета, напрыклад, прайшлі выпрабаванні мікробных угнаенняў, якія дазволілі павысіць ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур да 15 %, а траў — да 30 %. Зацікаўлены ў беларускіх даследаваннях і замежныя партнёры — штогод экспарт расце, і сёлета колькасць экспартаваных прэпаратаў павялічылася на 20 %.

Разумныя ўгнаенні

Навукоўцы інстытута займаюцца пытаннямі стварэння і ўкаранення мікробных біятэхналогій ужо больш за паўстагоддзя. І з пачатку заснавання распрацоўкі цесна інтэграваны ў рэальны сектар эканомікі.

— Асноўны кірунак дзейнасці інстытута заключаецца ў вывучэнні мікраарганізмаў і прымяненні гэтых ведаў для вырашэння народнагаспадарчых задач, у тым ліку за кошт змянення геному мікраарганізмаў, адпрацоўкі біятэхналогій і іх культывавання, селекцыі мікраарганізмаў. Немалаважная задача — падтрыманне калекцыі мікраарганізмаў, якая сабрана на базе нашага інстытута і прызнана нашым здабыткам, — расказвае дырэктар інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Аляксандр ШЭПШАЛЕЎ.

  • Супрацоўнікі інстытута штогод праводзяць даследаванні, вынікам якіх з’яўляецца стварэнне 2–4 распрацовак біялагічных прэпаратаў, якія ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі. У прыватнасці, сёлета завершана работа над прэпаратам «ЦудаМік», які выкарыстоўваецца для павышэння ўраджайнасці цукровых буракоў. Ён прайшоў комплексныя выпрабаванні ў спецыялізаваных гаспадарках, зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку і ўжо даступны для выкарыстання ў сельскагаспадарчых арганізацыях.

Важным кірункам з’яўляюцца работы ў галіне кормавытворчасці. Вучоныя інстытута вядуць навуковыя даследаванні ў гэтай сферы больш як 30 гадоў, а іх вынікам з’яўляецца цэлая лінейка прэпаратаў. У прыватнасці, серыя прэпаратаў «Лаксіл», якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі сіласу і выпускаюцца як у вадкай, так і ў сухой форме. Сёлета была створана яго ўдасканаленая версія — «Лаксіл МС-2» — для траў, якія цяжка сіласуюцца, у прыватнасці бабовыя культуры. Прэпарат прайшоў неабходныя выпрабаванні ў профільных сельскагаспадарчых арганізацыях і зарэгістраваны.

Сёлета былі праведзены маштабныя выпрабаванні мікробных угнаенняў у шэрагу гаспадарак Беларусі — на плошчы больш чым 12 тысяч гектараў. Гэта як доследныя станцыі Акадэміі навук у рэгіёнах, так і сельскагаспадарчыя арганізацыі. І, нягледзячы на сёлетняе нетыповае надвор’е з познімі замаразкамі і ваганнямі тэмпературы, атрыманы сярэдні прырост ураджайнасці ад 5 да 15 % збожжавых і зернебабовых культур, а па травах — увогуле каля 30 %. Гэта сведчыць аб тым, што прымяненне мікробных угнаенняў у раслінаводстве дастаткова эфектыўнае і спрыяе лепшай рэалізацыі генетычнага патэнцыялу насення.

Штамы для... пірожных

Работы ў інстытуце нацэлены і на харчовую прамысловасць — тут працуюць над імпартазамяшчэннем харчовых дабавак. У тым ліку сумесна з навукова-практычным цэнтрам па харчаванні і профільнымі арганізацыямі харчовага профілю. У прыватнасці, на сёння вучоныя стварылі прататып штаму мікраарганізмаў, які дазваляе атрымаць інвертазу — ферментны прэпарат, што выкарыстоўваецца ў кандытарскай галіне для захавання якасці кандытарскіх вырабаў, іх гарантаваных смакавых і спажывецкіх уласцівасцяў. Сёння гэты прэпарат праходзіць выпрабаванні і ў хуткім часе выйдзе на рынак.

Працуюць навукоўцы і над штамамі-прадуцэнтамі, якія дазваляюць вырабляць такія ферменты, як інвертаза. Адзін з іх — кераціназа, які выкарыстоўваецца ў касметалогіі, акрамя таго, у перапрацоўцы пёраў птушкі ў кармавую муку або як кампанент кармавых дабавак, каб павысіць засваяльнасць прадуктаў. Пакуль ён цалкам імпартны, аднак распрацоўкі навукоўцаў дапамогуць выпускаць яго ў Беларусі. Ёсць напрацоўкі і па больш поўным засваенні і павышэнні кармавой каштоўнасці другасных рэсурсаў вытворчасці, напрыклад, соевай і рапсавай макухі. Ёсць мікраарганізмы, якія істотна павышаюць іх засваяльнасць і кармавую каштоўнасць, больш за тое, павышаюць утрыманне бялку да 15–20 %, што вельмі важна для вырашэння пытання па кармавой базе для жывёлагадоўчай галіны краіны.

Бактэрыі на варце здароўя

У лабараторыі малекулярных бія- і нанатэхналогій ствараюцца інавацыйныя высокапрадукцыйныя штамы мэтавых кампанентаў для розных галін. У прыватнасці, гэта ферменты, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне для хіміка-ферментатыўнага сінтэзу розных лекавых сродкаў, у тым ліку для лячэння анказахворванняў. Гэтая сумесная работа з інстытутам біяарганічнай хіміі. Таксама вядуцца навуковыя даследаванні, якія спрыяюць новым падыходам у лячэнні анказахворванняў. Над гэтым працуе асобная лабараторыя. Тут ствараюць прэпараты, якія руйнуюць адэназінавае воблака. Менавіта яно абараняе і «хавае» ракавыя клеткі ад уздзеяння імунных клетак. Шукаюць навукоўцы і новыя падыходы ў стварэнні розных злучэнняў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы.

Ёсць і прыклады інтэграцыйных праектаў, дзе беларускія мікрабіёлагі працуюць сумесна з калегамі з краін ЕАЭС. У прыватнасці, гэта падрыхтоўка праграмы «Мікробныя біятэхналогіі. Мікробныя прэпараты» па стварэнні айчынных кансорцыумаў і штамаў. Праграма накіравана на вырашэнне задач тэхналагічнага суверэнітэту ў харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ахове навакольнага асяроддзя. Цяпер інстытут экспартуе прэпараты, якія выпускаюцца на доследна-вытворчым участку. Аб’ёмы экспарту сёлета выраслі на 20 % у параўнанні з мінулым годам, а выручка склала 300 тысяч долараў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю