Top.Mail.Ru
0

МАРГ распачаў новы праект — «Кожная пятніца — роднае, сваё!»

Выбіраем беларускае

Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алег ДЗІКУН патлумачыў: з дапамогай такога праекта арганізатары хочуць паказаць, што ў Беларусі з’яўляецца шмат якасных прадуктаў і тавараў, а вытворцы імкнуцца ствараць трэнды. 

У міністэрстве лічаць, што гэта больш, чым проста ідэя, — гэта выбар кожнага з нас, што ўмацоўвае нашу краіну і культуру.

«Гэты праект не пра долю беларускіх тавараў, а пра душу. Ён пра добрае, душэўнае, цёплае», — заявіў прадстаўнік МАРГ. Да акцыі можа далучыцца любы вытворца, суб’ект гандлю або аказання паслуг — фармат вольны. 

Арганізацыям, якія жадаюць падтрымаць праект, неабходна зайсці на сайт міністэрства, выбраць адпаведны банер, запоўніць форму. У праекце могуць браць удзел усе: ад крам да пакупнікоў, кафэ і рэстаранаў. Вітаецца любы фармат: ад нацыянальных страў у меню да нейкіх элементаў у інтэр’еры. На сайце міністэрства ёсць банер і спецыяльная форма для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. У ведамстве падкрэслілі, што «тут няма абмежаванняў, забарон, рамак, кожны суб’ект сам прымае рашэнне, як ён можа паўдзельнічаць у акцыі». Па сутнасці, гэта працяг работы па папулярызацыі беларускай прадукцыі.

Алег Дзікун заявіў, што з красавіка дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне павышэння эфектыўнасці продажаў тавараў айчыннай вытворчасці, да якога ўжо далучылася больш за 800 кампаній краіны. «Заклікаем удзельнічаць у гэтай акцыі ўсе нашы суб’екты гандлю, усе суб’екты грамадскага харчавання, паказаць, што беларускае — самае якаснае, самае добрае. Гэта яшчэ адна дадатковая магчымасць убачыць тое, што робяць вытворцы, — лічыць намеснік міністра. — Са свайго боку мы будзем каардынаваць праект, максімальна асвятляць яго». Часавага абмежавання ў праекта няма — ён працягнецца, пакуль будзе запатрабаваны.

Звычайныя жыхары краіны таксама могуць далучыцца да акцыі праз форму на сайце, а таксама калі па пятніцах пачнуць дзяліцца знаходкамі беларускіх тавараў у сацыяльных сетках, гатаваць нацыянальныя стравы, слухаць айчынную музыку і размаўляць на беларускай мове. Для гэтага прапануюцца спецыяльныя хэштэгі #ДеньРодногоСвоего і #ДзеньРоднагаСвайго.

Па словах начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства анты-манапольнага рэгулявання і гандлю Іны ГАЎРЫЛЬЧЫК, праект дапаможа прыцягнуць увагу да беларускага ў розных сферах: ад музыкі да стылю адзення. 

Яна ўдакладніла, што гаворка ў тым ліку ідзе аб сацыяльнай рэкламе. «Як правіла, мы накіроўваем заяўку на размяшчэнне сацыяльнай рэкламы, якая можа размяшчацца ў гандлёвых аб’ектах рознымі спосабамі: на відэаэкранах, супрацькрадзежных стойках, скрынях захоўвання, на паліцах. Мы ўжо накіравалі лісты ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам для аказання садзейнічання ў размяшчэнні такой рэкламы», — дадала Іна Гаўрыльчык.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю