Па інфармацыі МУС, ахвярамі зламыснікаў на сайтах і іншых сэрвісах для знаёмстваў звычайна становяцца жанчыны сярэдняга ўзросту. Тыя, у каго за плячыма ўжо маецца жыццёвы досвед, нярэдка — няўдалыя адносіны. А галоўнае — глыбокая, нявыказаная патрэба быць пачутай і каханай. І злачынцы, ведаючы гэта, па-майстэрску запаўняюць іх душэўную пустату.
Аслепленыя пачуццямі
У гэтым махлярам дапамагае старанна створаны вобраз, напрыклад, паспяховага, багатага замежніка. Новы знаёмы абавязкова ўважлівы, красамоўны, здаецца, шчыры. Часам нават занадта: давярае каханай не толькі мары і погляды на іх сумесную будучыню, але і адкрывае ёй сакрэты свайго заробку. Такія адносіны, у тым ліку і галасавыя паведамленні, і відэазванкі, могуць доўжыцца на працягу некалькіх месяцаў. «У нейкі момант зламыснік паведамляе, што жанчыне адпраўлена каштоўная пасылка або зроблены грашовы перавод, — расказвае Аляксандр РЫНГЕВІЧ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС. — Але для яго атрымання трэба аплаціць, здавалася б, нязначны збор — мытны, падатковы або камісію банка. Ключавое слова — «нязначны», каб не спалохаць патэнцыяльную ахвяру. Жанчына плаціць, а потым з’яўляюцца «праблемы» з дастаўкай, патрабуюцца новыя ўнёскі, у справу ўступаюць «пасрэднікі».
На такую схему трапіла 33-гадовая мінчанка. Жыхарка Першамайскага раёна пазнаёмілася ў інтэрнэце з мужчынам, які назваўся паспяховым прадпрымальнікам. Залётнік прапанаваў ёй зарабляць на інвестыцыях, для чаго, паводле яго слоў, проста неабходна было размясціць свае сродкі на спецыялізаванай платформе. Прытрымліваючыся ўказанняў ашуканца, жанчына зарэгістравалася і пачала здзяйсняць першыя аперацыі. Паверыць у поспех дапамог пастаянны прырост фінансаў, што раз-пораз адлюстроўваўся на экране. Неўзабаве ад платформы паступіла асабліва выгадная прапанова набыць акцыі, і мінчанка вырашыла не ўпускаць магчымасць. Каб зрабіць укладанне, жанчына нават узяла крэдыт у банку. Пазней, жадаючы вывесці заробленыя грошы, аплаціла «камісію» — і прадстаўнік біржы і паспяховы прадпрымальнік перасталі выходзіць на сувязь. Замест чаканага даходу жанчына страціла больш за 43 тысячы рублёў.
Моцны пол — не выключэнне
А на якія ашуканскія схемы часцей за ўсё трапляюць мужчыны? Звычайна такая схема, па словах Аляксандра Рынгевіча, выглядае наступным чынам: знаёмства з мілай дзяўчынай, затым жвавая перапіска, падчас якой паступае прапанова сустрэцца — схадзіць у кіно ці выпіць па келіху ў новым бары. Прычым дзяўчына сама праяўляе ініцыятыву, скідваючы спасылку на інтэрнэт-рэсурс, дзе можна забраніраваць столік або купіць білеты. На справе ж — ні на бар, ні на кінатэатр гэтыя спасылкі не вядуць. Пад выглядам рэальных сайтаў аферысты хаваюць фішынгавыя старонкі, здольныя вывудзіць у любога чалавека, які зайшоў на іх, даныя банкаўскай карткі. Пасля ўводу рэквізітаў рахунак абнуляецца за секунды, а спатканне абарочваецца пустым кашальком, нават не адбыўшыся ў рэальнасці.
Яшчэ адзін варыянт развіцця гісторыі — шантаж і пагрозы. Адбываецца падобнае ў выпадку, калі адносіны ў сацсетках становяцца ўжо занадта інтымныя. Маладыя людзі, пачынаючы такую перапіску і нават дамаўляю-
чыся з дзяўчатамі аб сустрэчы, часам і не падазраюць, з якой мэтай злачынцам патрабуецца абмен фатаграфіямі. Напрыклад, адзін мінчанін, ужо збіраючыся на спатканне, атрымаў званок з пагрозамі. Незнаёмцы, якія назваліся сябрамі яго суразмоўцы, запатрабавалі пералічыць ім каля 1000 рублёў, а ў выпадку адмовы — паабяцалі распаўсюдзіць інтымныя фатаграфіі мужчыны ў інтэрнэце. Той пералічыў грошы, аднак зламыснікі працягнулі пагрозы і запатрабавалі больш. Толькі тады ахвяра звярнулася ў міліцыю.
«Прынц» не прыедзе
У час, калі ашуканцы выдатна асвоілі штучны інтэлект, правяраць трэба не толькі пачуцці. «Варта разумець, што тэхналогіі дазваляюць зрабіць вельмі якасныя дыпфэйкі, адпраўляць відэа- і аўдыёпаведамленні з пэўнымі голасам і тварам, — папярэджвае Аляксандр Рынгевіч. — Нават у працэсе відэазванка падрабіць асобу больш не выклікае асаблівай цяжкасці».
І часам абсурднасць сітуацый, якія складваюцца з-за гэтага, зашкальвае. Так, у жніўні гэтага года 50-гадовая мінчанка пазнаёмілася з «карэйскім акцёрам», які пасля непрацяглых адносін вырашыў «падарыць» каханай 20 мільёнаў долараў і аўтамабіль. Зрэшты, было адно «але»: за дарагую пасылку трэба было заплаціць «мытны збор». Сума ў параўнанні з «падарункам» нязначная — дзве тысячы долараў. Калі ахвяра паведаміла, што такіх грошай не мае, яе ўгаварылі ў кошт аплаты мытнага збору набыць замежныя падарункавыя карты. Легальнасць таго, што адбываецца, жанчыне нават пацвердзілі ў месенджары «Дональд Трамп» і «Ілан Маск». Толькі пасля пераводу каля трох тысяч рублёў і чарговага патрабавання грошай мінчанка зразумела, што трапіла на аферыстаў.
«Такія гісторыі — не масавыя, гэта дзясяткі выпадкаў на фоне тысяч іншых кіберзлачынстваў, — удакладняе Аляксандр Рынгевіч. — Але шкода, як правіла, вельмі сур’ёзная, таму што ўсё расцягнута ў часе, і ахвяра паспявае аддаць злачынцам нямала сваіх фінансавых сродкаў». І справа ж не толькі ў грошах. Гэта каласальны псіхалагічны ўдар, пачуццё прыніжэння, разбураная вера ў людзей".
Выснова з усіх гэтых гісторый адна — нельга верыць словам інтэрнэт-знаёмых. Любыя, нават самыя душэўныя адносіны ў сеціве патрабуюць пераправеркі ў рэальнай прасторы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц