Top.Mail.Ru

На выхадныя — да мінус 9 °С

І зноў снег з дажджом

Снежань у нас сёлета такі, што аматары ціхага палявання без здабычы з лесу не вяртаюцца. Кажуць, грыбоў — горы. Але ўсё ж такі не варта забываць, што на дварэ зіма, таму нас чакаюць маразы, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, днём у паўночна-ўсходніх раёнах з мокрым снегам. Да вечара па паўночным усходзе краіны на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер заходні, паўночна-заходні ўмераны, днём па паўночна-ўсходняй палове парывісты, месцамі моцны. Тэмпература паветра на працягу сутак ад плюс 3 да плюс 9 °С.

Істотна зменіцца тэмпературны рэжым у суботу. У гэтыя суткі ноччу адаб’ецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту, услед за якім чакаецца ўварванне арктычных паветраных мас з поўначы Еўропы. Ноччу месцамі па краіне, днём у асобных раёнах па захадзе пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Па захадзе краіны месцамі будуць утварацца слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер ноччу паўночны ўмераны, па ўсходзе парывісты, месцамі моцны парывісты; днём няўстойлівы ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 9 да мінус 2 °С, а днём ад мінус 7 да нуля °С. У гэты дзень у заходніх і паўднёвых раёнах ноччу ад мінус 1 да плюс 4 °С, днём месцамі да плюс 6 °С.

У нядзелю наша краіна апынецца пад уплывам кантрасных франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца з боку Балтыйскага мора. Хмарна. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі чакаецца галалёд, на дарогах галалёдзіца, ноччу і раніцай наліпанне мокрага снегу. Вецер пераменных напрамкаў умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 8 да мінус 2 °С, у заходніх раёнах мінус 1 — плюс 4 °С, а днём — ад мінус 5 °С па паўночным усходзе да плюс 6 °С па паўднёвым захадзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю