«Аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў». Прапанаваныя дакументам новаўвядзенні заключаны ў спрашчэнні працэдуры спагнання аліментаў на непаўналетніх дзяцей сярод грамадзян краін — падпісантаў Канвенцыі аб прававой дапамозе ў крымінальных сямейных і адміністрацыйных справах. Дарэчы, аліменты можна будзе спагнаць не толькі па рашэнні суда пасля паўнацэннага разбору, але і на падставе судовага загаду — без выкліку бакоў у пасяджэнне, растлумачыў член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Андрэй АНІСІМАЎ. Таму, хто спаганяе аліменты, больш не давядзецца асабіста ехаць у іншую краіну для падачы заявы — дастаткова накіраваць дакументы для яго афармлення. Гэта асабліва актуальна, калі ён, напрыклад, пражывае ў Беларусі, а даўжнік — на тэрыторыі Расіі.

«Аб ратыфікацыі Канвенцыі аб заснаванні Міжнароднай арганізацыі па медыяцыі». Медыяцыя як спосаб вырашэння канфліктаў усё больш актыўна набірае папулярнасць у свеце, і наша краіна не выключэнне. У Беларусі дзейнічае каля 1400 атэставаных медыятараў — як юрыстаў, так і прадстаўнікоў іншых прафесій, галоўная задача якіх — дапамагчы бакам дамовіцца, знайсці ўзаемапрымальны варыянт без абавязковага прыцягнення дзяржаўных структур. Штогод у краіне заключаецца каля 1500 медыятыўных пагадненняў, прычым гэты спосаб урэгулявання канфліктаў запатрабаваны як у бізнес-асяроддзі, так і, напрыклад, у сямейных спрэчках.
Канвенцыя заклікана паспрыяць вырашэнню канфліктаў самага рознага ўзроўню: паміж дзяржавамі, дзяржавай і прыватнай асобай, а таксама паміж камерцыйнымі кампаніямі. Як растлумачыў міністр юстыцыі Яўген КАВАЛЕНКА, ініцыятыва стварэння адпаведнай міжнароднай арганізацыі належыць Кітаю, а Беларусь увайшла ў лік краін-заснавальніц. «Мы аднымі з першых далучыліся да гэтай работы, актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы міжнароднага дагавора і былі аднымі з першых падпісантаў», — падкрэсліў міністр юстыцыі. На дадзены момант канвенцыю падпісалі ўжо больш за 30 дзяржаў, з якіх каля дзесяці завяршылі яе ратыфікацыю.

«Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб энергазберажэнні». Законапраект, прыняты ў другім чытанні, як растлумачыў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Антон КАРАНКЕВІЧ, уводзіць адзіныя правілы для ўсіх юрыдычных асоб, устараняючы існуючую раней няроўнасць паміж дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі. Раней для апошніх неабходна было толькі ўстанавіць нарматывы, калі для дзяржаўных арганізацый патрабавалася іх яшчэ і ўзгадніць. Цяпер падыход стане адзіным — устанаўленнем норм для ўсіх зоймецца Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта.
Яшчэ адна змена датычыцца экспертнай ацэнкі — законапраект ліквідуе асобную экспертызу энергаэфектыўнасці аб’ектаў, аб’ядноўваючы яе з экспертызай горадабудаўнічых аб’ектаў. Гэта дасць магчымасць значна скараціць яе тэрміны і знізіць спадарожныя затраты.
«Аб змяненні законаў па пытаннях пенсіённага забеспячэння». Сёння ў Беларусі на змяненне заканадаўства ў сферы працы і занятасці насельніцтва апроч іншых існуюць два запыты. Першы — ад работадаўцаў, якія адчуваюць патрэбу ў работніках розных узростаў, другі — ад насельніцтва. Беларусы сталі даўжэй заставацца актыўнымі на рынку працы і імкнуцца весці звыклы актыўны лад жыцця, нягледзячы на ўзрост. Гэты факт адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА, прадставіўшы на разгляд законапраект, які карэкціруе пенсіённае заканадаўства.

Ініцыятыва накіравана на зняцце абмежаванняў для працуючых пенсіянераў, у першую чаргу — дзяржаўных служачых. Раней дзяржслужачаму, які дасягнуў агульнага пенсіённага ўзросту, пенсія выплачвалася толькі пры поўным спыненні работы, нагадала Наталля Паўлючэнка. Прычым пакінуць трэба было не толькі службу ў дзяржорганах, але і любую іншую занятасць, з-за чаго многія яшчэ здольныя працаваць спецыялісты вымушаны былі рабіць выбар. Пасля ўнясення змяненняў выплата пенсіі за выслугу гадоў у сувязі з работай будзе прыпыняцца да дасягнення пенсіянерам агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, а пасля яго дасягнення — выплачвацца ў поўным аб’ёме незалежна ад факта работы.
«Аб змяненні законаў па пытаннях індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці». У другім чытанні быў адобраны законапраект, які ўдакладняе прававое становішча індывідуальных прадпрымальнікаў. Да таго ж, ён прыводзіць тэрміналогію ў адпаведнасць з нядаўнімі зменамі ў заканадаўстве, канкрэтызуе шэраг паняццяў, а таксама вызначае сферы дзейнасці, даступныя індывідуальным прадпрымальнікам і самазанятым. Прапанаваныя папраўкі павінны адрэгуляваць і парадак звароту прадпрымальнікаў у суды, а таксама іх узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: БЕЛТА