Так склалася, што на Воранаўшчыне няма прамысловых прадпрыемстваў. За выключэннем сельгастэхнікі, дзе наладжана вытворчасць прычэпаў, вядомых не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Гэта цалкам аграрны раён, які славіцца высокімі ўраджаямі. Бягучы год выпрабоўваў на прафпрыдатнасць і стойкасць нават вопытных аграрыяў. Аднак гэта не перашкодзіла заняць чацвёртае месца ў вобласці па валавым зборы збожжа, стаць другімі па вырошчванні і валавым зборы цукровых буракоў. Як і належыць прыгранічнаму раёну, Воранаўшчына заўжды ў добрай форме. Дадаць прыгажосці населеным пунктам дазволілі мерапрыемствы, рэалізаваныя ў Год добраўпарадкавання.
За кошт чаго прыгажэе і эканамічна мацнее раён, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Воранаўскага райвыканкама Васіль ШЛЫК.
— Васіль Мікалаевіч, як Воранаўскі раён завяршыў сельскагаспадарчы год?
— Нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, атрыманы нядрэнныя вынікі ў галіне раслінаводства. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур без кукурузы ў першапачатковай вазе склаў 110,4 тысячы тон, што на 8,5 % вышэй за ўзровень мінулага года. Ураджайнасць збожжавых культур павялічылася з 48,7 ц/га ў 2024-м да 53,2 ц/га сёлета. Дастойныя вынікі далі бураковыя палеткі: сабралі 260,5 тысячы тон, што на 20,5 % больш, чым летась. Атрымана 8,6 тысячы тон бульбы. З года ў год расце вытворчасць кармоў. Свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны ўносяць і работнікі жывёлагадоўчай галіны. Валавы надой малака склаў 83,6 тысячы тон і павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам на 1,2 %. Мяса выраблена ў аб’ёме 11,1 тысячы тон, пры сярэднясутачным прыбаўленні вагі буйной рагатай жывёлы ў 752 грамы, свіней —
714 грамаў. Прымаюцца дзейсныя меры па вырашэнні асноўнай праблемы жывёлагадоўчай галіны — скарачэнні падзяжу буйной рагатай жывёлы. Сёлета за 10 месяцаў падзеж знізіўся на 166 галоў. Праводзіцца мэтанакіраваная работа па закупцы маладняку буйной рагатай жывёлы. У планах прадпрыемстваў раёна — перасягнуць узровень мінулага года па аб’ёмах вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
— Які практычны эфект чакаецца ад рэалізацыі ініцыятыў, ажыццёўленых у кантэксце праграмы «Адзін раён — адзін праект»?
— Па гэтай праграме ў раёне рэалізоўваюцца два інвестыцыйныя праекты. Па-першае, ажыццяўляецца рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў, інжынернай і транспартнай інфраструктуры з узвядзеннем
транспартна-лагістычнага цэнтра «Беняконі-Белмытсэрвіс» па аказанні паслуг па складзіраванні і дапаможнай транспартнай дзейнасці. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дазволіць удасканаліць інфраструктуру прыгранічнай тэрыторыі раёна, развіць новыя віды аказання паслуг у сферы тэрмінальнай апрацоўкі тавараў і транспартнай лагістыкі, вырашыць праблему чэргаў грузавых аўтамабіляў шляхам іх арганізаванага размяшчэння на стаянках ТЛЦ, стварыць новыя працоўныя месцы (не менш за 20) з заработнай платай на ўзроўні сярэдняй па рэспубліцы. Па-другое, узводзіцца пляцоўка для размяшчэння лініі сартавання цвёрдых камунальных адходаў на 5 тысяч тон у год, што забяспечыць комплексную перапрацоўку адходаў, павысіць экалагічную бяспеку насельніцтва.
— Якія праекты ажыццявілі ў Год добраўпарадкавання?
— У мерапрыемствах па навядзенні парадку на зямлі былі задзейнічаны прадпрыемствы ўсіх форм уласнасці, жыхары раёна. У прыватнасці, праведзены санітарная высечка драўняна-хмызняковай расліннасці каля дарог, санітарная высечка і прыборка ў лясным фондзе. У сельскіх населеных пунктах заменены трухлявыя платы, ліквідаваны стыхійныя звалкі, спілаваны аварыйныя дрэвы, ажыццёўлены рамонт вулічна-дарожнай сеткі, знесены аварыйныя жылыя дамы. Палепшана якасць пітнога водазабеспячэння шэрагу паселішчаў. Наведзены парадак на месцах пахавання ўдзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлены памятныя знакі ахвярам генацыду. Рэалізаваны дзве грамадзянскія ініцыятывы. На тэрыторыі аграгарадка Гіркі добраўпарадкаваны парк «Утульнае месца», дзе створаны камфортныя ўмовы для адпачынку. У аграгарадку Пагародна рэалізоўваецца грамадзянская ініцыятыва «Парк адраджаецца!», якая прадугледжвае захаванне, аднаўленне і добраўпарадкаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці — парку канца XVІІІ стагоддзя. Наш раён з’яўляецца ўязнымі варотамі ў Беларусь, таму работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў працягнецца.
Вераніка КАНЮТА
Фота дадзена Воранаўскім райвыканкамам