Пра што трэба памятаць, сядаючы ў самую чароўную ноч за стол, каб не выклікаць раніцай хуткую дапамогу, расказала кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры тэрапіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Жанна СУХІХ.
Адмовіцца ад тлустага, смажанага, вэнджанага
Пасля свят у гастрааддзяленні клінік традыцыйна паступае шмат пацыентаў з абвастрэннямі хранічных паталогій страўнікава-кішачнага тракту (часцей за ўсё хвароб жоўцевага пузыра і падстраўнікавай залозы), а таксама з праблемамі, якія заявілі пра сябе ўпершыню.
— Як правіла, прычына гэтага — злоўжыванне смажаным, тлустым, вострым, вэнджаным, а таксама алкаголем, — адзначае Жанна Леанідаўна. — Відавочна, калі хочацца пазбегнуць непрыемнасцяў, падобныя стравы і напоі трэба мінімізаваць. Сучасны лад жыцця падахвочвае да таго, каб перагледзець некаторыя харчовыя звычкі і сфарміраваць новыя традыцыі.
Не галадаць
Яшчэ важная парада — не галадаць 31 снежня, чакаючы апоўначы. Трэба і снедаць, і абедаць. Паколькі святочная вячэра ў апошні дзень адыходзячага года вельмі позняя, лепш зрабіць акцэнт на лёгкіх, карысных стравах. Навагодні стол павінен быць незвычайным, прыгожым, смачным, дарыць задавальненне.
Пачынаць лепш з салатаў са свежай агародніны, а таксама дыетычных страў: запечаных кабачкоў, баклажанаў, перцаў, гарбузоў. Таксама варта ўпрыгожыць стравы зелянінай: кропам, базілікам, пятрушкай, кінзой — гэта дадасць святочнаму сталу прывабнасці і карыснасці.
Індычка і рыба
У навагоднім меню абавязкова павінны быць бялковыя стравы. З мяса лепш аддаць перавагу індычцы і курыцы, прыгатаваным у духоўцы. Паколькі Новы год выпадае на час каляднага паста, для тых, хто яго прытрымліваецца, не стане праблемай наогул адмовіцца ў гэту ноч ад мяса і малочных прадуктаў, а абмежавацца рыбай. Можна прыгатаваць стравы з выкарыстаннем арэхаў, бабовых культур.
Салат — сімвал свята: крышачку выпраўляем рэцэпт
Тым, хто не ўяўляе навагодні стол без легендарнага аліўе, Жана Сухіх рэкамендуе замяніць маянэз у яго складзе ёгуртам з невялікай колькасцю гарчыцы, каўбасу — курацінай і зусім не ўключаць бульбу. Традыцыя будзе выканана, задавальненне — не меншае, але каларыйнасць ніжэй, ды і карысці нашмат больш.
На дэсерт — садавіна і ягады
Найлепшы варыянт навагодняга дэсерту — гэта садавіна і ягады. Вельмі карысная беларуская «антонаўка» дзякуючы высокаму ўтрыманню вітамінаў (перш за ўсё вітаміну С), мінералаў, клятчаткі. Тыя, хто аддае перавагу больш салодкім дэсертам, могуць яблыкі запячы, дадаць мёд, арэхі — у такім выглядзе ад іх у захапленні будуць і дарослыя, і дзеці. Аранжавая садавіна — апельсіны, мандарыны, хурма — не толькі смачныя і карысныя, але нават сваёй прысутнасцю на стале паднімаюць настрой.
Садавіна і ягады, мусы і жэле з іх выкарыстаннем — гэта лёгкія нізкакаларыйныя дэсерты, якія даставяць задавальненне і не створаць адчуванне цяжару ў страўніку.
Ежы — менш, вады — больш
Невялікія порцыі — гарантыя таго, што вы пазбегнеце пераядання ў навагоднюю ноч. Папярэдзіць яго, падтрымаць баланс у арганізме дапаможа і вада, якую не трэба забываць піць. А вось з алкагольных напояў дастаткова аднаго фужэра шампанскага або белага віна да рыбы ці чырвонага да мяса.
Радаваць вока і рухацца
Святочны настрой ствараецца прыгожым афармленнем стала і страў. Новы год — якраз той час, калі кожны здольны стварыць «маленькі цуд». Калі хтосьці лічыцца з усходнімі гараскопамі, можна любімы салат выкласці ў форме каня (2026 год па кітайскім календары — год Чырвонага Вогненнага Каня).
І памятайце: нават ад самага прыгожага і смачнага стала варта час ад часу адрывацца, каб выйсці на вуліцу, падыхаць свежым паветрам і пагуляць.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ