Установа адукацыі адзінаццаты год з'яўляецца філіялам БДТУ, што ў Мінску. Тры аддзяленні каледжа — «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў», «Лясная гаспадарка і тэхналогія дрэваапрацоўчай вытворчасці» — інтэграваны ў названую ВНУ.
Іх выпускнікі, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, могуць атрымліваць ва ўніверсітэце вышэйшую адукацыю па скарочанай праграме па профільных кірунках.
Майстэрства працаваць з дрэвам
Асаблівую ўвагу надаюць навучанню дрэваапрацоўцы. Менавіта тэхналагічны каледж сярод усіх устаноў вобласці выпускае найбольшую колькасць профільных спецыялістаў: станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, рамшчыкаў і сталяроў. У краіне 17 аналагічных каледжаў, і толькі на базе Віцебскага тэхналагічнага і Кобрынскага політэхнічнага каледжаў створаны цэнтры кампетэнцый тэхналогій дрэваапрацоўкі. Таму яны выконваюць ролю своеасаблівых апорных навучальных устаноў у сваіх рэгіёнах. Так, навучальна-практычнай базай мясцовы каледж з’яўляецца для сямі ССНУ і дзвюх ВНУ: БДТУ і ПДУ імя Ефрасінні Полацкай.
— Наш цэнтр кампетэнцый адкрыты напрыканцы 2020 года, — распавядае дырэктар каледжа Валянціна Юпатава. — Хаця ён добра абсталяваны, задумваемся аб абнаўленнях, набыцці новых, сучасных станкоў з шырэйшымі функцыямі. Акрамя таго, што цэнтр выконвае ролю базы для павышэння кваліфікацыі работнікаў, занятых на прадпрыемствах вобласці, найперш — гэта майстэрні для навучэнцаў, дзе яны вучацца працаваць рукамі.
У цэнтр камптэнцый яны прыходзяць, калі вучацца яшчэ на першым курсе. І не толькі падчас заняткаў: ёсць тыя, хто ўлюбляецца ў работу з дрэвам настолькі, што гатовы праводзіць тут увесь вольны час. З такіх і вылучаюцца будучыя ўдзельнікі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkіlls Belarus.
З года ў год віцябчане дэманструюць там годныя ўменні і заваёўваюць узнагароды. Сёлета ў маі Андрэй Цярэшкін заняў 2-е месца па кампетэнцыі «Цяслярная справа», Станіслаў Місюра стаў пераможцам конкурсу, а таксама ў Адкрытым чэмпіянаце краін-партнёраў ЕАЭС + у сталярнай справе. Аляксей Лубаў вылучыўся на гэтых спаборніцтвах па кампетэнцыі «Вытворчасць мэблі». На яго ж рахунку перамога ў чэмпіянаце па прафмайстэрству «Прафесіяналы», што праходзіў у Пскове.
— Аляксей па-сапраўднаму захоплены работай з дрэвам і з ахвотай робіць мэблю, нават у дзедавым гаражы абсталяваў сабе майстэрню, — паведаміла Валянціна Юпатава. — З такімі хлопцамі шкада развітвацца. Здаецца, толькі ўсяму навучылі, а яны ўжо паляцелі ў свет. А мы гордыя, што далі прафесію ў залатыя рукі. Сустракаем новых, на шчасце, іх паток не змяншаецца.
Пачуць «душу» матэрыялу
Вялікае значэнне мае асоба настаўніка, і майстрам вытворчага навучання ўдаецца выклікаць непадробную цікаўнасць вучняў да справы, якую самі так любяць.
— Заходзячы ў майстэрню, я ўжо па паху магу вызначыць, з якім дрэвам толькі што працавалі, — усміхаецца майстар, галоўны эксперт па кампетэнцыі «Сталярная справа» Максім Сівакоў. — Дрэва — жывы матэрыял, і «пачуць» яго душу дадзена не кожнаму, але праз упартасць і нястомную прагу да самаўдасканалення можна дабіцца многага, варта толькі захацець.
Падобна на тое, што блізняты Дзяніс і Кірыл Паражынскія такім жаданнем гараць: яны яшчэ першакурснікі, але пад кіраўніцтвам Максіма Сівакова змайстравалі моцныя табурэты. Такія праслужаць доўга.
Дрэваапрацоўка — справа не толькі мужчынская. Доказ таму — прыклад майстра Кацярыны Івановай. Яна выпускніца каледжа, дзе цяпер працуе. Яе стыхія — выраб сувеніраў і дэкаратыўных элементаў на лазерным станку з лічбавым праграмным кіраваннем. Дзяўчына таксама рыхтуе канкурсантаў па кампетэнцыі «Вытворчасць мэблі».
Захавальнікі народных традыцый
Прадукцыю, зробленую рукамі майстроў і навучэнцаў, рэалізуюць праз свой салон-магазін. А тут усяго багата! Таму што ў каледжы рыхтуюць рэзчыкаў па дрэве і бяросце, вытворцаў вырабаў з лазы, саломы, керамікі. А яшчэ Віцебскі тэхналагічны каледж — адзіная ў Беларусі ССНУ, якая вучыць на ювеліраў і ткачоў ручнога ткацтва.
Навучэнцаў аддзялення «Мастацтва і дызайн» можна смела назваць захавальнікамі народных традыцый. Атрымаўшы дыпломы, яны працаўладкоўваюцца ва ўстановы культуры, дзе прапагандуюць традыцыйныя рамёствы сваёй краіны і спрадвечнае ўменне ствараць прыгажосць ручной працай. Аўтэнтычныя матывы яны ўдала спалучаюць з сучаснымі прыёмамі — атрымліваецца самабытна. А калі прыходзяць пасля ВНУ на вытворчасць, добра разумеюць уласцівасці матэрыялаў, з якімі даводзіцца працаваць, валодаюць пэўнымі тэхнікамі.
— У апошнія гады конкурс на паступленне ў наш каледж на ўсе спецыяльнасці складае не менш як 1,5 чалавека на месца. Залічэнне праводзіцца на падставе дакументаў аб адукацыі, на аддзяленне «Мастацтва і дызайн» дадаткова здаецца творчы экзамен. Агульная колькасць паступіўшых складае 457 чалавек, — працягвае дырэктар. — Падчас вучобы выкладчыкі не шкадуюць высокіх адзнак, гэта матывуе рабят вучыцца лепей. У нас высокі працэнт дыпломаў з адзнакай, што дае іх уладальнікам перавагі пры паступленні ў ВНУ. Пераможцы конкурсаў прафмайстэрства залічаюцца ва ўніверсітэты без экзаменаў.
За спецыялістамі — чарга работадаўцаў
Маладыя спецыялісты нарасхват у работадаўцаў, іншы раз на аднаго выпускніка профілю лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі прэтэндуюць да
10 арганізацый. Выснова: з дыпломам Віцебскага тэхналагічнага каледжа без работы не застанешся. Да прыкладу, выпускнікоў аддзялення дакумента-знаўства і правазнаўства, 90 % якіх, як правіла, паступаюць на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава, ахвотна прымаюць на работу сакратарамі суды, натарыяльныя канторы, следчы камітэт, пракуратура.
Да несумненных пераваг каледжа можна аднесці наяўнасць інтэрнатаў на 500 месцаў. Акрамя іх, вучэбных карпусоў, цэнтра кампетэнцый, сталовай, спартыўнай пляцоўкі, студэнцкі гарадок уключае басейн. У вольны час маладыя людзі могуць развівацца па інтарэсах у творчых гуртках і спартыўных секцыях, нават неаднаразова дэманстравалі свае поспехі ў конкурсах і на спаборніцтвах.
— Мы выхоўваем не лайдакоў, не беларучак, а грамадзян сваёй краіны, якія працай будуць рабіць яе багацейшай і прыгажэйшай, — заключае Валянціна Юпатава. — На прастору жыцця яны выходзяць з перакананнем, што толькі праца — залог дабрабыту. Мы адна з самых маладых ССНУ вобласці, нам усяго 42 гады. Але былыя выпускнікі ўжо прыводзяць паступаць да нас сваіх дзяцей. Гэта вялікі давер і пацвярджэнне: мы даём запатрабаваныя прафесіі і спецыяльнасці.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота аўтара