Top.Mail.Ru

Прэзідэнцкая бібліятэка падрыхтавала шэраг выставак да УНС

Ад гістарычных архіваў да інтэрактыўных праектаў

Да Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе на гэтым тыдні, Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі падрыхтавала не толькі адмысловыя экспазіцыі са сваіх архіваў, але і інтэрактыўныя лічбавыя праекты. Усе ахвотныя могуць у гэтыя дні пазнаёміцца як з гісторыяй развіцця выбарчых працэсаў і дэмакратычных інстытутаў у Беларусі на працягу апошніх стагоддзяў, так і з рэдкімі матэрыяламі, прысвечанымі найноўшай гісторыі нашай краіны і станаўленню суверэнітэту. Сярод іх, у прыватнасці, першае пасланне Прэзідэнта краіны народу і парламенту.

— Прэзідэнцкая бібліятэка заўсёды будзе ісці поруч з нашай дзяржавай, выхоўваць нашу моладзь ідэалагічна. Мы заўсёды былі сувязным флагманам і паказвалі пераемнасць пакаленняў, традыцыйныя беларускія каштоўнасці, — адзначыла дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі Алена СЕКАЧ.

У аддзеле рэдкага фонду на выстаўцы «Выбары: погляд праз час» сабраны ўнікальныя дакументы, якія дэманструюць, што гісторыя выбараў сыходзіць у старадаўнія часы, калі для вырашэння пытанняў гараджане збіраліся на так званае веча. А вось ужо Статут Вялікага Княства Літоўскага заканадаўча замацаваў работу дэпутатаў, якія выбіраліся на земскія і агульныя сеймы.

  • У іншых залах экспазіцыя ад гісторыі пераходзіць да сучаснасці і прысвечана нядаўнім падзеям, пачынаючы ад ўвядзення пасады Прэзідэнта ў Канстытуцыю 1994 года, і завяршаючы паспяховым функцыянаваннем Усебеларускага народнага сходу, як эфектыўнага органа народаўладдзя ў новым канстытуцыйным статусе. Асаблівае месца займае ўступная прамова кіраўніка дзяржавы на першай інаўгурацыі, у якой ён падкрэсліў, што галоўным багаццем Беларусі з’яўляецца народ, а асноўная задача ўсіх органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку і Прэзідэнта, — забяспечыць людзям дастойнае жыццё.

— Мы разумеем, што гэта не проста словы, бо на сёння наша краіна прайшла чатыры рэспубліканскія рэферэндумы і сем Усебеларускіх народных сходаў. Цяпер мы знаходзімся напярэдадні такой важнай падзеі, як другое пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу, і, вядома, ключавой падзеяй стане чарговае пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту. Ва ўсіх наведвальнікаў ёсць унікальная магчымасць пазнаёміцца з самым першым пасланнем Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі парламенту ў 1997 годзе, — акцэнтавала загадчык сектарам аддзела абслугоўвання карыстальнікаў Лілія ЕФІМОВІЧ, нагадаўшы, што гэта час, калі завяршыўся перыяд палітычнай нестабільнасці, завяршылася канстытуцыйная рэформа пасля рэферэндуму 1996 года і пачаў працаваць двухпалатны парламент. — Асноўны яго тэзіс — «Мы ўсе ў адказе за нашу Беларусь». Прэзідэнт зноў падкрэсліў, што будучыня нашай краіны залежыць ад кожнага яе жыхара. У пасланні акцэнт зроблены на тым, што не народ для ўлады, а ўлада для народа. Такая дзяржаўная палітыка рэалізуецца ў нашай краіне, у чым сапраўды сёння мы можам пераканацца, — падзялілася суразмоўца.

А вось маладыя спецыялісты бібліятэкі, а іх, дарэчы, ва ўстанову сёлета прыйшло пяцёра, падрыхтавалі прэзентацыю падборкі артыкулаў СМІ, прысвечаных УНС. У стагоддзе лічбавых тэхналогій гэта зручна для маладога пакалення, якое аддае перавагу электронным СМІ. Яна размешчана на ўсіх экранах бібліятэкі і ва ўсіх аддзелах абслугоўвання.

Яшчэ адна выстаўка бібліятэкі — «Усебеларускі народны сход — гарызонты народнага форуму». Тут у храналагічным парадку паказана гісторыя развіцця УНС. З дапамогай кніг, перыядычных выданняў, а таксама інфармацыйнага матэрыялу наведвальніку расказваюць пра форум як пра праяву айчыннай традыцыі народаўладдзя, якая мае багатую гісторыю. Тут, напрыклад, кожны можа ўзгадаць, што першы Усебеларускі сход праходзіў у сталічным Палацы спорту 19-20 кастрычніка 1996 года і стаў самым масавым.

Аднак сённяшняя бібліятэка — гэта не толькі кнігі. Установа прэзентавала новы інтэрактыўны праект «Агучаная Канстытуцыя». Вывучэнне асноўнага закона краіны праходзіць у жывым дыялогу разам з анлайн-кансультантам. Ён разлічаны як на школьнікаў і студэнтаў ВНУ, так і на дарослых. Інфармацыйны кантэнт прадставіла Прэзідэнцкая бібліятэка. Ён аб’ядноўвае нейрамоўную апрацоўку, сінтаксіс мовы, візуалізацыю. Складаныя тэрміны прававой тэматыкі тлумачацца даступнай і простай мовай, пры гэтым у дастатковым аб’ёме.

— Гэты праект паказвае, што Прэзідэнцкая бібліятэка ідзе ў нагу з часам. Місія бібліятэкі сёння — гэта не толькі кніжныя выстаўкі. Мы адукоўваем, навучаем, нясём інфармацыю. І дапоўненая рэальнасць, новыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія ўвайшлі ў наша жыццё, дапамагаюць нам. Мы па-ранейшаму павінны паказаць падрастаючаму пакаленню цікавасць да кнігі, адукацыі, а з дапамогай штучнага інтэлекту, новых тэхналогій спадзяёмся, што нам удасца прыцягнуць у бібліятэку больш моладзі, — рэзюмавала Алена Секач.

Алена КРАВЕЦ, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю