Top.Mail.Ru

Як у мінскай школе № 139 вучням даступна расказваюць аб дзейнасці УНС

Простымі словамі — аб важным

Лічаныя дні застаюцца да другога пасяджэння VІІ Усебеларускага народнага сходу. Мы добра ведаем, што рашэнні, прынятыя 18–19 снежня, закрануць жыццё кожнага беларуса: і дарослага, і малога. І калі з першымі прасцей, то як растлумачыць дзіцяці, што такое УНС, хто можа трапіць у лік дэлегатаў, якія задачы выконвае вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя? Адказ на гэта пытанне ведаюць у сталічнай сярэдняй школе № 139, дзе напярэдадні праводзяцца тэматычныя практыкумы для настаўнікаў, алімпіяды для вучняў, ствараюцца інфармацыйныя буклеты для бацькоў і не толькі.


— Інфармаваць дзяцей аб дзейнасці Усебеларускага народнага сходу мы з калегамі сталі загадзя, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 139 г. Мінска Наталля ДУБОВАЯ. — І не толькі, дарэчы, нашых вучняў, але і маладых педагогаў, якіх у нашай установе адукацыі працуе нямала. Яны тут праходзяць станаўленне не толькі як спецыялісты, але і як асобы, для гарманічнага развіцця якой важна добра арыентавацца ў тым, што адбываецца навокал. А УНС і рашэнні, якія будуць на ім прынятыя, не абыдуць бокам кожнага. Акрамя таго, мы актыўна працуем і з законнымі прадстаўнікамі нашых вучняў. Пры дапамозе розных форм работы стараемся ахапіць як мага больш людзей. Настаўнікі — праваднікі дзяцей і моладзі ў свет. Для нас важна данесці праўду, каб яны з адкрытым сэрцам і цвёрдым розумам потым працягвалі ствараць гісторыю сваёй краіны.


Пытанні дзяржаўнага ладу вывучаюцца ў старшай школе, таму для падрастаючага пакалення інфармацыя аб дзейнасці УНС вядомая. Пра гэта нам расказала класны кіраўнік 11 класа, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Таццяна ГЕРЦБЕРГ, якая з’яўляецца адным з арганізатараў школьных мерапрыемстваў, што датычацца дзейнасці УНС.

— Было вырашана з усімі дзецьмі праводзіць інфармацыйную работу, нават з самымі маленькімі. У пачатковай школе рабілі ўпор на візуальны складнік: паказвалі карцінкі, рабілі схемы, разважалі аб складаным простай мовай. Арганізавалі для іх конкурс малюнкаў, найлепшыя з якіх размясціліся ў школьнай галерэі на першым паверсе. Што датычыцца старшай школы, нам хочацца прывіваць падлеткам аналітычнае мысленне. Для гэтага важна даць ім права голасу. Меркаванне кожнага вучня для нас важна. Пачуць яго нам удавалася на інтэрактыўных уроках. Дзеці стваралі ўласныя праекты, дзяліліся, якія б яны ініцыятывы прапанавалі як дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Гаворка ішла аб добраўпарадкаванні, лічбавізацыі, экалагічных пытаннях. Асобна можна вылучыць алімпіяду для старшакласнікаў, якую мы правялі. Дзеці ішлі туды не проста паўдзельнічаць, а праверыць свае веды. Многія, дарэчы, адказвалі вельмі ўпэўнена.


Для адзінаццацікласніцы Юліі КРАЎЦОВАЙ заданні на алімпіядзе здаліся даволі простымі.

— Вынікі пакуль яшчэ невядомыя, але, калі ты напярэдадні рыхтаваўся, складанасцяў асабліва не ўзнікала. Мне здаецца, такія школьныя мерапрыемствы вельмі карысныя. Яны звяртаюць увагу на важныя для краіны падзеі, заклікаюць даведацца пра іх больш, пашырыць кругагляд. Усебеларускі народны сход закране і нас, моладзь, таму гэта важна.

На пытанне аб тым, якую б ініцыятыву прыўнесла дзяўчына, калі б была дэлегатам УНС, у Юліі не было сумненняў:

— Паколькі я хачу звязаць сваё жыццё з машынабудаваннем, мне найбольш блізкія пытанні прамысловасці. Як зрабіць так, каб гэта сфера з кожным годам развівалася яшчэ больш упэўнена.

Адзінаццацікласніца Надзея ЖЫВІЦА не выключае, што ў будучыні можа ўвайсці ў лік дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Дзяўчыне блізкая педагагічная сфера, таму ў якасці асабістай ініцыятывы яна б прапанавала распрацаваць сумесна са спецыялістамі дадатак для спрашчэння праверак дамашняга задання настаўнікам.

— Ідэя пакуль павярхоўная, але ж гэта рэальна прыдумаць. Улічваючы, як імкліва цяпер развіваецца штучны інтэлект. А з праверкай заданняў настаўнікі сутыкаюцца штодня.

Сама аб дзейнасці УНС больш падрабязна дзяўчына даведалася ад класнага кіраўніка на інфармацыйнай гадзіне.

— Потым падхапіла ініцыятыву, стала раздаваць бацькам вучняў буклеты аб дзейнасці УНС, якія распрацавалі нашы настаўнікі. Убачыла шчырую зацікаўленасць з боку дарослых, расказала пра УНС і сваім бацькам. Нам было што абмеркаваць!

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю