Упершыню Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку будзе зацвярджацца Усебеларускім народным сходам як найвышэйшым органам народаўладдзя. Дэлегаты УНС адчуваюць сваю адказнасць і рыхтуюцца да Сходу з настроем на канструктыўную работу.
Дэлегат УНС, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Святлана Сянько:
— Усебеларускі народны сход — не проста маштабны форум, а канстытуцыйны орган, які вызначае стратэгічны курс развіцця нашай краіны і адлюстроўвае волю народа. Таму, безумоўна, падрыхтоўка да УНС мае асаблівае значэнне. Фактычна гаворка ідзе пра падрыхтоўку да адказнага выбару, ад якога залежыць будучыня краіны. Мы падыходзім да гэтага этапу з улікам дасягнутых вынікаў і з асэнсаваннем задач, што стаяць перад дзяржавай і грамадствам. Менавіта таму цэнтральнае месца на Cходзе зойме праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. У аснову дакумента пакладзены прапановы экспертаў, меркаванні грамадзян і вынікі шырокага грамадскага абмеркавання.
Прынцыпова важна падкрэсліць, што ў цэнтры Праграмы знаходзіцца чалавек. Дзяржава захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць і арыентуецца на павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Гаворка ідзе пра стварэнне годных умоў для працы, жыцця і самарэалізацыі людзей. Асаблівая ўвага надаецца дэмаграфічнай палітыцы, умацаванню інстытута сям’і, падтрымцы мацярынства і дзяцінства, захаванню здароўя нацыі.
Значнае месца ў Праграме займае развіццё рэгіёнаў. Гэта і адкрыццё новых вытворчасцей, стварэнне працоўных месцаў, развіццё сучаснай інфраструктуры, павышэнне эфектыўнасці эканомікі. Такія меры даюць людзям упэўненасць у заўтрашнім дні і магчымасць будаваць сваё жыццё на роднай зямлі. У гэтым жа шэрагу знаходзіцца і развіццё турызму як перспектыўнага кірунку, які спрыяе эканамічнаму росту і фарміраванню цікавасці да гісторыі і культуры краіны.
На дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу сёння ўскладзена асаблівая адказнасць. Нам належыць прымаць рашэнні, якія вызначаць развіццё Беларусі на бліжэйшыя гады. Ад нашай пазіцыі і нашай работы залежаць стабільнасць дзяржавы і дабрабыт грамадзян. Пераканана, што Усебеларускі народны сход стане пляцоўкай для ўзважаных і прадуманых рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне суверэнітэту і сацыяльнай справядлівасці.
Дэлегат УНС, старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар ГЕНЕЦ:
— Чаканні ад УНС вельмі вялікія, бо на Сходзе будзе прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 — 2030 гады. Гэта фундаментальны дакумент, і ўсё, што там прапісана, прадугледжвае дакладнае выкананне. Прэм’ер-міністр штогод будзе даваць справаздачу перад дэлегатамі УНС аб выкананні Праграмы. Якіязмяненні чакаюць Іўеўскі раён? Праграмай сацэканамразвіцця запланавана будаўніцтва ў райцэнтры фізкультурна-аздараўленчага комплекса, які жыхары раёна чакаюць ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Для нашых людзей гэта вельмі важны і патрэбны аб’ект. Напярэдадні пасяджэння УНС праводзім сустрэчы з насельніцтвам, гаворым аб тым, якія важныя рашэнні будуць прыняты на Сходзе. Актыўна абмяркоўваем Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку. Людзей гэта вельмі цікавіць.
Упершыню дэлегаты Усебеларускага народнага сходу будуць прымаць рашэнне аб прызначэнні суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Справядлівасць — брэнд нашай краіны. Апошняй інстанцыяй справядлівасці, як вядома, з’яўляюцца суды. Таму суддзі, чые кандыдатуры будуць падтрыманы дэлегатамі, надзелены не толькі ўладай, але і даверам народа (дэлегаты УНС, нагадаю, — выбраннікі народа). Таму суддзі будуць несці адказнасць не толькі перад законам, але і перад тымі людзьмі, якія іх выбралі.
Дэлегат УНС, начальнік Вілейскага вытворчага ўчастка Мінскага малочнага завода № 1 Анастасія СЯЛЮН:
— Асноўнай мэтай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця кожнага беларуса. Як прадстаўніка прамысловага прадпрыемства мяне вельмі радуе, што аднымі з ключавых кірункаў праграмы з’яўляецца выкарыстанне інавацыйных тэхналогій, мадэрнізацыя вытворчасці, рост канкурэнтаздольнасці. Гэта дае ўпэўненасць, што мы зможам вырабляць яшчэ больш якасную і запатрабаваную прадукцыю. Быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу — вялікая адказнасць. Мы ўцягнуты ў лёсавызначальныя для нашай краіны працэсы.
Дэлегат УНС, дырэктар Белаазёрскага завода бетонных вырабаў Ганна ВОДЗІЧ:
— На сёння УНС у новай канстытуцыйнай якасці можна разглядаць як гарант стабільнасці і стратэгічнага развіцця Беларусі. Усебеларускі народны сход — пацвярджэнне таго, што дзяржаўная ўлада пад лозунгам «Мы — разам» дзейнічае ў інтарэсах народа, яе рашэнні скіраваны на ўмацаванне ўсіх галін эканомікі і незалежнасці нашай краіны. Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў сёння абмяркоўвае ўся краіна, ён адлюстроўвае рэальныя патрэбы беларусаў, не замоўчваюцца ў ім і праблемныя пытанні. Кожнаму блізкія і зразумелыя прыярытэтныя кірункі праграмы. Планы на бліжэйшыя пяць гадоў служаць мэце пабудовы канкурэнтаздольнай дзяржавы, у цэнтры якой — інтарэсы чалавека, годны ўзровень жыцця для кожнага насельніка Беларусі. Праграма рэалістычная, канкрэтная і падрабязная. Яна будзе выканана пры ўмове ўсеагульнай зацікаўленасці. Час выбраў нас. Кожны беларус вызначыць для сябе, які ўнёсак ён можа зрабіць у развіццё нашай краіны.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык назваў галоўную задачу для Першага рэгіёна: «Кожны куточак вобласці павінен быць тэрыторыяй магчымасцяў — для працы, самарэалізацыі і развіцця. Гэты падыход будзе асноўны для ўключэння інтарэсаў Брэстчыны ў агульнадзяржаўную праграму». Вызначаны асноўныя вектары развіцця на бліжэйшую пяцігодку, сярод іх — стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, развіццё транспартнай лагістыкі і камунальнай інфраструктуры, умацаванне аграпрамысловага комплексу, актыўная падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, а таксама інавацыйныя праекты для стымулявання прадпрымальніцкай ініцыятывы. Ажыццяўленне вызначаных планаў сфарміруе моцны падмурак для эканамічнай устойлівасці і сацыяльнай стабільнасці як у нашым рэгіёне, так і па ўсёй краіне. Як дэлегат УНС, адчуваю адказнасць перад выбаршчыкамі. Мая задача не толькі ў прадстаўленні інтарэсаў, але і перадачы грамадству стратэгічных рашэнняў, праграмных дакументаў, што будуць выпрацаваны ў працэсе работы УНС.
Дэлегат УНС, настаўнік біялогіі і геаграфіі Бачэйкаўскай СШ імя М. А. Высагорца Бешанковіцкага раёна Віктар ПРОТАС:
— Маючае адбыцца пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу — ключавая падзея ў палітычным жыцці нашай дзяржавы. Гэта форум, дзе прымаюцца рашэнні, якія ўплываюць на жыццё кожнага беларуса.
На Сходзе будзе вызначана стратэгія развіцця нашага грамадства, прыняты дакладныя шляхі вырашэння праблемных пытанняў.
Перад дэлегатамі УНС стаіць задача зацвярджэння Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Сярод яе прыярытэтаў на першае месца ставіцца дэмаграфічная бяспека — павышэнне нараджальнасці і ўмацаванне здароўя нацыі.
Упэўнены, што прынятыя дэлегатамі УНС рашэнні ўмацуюць мір і стабільнасць у нашай дзяржаве, зробяць наша грамадства мацнейшым да выклікаў сучаснага свету.
Паводле нашых карэспандэнтаў.