Top.Mail.Ru

Пытанні добраўпарадкавання далі глебу для праектаў грамадзянскіх ініцыятыў у Пінску

Супольна, для сябе

Жыхары гарадоў, мястэчак, вёсак разумеюць, што парадак — вельмі па-беларуску. Нездарма выказваюць пажаданні прадстаўнікам мясцовай улады. І тут важна падхапіць добрую ідэю, распрацаваць праект, прадумаўшы варыянты ўдзелу жыхароў. Удалы досвед працы некаторых мясцовых Саветаў Брэстчыны бяруць да ўвагі ў Пінску, дзе ажыццяўляюцца ініцыятывы па ўпарадкаванні дзіцячых і спартыўных пляцовак, якія далі штуршок для развіцця доўгатэрміновага праекту.

Карысны досвед

«Працы па добраўпарадкаванні шмат», — адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч на выязным пашыраным пасяджэнні аблсавета, якое ў лістападзе прайшло ў Пінску. Гэта выяўленне і знос дамоў, якія пустуюць, клопат пра тое, як пасля выкарыстоўваць вызваленую зямлю. Трэба знаходзіць новае прымяненне аб’ектаў нерухомасці, якія эксплуатуюцца неэфектыўна. Некаторыя з гэтых пытанняў падаюцца больш актуальнымі для сельскай мясцовасці, таму да нарады далучаліся па відэаканферэнцыі кіраўнікі сельвыканкамаў вобласці. Ім належыць глядзець за парадкам на месцах, пры неабходнасці своечасова прымаць рашэнні, каб змяніць сітуацыю.

Як паказвае практыка Брэстчыны, асабліва неабыякава ставяцца жыхары да стану дваровых тэрыторый — пра гэта часта сведчаць ініцыятывы, якія зыходзяць «знізу». На прыкладзе абласнога цэнтра пра рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў расказаў старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Філановіч. Хоць паняцце «грамадзянскай ініцыятывы» дакладна прапісана ў законе, вельмі карысны досвед тых, хто ўжо прайшоў гэты шлях. Каб было прасцей зразумець, які праект патрэбны, і сабраць на яго сродкі, трэба дакладнае разуменне: гэта робіцца дзеля іх. Так лічыць старшыня Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Куніцкі.

— Ініцыятыва «знізу» каштоўная якраз таму, што скіроўвае ўвагу непасрэдна на тое, што найбольш «баліць» жыхарам. Што датычыцца грамадзянскіх ініцыятыў, то сёлета ў горадзе Пінску рэалізуюцца дзве, якія прайшлі праз абласны конкурс. Яны скіраваныя на належнае абсталяванне дзіцячых і спартыўных пляцовак у адпаведнасці з магчымасцямі і патрабаваннямі ХХІ стагоддзя: а гэта добраўпарадкаваная тэрыторыя з сучасным гульнявым абсталяваннем і бяспечным гумавым пакрыццём.

Каштоўная актыўнасць

Пачыналася ўсё з таго, што ў Год добраўпарадкавання адзін ганаровы грамадзянін Пінска, мясцовы дэпутат, з падачы сваіх выбаршчыкаў выказаў прапанову, што вельмі важная для арганізацыі жыцця сямей, у якіх гадуюцца дзеці, — абсталяваць належным чынам дзіцячыя пляцоўкі. У горадзе будуецца новае жыллё, яго засяляюць у асноўным маладыя сем’і. Мамы з дзеткамі ці бабулі з дзядулямі выходзяць у двор падыхаць паветрам, і малыя павінны мець, дзе пагуляць без рызыкі атрымаць траўму (тым больш што цяпер магчыма набыць спецыяльнае пакрыццё). Яго прапанову — абсталяваць дзіцячыя пляцоўкі — узялі да ўвагі. Добра падумаўшы, на ўзроўні гарадскога Савета вырашылі, што ўжо сёлета можна абсталяваць дзіцячую і спартыўную пляцоўку, далучыўшы да справы грамадскасць.

— Паводле праекта грамадзянскай ініцыятывы ў Пінску сёлета забяспечваеца адна дзіцячая і адна спартыўная пляцоўка, што падтрымала Брэсцкая абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. З тых 40 000 рублёў, якія патрабуюцца для рэалізацыі праекта, 10 % — прыцягнутыя сродкі людзей, — кажа Сяргей Куніцкі. — Але гэта толькі пачатак, мы разлічваем, што жыхары горада падцягнуцца і будуць больш актыўныя, калі пабачаць рэальны вынік. А ён ужо ёсць, таму што добрая ініцыятыва знаходзіць водгук на ўсіх узроўнях.

Фактычна з падачы грамадскасці ў асобе аднаго нераўнадушнага мясцовага дэпутата ў Пінску была асобна распрацавана гарадская праграма «Дзіцячыя пляцоўкі», якая будзе ажыццяўляцца цягам 2025–2030 гадоў. Варта чакаць, што за шэсць гадоў усталююць ці заменяць 42 дзіцячыя пляцоўкі. Якім чынам? 

У горадзе сем адміністратыўных тэрыторый, сем ЖЭСаў, кожны год яны могуць рабіць па аб’екту ў зоне сваёй адказнасці. Упраўленне архітэктуры і работнікі ЖРЭУ распрацавалі дакумент, паводле якога будуць весціся работы. Фінансавае ўпраўленне гарвыканкама прадугледжвае сродкі на гэта. А вось тое, што навідавоку: завяршаецца ўладкаванне сямі новых дзіцячых пляцовак, гульнявое абсталяванне для іх ужо закуплена і ўстанаўліваецца, з’явіцца і мяккае гумавае пакрыццё, у тым ліку дзякуючы сродкам жыхароў. 

Другі бок справы якраз у тым, што чалавек звычайна адчувае больш персанальнай адказнасці за справу, у якую ўкладзены яго сродкі. І, як правіла, больш беражліва ставіцца да таго ж абсталявання — як да свайго.

— На мой погляд, не менш важна і тое, што людзі такім чынам уцягваюцца ў працэсы паляпшэння прасторы вакол сябе, — адзначае старшыня Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў. — Калі вяскоўцы ці жыхары прыватнага сектара больш скіраваныя на добраўпарадкаванне, гатовыя нешта рабіць самі, то ў гарадах гэты кірунак мае свае нюансы, бо ёсць адпаведныя службы, ад якіх чакаюць пэўных дзеянняў. 

Ды і ў сучасных шматкватэрных дамах людзі існуюць больш адасоблена, таму мабілізаваць іх на агульную справу складаней. Сам гэта адчуў, калі мы з жонкай вырашылі зрабіць клумбу ў двары і спрабавалі разварушыць суседзяў. Але ж усё магчыма! Нават адна паспяховая ініцыятыва можа прадэманстраваць карысць супольных намаганняў. Таму ў мяне ёсць надзея, што наступныя ініцыятывы мы будзем распрацоўваць і ажыццяўляць прасцей і хутчэй.

— Паводле праекта грамадзянскай ініцыятывы ў Пінску сёлета забяспечваеца адна дзіцячая і адна спартыўная пляцоўка, што падтрымала Брэсцкая абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. З тых 40 000 рублёў, якія патрабуюцца для рэалізацыі праекта, 

10 % — прыцягнутыя сродкі людзей, — кажа Сяргей Куніцкі. — Але гэта толькі пачатак, мы разлічваем, што жыхары горада падцягнуцца і будуць больш актыўныя, калі пабачаць рэальны вынік. А ён ужо ёсць, таму што добрая ініцыятыва знаходзіць водгук на ўсіх узроўнях

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю