Top.Mail.Ru
0

Як Ліп­ні­кі ста­но­вяц­ца пры­кла­дам су­поль­на­га ўнёс­ку ў доб­ра­ўпа­рад­ка­ван­не

Для дзя­цей і не толь­кі

За 9 месяцаў у Драгічынскім раёне сабрана жыхарамі каля 104 тысяч рублёў на добраўпарадкаванне. Удзел у ініцыятывах прымаюць усе сельсаветы, а адным з прыкладаў стаў аграгарадок Ліпнікі, дзе дзякуючы сумеснай працы жыхароў і падтрымцы гаспадаркі з'яўляецца новая дзіцячая пляцоўка.

Аграгарадок Ліпнікі, што ўваходзіць у склад Драгічынскага сельсавета і налічвае 739 жыхароў, стаў адным з цэнтраў грамадзянскай актыўнасці ў рэгіёне. Паводле слоў Таццяны Юрашэвіч, старшыні Драгічынскага сельскага Савета дэпутатаў, жыхары доўгі час абмяркоўвалі ідэю стварэння такога аб'екта, вывучалі прыклады розных праектаў, арыентаваліся на тое, што будзе цікава мясцовым дзецям. Пытанне пляцоўкі вынеслі на сход грамадзян, дзе разам вызначылі месца для яе размяшчэння. «У Ліпніках дагэтуль не было сваёй дзіцячай пляцоўкі. Патрэба ў новым аб'екце ўзнікла натуральна — моладзь цяпер больш выязджае ў горад, і хацелася, каб дзеці мелі магчымасць гуляць і займацца тут, на месцы», — расказвае Таццяна Юрашэвіч. У аграгарадку працуе дзіцячы садок, дзе маецца невялікая пляцоўка, але новая будзе значна большай і функцыянальнай.

Ліпнікі знаходзяцца недалёка ад Драгічына, таму сюды з задавальненнем пераязджаюць маладыя і шматдзетныя сем'і. Адпаведна, узрастае патрэба ў месцах, дзе мамы могуць праводзіць час з дзецьмі, асабліва калі яны ў дэкрэце. Такая пляцоўка — гэта і добраўпарадкаванне, і важны сацыяльны аб'ект для ўсяго населенага пункта.

Вялікую дапамогу аказаў і кіраўнік гаспадаркі, дырэктар ААТ «Ліпніцкі» Барыс Ткачык — ён забяспечыў неабходныя работы па ўсіх кірунках. Барыс Уладзіміравіч расказвае: «Што датычыцца добраўпарадкавання, то нашы жыхары ніколі не застаюцца ўбаку. Жыхары — вялікія малайцы: яны сабралі каля 30 тысяч беларускіх рублёў, праводзілі сходы, далучаліся да суботнікаў».

Барыс Ткачык у размове адзначае, што аблічча аграгарадка Ліпнікі за апошнія гады мяняецца пастаянна. Паводле яго слоў, асноўныя работы звязаны з будаўніцтвам, у першую чаргу жывёлагадоўчых ферм і майстэрняў. Дзіцячая пляцоўка, якая вось-вось з'явіцца ў цэнтры аграгарадка, таксама была даўняй ідэяй.

Па словах Барыса Уладзіміравіча, натхненнем сталі і паездкі ў гарады, дзе ён звяртаў увагу на прыклады падобных дзіцячых пляцовак. Цяпер, адзначае ён, застаецца завяршыць дробнае добраўпарадкаванне — падсыпаць пясок, паставіць агароджу, зрабіць дарожку і правесці планіроўку. Агульныя выдаткі на пляцоўку разам з работамі і добраўпарадкаваннем склалі каля 60 тысяч.

Адказваючы на пытанне пра кадры, кіраўнік падкрэслівае, што маладых спецыялістаў у гаспадарку прыходзіць дастаткова. Паводле яго слоў, на прадпрыемстве ёсць шмат добрых і старанных супрацоўнікаў, а выпадкі, калі хтосьці працуе слабей, адзінкавыя. Ён звязвае прыцягальнасць гаспадаркі і з тым, што побач горад, а значыць, многа моладзі выбірае працу ў Ліпніках.

Марыя Аляксееўна Вакульчык, мясцовая жыхарка, у размове адзначае, што жыве тут з 1986 года. Яна расказвае, што вёска заўсёды была моцная, але тут не было месца, дзе можна было б пагуляць з дзецьмі, а цяпер мамы змогуць прыходзіць сюды з малымі, і ўсім гэта вельмі падабаецца.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Яніны ПРАТАСЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю