Зімовыя канікулы, якія хутка пачнуцца ў школьнікаў, працягнуцца два тыдні — з 25 снежня да 7 студзеня ўключна. Педагогі, выхавацелі і работнікі самых розных устаноў пастараюцца зрабіць іх карыснымі і незабыўнымі, напоўніўшы самымі рознымі мерапрыемствамі — ад спартыўна-аздараўленчых да патрыятычных. Наведаць ёлкі і навагоднія ранішнікі, музеі і кіно, а магчыма, і аздараўленчыя лагеры — паспець можна і трэба шмат.
У тэхнапарк ці цэнтр мастацкай творчасці?
Як праінфармавала кансультант упраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Наталля ШЫМАНСКАЯ, напярэдадні канікул педагагічныя работнікі правядуць прафілактычныя гутаркі па правілах бяспечных паводзін, прафілактыкі траўматызму і ДТЗ, захаванні норм паводзін у грамадскіх месцах і правіл бяспекі пры правядзенні навагодніх ранішнікаў і свят. А інфармацыя пра пазакласныя мерапрыемствы размешчана на інфармацыйных стэндах устаноў адукацыі, сайтах, даведзена да бацькоў на бацькоўскіх сходах.
Ва ўсіх установах сярэдняй і дадатковай адукацыі падчас зімовых канікул пройдуць аздараўленчыя, фізкультурна-спартыўныя і культурна-пазнавальныя мерапрыемствы. Таксама арганізуюцца аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем.
— Асаблівая ўвага надаецца дзейнасці атрадаў ваенна-патрыятычнага профілю. Прыярытэтным кірункам выхаваўчай работы з’яўляецца фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, — адзначыла Наталля Шыманская.
У дні зімовых канікул навучэнцам працягнуць расказваць аб трагедыі і подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Будуць праводзіцца класныя і інфармацыйныя гадзіны, арганізуюць паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў пра ВАВ з наступным абмеркаваннем. Многія школьнікі змогуць прыняць удзел у навагодніх рэспубліканскіх дабрачынных акцыях «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы».
- Чакае юных наведвальнікаў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Падчас зімовых канікул тут прапануюць аглядныя экскурсіі па экспазіцыях з расказам пра дасягненні і інавацыі ў тэхнічнай творчасці. Арганізавана і віртуальная выстаўка «Гэтай вайны не забудзецца боль». З 15 снежня бягучага года па люты наступнага праходзіць рэспубліканская выстаўка-конкурс навагодніх ёлак і ўпрыгожанняў «Тэхнаёлка», створаная навучэнцамі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, робататэхнікі і ІT-тэхналогій, якія дэманструюць навуковыя таленты і крэатыўнасць.
Шэраг забаўляльных і пазнавальных мерапрыемстваў традыцыйна падрыхтаваў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства запрашае на выстаўку «Лёд. Кветкі. Фантазія» з 22 снежня па 18 студзеня. Чакаюць школьнікаў і музеі. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запрашае вучняў 6-13 гадоў прыняць удзел у патрыятычнай акцыі «Ёлачныя ўспаміны». У дні зімовых канікул акрамя агляднай экскурсіі вучням прапануюцца тэматычныя экскурсіі, якія паглыблена раскрываюць тэмы з гісторыі Вялікай Айчыннай.Прапануюцца і квэст-праграмы: «Шлях да Перамогі», «Сумка з чырвоным крыжам», «Байцы нябачнага фронту».
Нацыянальны гістарычны музей Беларусі прапануе тэматычныя экскурсіі «Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVІІІ стагоддзя. Як жылі нашы далёкія продкі», «Шлях кнігі да чалавека. З гісторыі кнігадрукавання». Прэзентуе ўстанова і выставачны праект «Музей ёлачных цацак» з навагоднімі аздабленнямі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі. А цікавая выстаўка «Навагодняя паштоўка» парадуе наведвальнікаў да 2 лютага. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе экскурсіі: «Мінск на далоні» з наведваннем агляднай пляцоўкі і інтэрактыўную «Ажыўшыя кнігі. Падарожжа ў краіну кніжных скарбаў».
У лагер ці на хакей?
Фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы падчас канікул будуць праводзіцца ў форме фізкультурных свят, дзён здароўя і спорту. Да зімовых канікул толькі ў сталіцы плануюць заліць 23 каткі і падрыхтаваць 21 хакейную каробку на тэрыторыях устаноў адукацыі, расказала начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ.
Больш за 12 тысяч юных мінчан ужо заявілі аб жаданні правесці частку канікул у аздараўленчых лагерах. Яны будуць працаваць пяць дзён: тры — да Новага года і два — пасля. Новым кірункам у сістэме сталічнай адукацыі стане профільны лагер у Цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Больш за 150 навучэнцаў пажадалі азнаёміцца з адукацыйнымі праграмамі ўстановы.
— Лагер будуць наведваць як школьнікі, якія навучаюцца ў цэнтры, так і хлопцы, і дзяўчаты з усіх раёнаў Мінска, хто захоча азнаёміцца з адукацыйнымі праграмамі і, магчыма, зрабіць выбар на карысць іх асваення ў далейшым, — патлумачыла Ганна Рысявец.
Для ўдзельнікаў профільнага лагера запланаваны не толькі заняткі і праекты, але і наведванне прадпрыемстваў, профільных ВНУ (дзе рыхтуюць інжынерныя кадры), а таксама экскурсіі на цікавыя пляцоўкі і ў музеі сталіцы. Лагер будзе працаваць з улікам канікулярнага фармату, што дасць магчымасць дзецям не толькі асвойваць адукацыйныя праграмы, але і ўдзельнічаць у навагодніх святах і добрых пачынаннях.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА