Top.Mail.Ru

Дэлегаты УНС, прадстаўнікі заканадаўчай улады розных узроўняў — аб развіцці краіны на наступную пяцігодку

17.12.2025 | 09:00
«Праграма базіруецца на фундаменце дасягненняў мінулых гадоў»

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, якую належыць прыняць на пасяджэнні найвышэйшага органа прадстаўнічага народаўладдзя — УНС, стане абавязковым для выканання дакументам, што прадвызначыць дзейнасць усіх сфер. З праектам праграмы дэлегаты УНС азнаёміліся загадзя, ва ўсіх рэгіёнах яго прадстаўлялі кіраўнікі Міністэрства эканомікі, якія адказвалі на ўсе пытанні, давалі тлумачэнні. Мы пацікавіліся ў дэлегатаў, якія прадстаўляюць парламент і Саветы дэпутатаў розных узроўняў, на што яны найперш звярнулі ўвагу ў гэтым найважнейшым дакуменце, які ўжо ў пятніцу будуць абмяркоўваць і прымаць.

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар Салігорскай птушкафабрыкі Іна Талкачова:

— Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады дастаткова доўга вярсталася. Думаю, нейкія карэкціроўкі будзем уносіць і падчас пасяджэння УНС. Яна павінна быць даведзеная да поўнай гатоўнасці для таго, каб людзі былі перакананыя ў тым, што наша краіна будзе далей развівацца, што Беларусь застанецца такой жа сацыяльна арыентаванай краінай, як ёсць сёння. У праграме на чале ўсяго стаіць чалавек, і першы прыярытэт у ёй — гэта дэмаграфія. Вядома, гэта вельмі важна — захаваць сваё насельніцтва, захаваць і павялічыць працягласць жыцця праз сістэму аховы здароўя, захаваць статус інстытута сям’і і, натуральна, дапамагчы гэтай сям’і для таго, каб шматдзетных сем’яў у нас станавілася ўсё больш і больш.

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Канапацкі:

— Безумоўна, Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады грунтуецца на фундаменце дасягненняў мінулых гадоў. У той жа час, улічваючы актуальныя выклікі і пагрозы, праграма вызначае вектар перспектыўнага развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў, устанаўліваючы канкрэтныя мэтавыя паказчыкі і індыкатары для кожнай задачы, якая вырашаецца. Вызначаны сем ключавых прыярытэтаў: ад умацавання здароўя нацыі і развіцця чалавечага патэнцыялу да рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу і ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы.

Варта адзначыць, што комплексны блок сацыяльных пытанняў прадугледжвае рэалізацыю і далейшае развіццё тых кірункаў, якія наўпрост уплываюць на жыццё кожнага чалавека, на жыццё кожнай беларускай сям’і, а значыць, вызначаюць будучыню нашай краіны і грамадства. Умацаванне інстытута сям’і і павышэнне нараджальнасці, здароўе нацыі і павелічэнне працягласці жыцця, павышэнне даступнасці і якасці сацыяльнага абслугоўвання, садзейнічанне эфектыўнай занятасці, падтрымка моладзі — гэта прыярытэты нашага грамадства і асноўныя кірункі развіцця.

Ключавая мэта праграмы — павышэнне якасці жыцця кожнага беларуса. Рэспубліка Беларусь будзе развівацца як канкурэнтаздольная тэхналагічна развітая дзяржава з уласнымі кампетэнцыямі і навукаёмістай эканомікай, у цэнтры ўвагі якой, па-ранейшаму, — чалавек.

Дэлегат УНС, старшыня Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў Шчучынскага раёна Наталля СІДЛЯРЭВІЧ:

— Асабліва блізкая мне тэма адраджэння беларускай вёскі і падтрымкі аграрнага сектара: яна не проста ўваходзіць у лік галоўных стратэгічных задач на бліжэйшыя гады, але і датычыцца непасрэдна лёсу кожнага жыхара глыбінкі. Дзяржаўная палітыка ў гэтай сферы накіравана на стварэнне ўмоў для ўстойлівага развіцця аграрнага сектара, павышэння якасці жыцця сельскага насельніцтва, умацавання харчовай бяспекі. Дзяржава сумесна з буйнымі прадпрыемствамі актыўна развівае ў неперспектыўных вёсках эканоміку і інфраструктуру. І гэта дае адчувальныя вынікі: змяняецца не толькі вонкавае аблічча палёў і ферм, расце задаволенасць вяскоўцаў, умацоўваецца вера ў будучыню, а рэгіён развіваецца.

Яскравы прыклад такіх пазітыўных перамен — тэрыторыя нашага Першамайскага сельсавета. Пасля таго як наша гаспадарка ААТ «Першамайск-агра» заключыла дагавор даверлівага кіравання з моцным сельгаспрадпрыемствам ААТ «Васілішкі», пачалося сапраўднае адраджэнне. Вядзецца вялікая работа па навядзенні парадку на зямлі, выраслі ўдоі і прыбаўленні ў вазе, павысілася ўраджайнасць, а разам з ёй і заработная плата. Людзі ўбачылі, як вынік укладзенай работы (выкарыстанне новых перадавых тэхналогій, угнаенняў, сучаснай тэхнікі) ператвараецца ў рэальныя паляпшэнні. Паступова адток моладзі ў горад стаў змяншацца, у сяла ёсць будучыня. Адраджэнне беларускай вёскі і падтрымка аграрнага сектара — шлях да адчувальных, жывых перамен, якія робяць жыццё людзей па-сапраўднаму годным. Гэта не толькі эканамічная неабходнасць, але і ўмова захавання дэмаграфічнага балансу, экалагічнай устойлівасці, культурнай спадчыны і сацыяльнай стабільнасці краіны.

Дэлегат УНС, пенсіянер, дэпутат Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Лозка:

— На мой погляд, беларусам відавочны рэальныя вынікі сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Якасць жыцця ў нас павышаецца, і гэта адчуваецца як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. Установы адукацыі, культуры і аховы здароўя працуюць стабільна, дарогі падтрымліваюцца ў належным стане, вядзецца будаўніцтва. Усё гэта стала магчымым дзякуючы сістэмнай рабоце органаў улады і падтрымцы з боку саміх грамадзян.

Калі гаварыць пра Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, лічу важным падкрэсліць яе пераемнасць. У дакуменце захаваны ўсе ключавыя падыходы, закладзеныя раней. Ён абапіраецца на пяць асноўных прыярытэтаў і сем кірункаў, дзе ўлічаны запыты грамадства, даручэнні кіраўніка дзяржавы і тыя праблемныя пытанні, што неабходна вырашыць у найбліжэйшыя пяць гадоў.

Асаблівую ўвагу, на маю думку, заслугоўвае напрамак, накіраваны на развіццё патэнцыялу грамадзяніна, бо менавіта чалавек знаходзіцца ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі. Гаворка ідзе пра павелічэнне працягласці жыцця, а таксама пра адаптацыю сістэмы адукацыі да патрэб будучай эканомікі. Новыя стандарты якасці жыцця азначаюць пераход ад мінімальных сацыяльных норм да больш камфортных умоў у сферы аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і іншых галінах.

Перспектыўным лічу і развіццё сферы паслуг, у першую чаргу турызму. Гэты кірунак мае значны патэнцыял і здольны стаць дадатковым драйверам эканамічнага росту, а таксама забяспечыць развіццё транспарту, гандлю і грамадскага харчавання. Важнае месца займае і лічбавізацыя, якая ўключае ўкараненне айчынных тэхналогій, выкарыстанне штучнага інтэлекту, а таксама пераход многіх працэсаў у электронны фармат.

Не менш актуальнай застаецца задача тэхналагічнай самадастатковасці. Яна прадугледжвае развіццё вытворчасцяў, інвестыцыйных і навуковых праектаў, аўтаматызацыю і рабатызацыю, а таксама ўмацаванне экспартнага патэнцыялу. І ў гэтым важна ўнікальнасць кожнага рэгіёна, яго ўстойлівае развіццё з апорай на ўласныя моцныя бакі.

Перакананы, што без увагі да экалогіі і рацыянальнага прыродакарыстання немагчыма гаварыць пра будучыню. Захаванне прыроднай разнастайнасці Беларусі — гэта адказнасць перад наступнымі пакаленнямі. У цэлым дасягненне ўсіх гэтых пастаўленых мэт магчыма толькі пры цесным узаемадзеянні дзяржавы і актыўным удзеле кожнага грамадзяніна.

Дэлегат УНС, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 203 ААТ «ААБ Беларусбанк», дэпутат Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга НЕВЕЛЬСКАЯ:

У наступную пяцігодку плануецца рэалізаваць 28 дзяржаўных праграм. Яны ахопліваюць шырокі спектр кірункаў. Гэта будаўніцтва жылля, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, адукацыя, цыфравізацыя, турызм і іншыя.

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця — гэта той праграмны дакумент, які арыентуе развіццё Рэспублікі Беларусь і, вядома ж, рэгіёнаў. Сёння важна, каб у раёнах развівалася прамысловасць, павялічваўся жыццёвы ўзровень насельніцтва. Хацелася б, каб укараняліся новыя інвестыцыйныя праекты, адкрываліся новыя вытворчасці і працягвалася развіццё, з’яўляліся новыя працоўныя месцы з дастойнай аплатай працы. Каб моладзь, выбіраючы, дзе лепш, выбірала свой бацькоўскі дом.

Дэлегат УНС, галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ, дэпутат Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў Крысціна Крук:

— Праграма ўключае ў сябе сем галоўных кірункаў-прыярытэтаў. Найбольш блізкімі для мяне з’яўляюцца такія кірункі, як умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу і здароўя нацыі, а таксама развіццё інфраструктуры аховы здароўя. Так, у краіне запланавана будаўніцтва больш за 83 новых аб’ектаў аховы здароўя. І хоць новыя аб’екты ў Бярэзінскім раёне ўзводзіць не плануюць, такое развіццё галіны аховы здароўя краіны ў цэлым адаб’ецца на якасці паслуг, якія прадстаўляюцца.

Не менш важнымі паказчыкамі ў праграме з’яўляюцца і павелічэнне нараджальнасці, зніжэнне смяротнасці і павышэнне чаканай працягласці жыцця. Асноўная мэта праграмы — гэта распрацоўка такіх умоў для кожнага грамадзяніна краіны, каб яму было камфортна жыць, працаваць і развівацца.

Я жыву ў райцэнтры, таму прыярытэт Праграмы «Моцныя рэгіёны» таксама лічу вельмі важным. У нашым раёне сістэма аховы здароўя развіваецца стабільна. У цяперашні час у нас рэалізуюцца два вялікія праекты: літаральна перад Новым годам плануецца адкрыццё кабінета камп’ютарнай тамаграфіі, што палепшыць даступнасць гэтай медыцынскай паслугі для жыхароў раёна, якія сёння яе атрымліваюць у Барысаўскім міжраённым цэнтры. У стадыі рэалізацыі знаходзіцца праект па мадэрнізацыі карпусоў Бярэзінскай ЦРБ. Сістэма таксама развіваецца шляхам камплектавання медыцынскіх кадраў: сёлета ў калектыў прыбылі 15 маладых спецыялістаў, а ў 2026-м чакаем яшчэ 18. Замацаванню кадраў павінна паспрыяць будаўніцтва ў рэгіёнах арэнднага жылля для маладых і найбольш запатрабаваных спецыялістаў, што таксама адлюстравана ў праекце праграмы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю