Гэты праект ініцыявала і рэалізуе абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў пры падтрымцы аблсавета. Сёлета ўдзел ва ўнікальным марафоне прымаюць больш за 110 устаноў і майстроў з Беларусі і Расіі. Яны прадставілі каля 200 ёлачных цацак ручной работы. На 30 шарах свае аўтографы пакінулі медыйныя асобы: Аляксандр Алешка, Руслан Аляхно, Ваня Дзмітрыенка, Маргарыта Суханкіна і іншыя.
Упрыгажэнні рэалізоўваюцца на выстаўцы-аўкцыёне анлайн і афлайн. Кошт кожнага лота пачынаецца з 50 рублёў, з аўтографамі — ад 70. Нават не набываючы шары, можна пералічыць пасільную суму на дабрачынны рахунак марафону праз АРІП. Сёлета да збору запланавана 15 тысяч рублёў на адрасную дапамогу дзецям з хваробамі апорна-рухальнага апарату, якія маюць патрэбу ў набыцці сродкаў рэабілітацыі, што не ўваходзяць у дзяржаўны рэестр, для паляпшэння якасці іх жыцця.
Адрасаты — Ева Атрохава з Оршы, якой неабходны вертыкалізатар з функцыяй развядзення ног, Яна Жыгулеўцава з Глыбокага — ёй патрэбны пакаёвы мабільны пад’ёмнік і Мікіта Пяткевіч з Мёраў — ён марыць пра спецыяльнае сядзенне для купання дзяцей з ДЦП.
- — Старт дабрачыннаму марафону дадзены ў канцэртнай зале «Віцебск», дзе адбылася прэзентацыя ўнікальных лотаў, — расказала выканаўчы дырэктар выканаўчай дырэкцыі абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Кацярына Лазоўская. — Першымі пакупнікамі сталі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня аблсавета Дзмітрый Дзямідаў. Выстаўка-аўкцыён працягнулася ў гандлёвым цэнтры «Трыа». На бягучы момант нам удалося сабраць 6,5 тысячы рублёў, рэалізавалі больш за палову ёлачных упрыгажэнняў. Цяпер набыць шары можна праз акаўнт у Іnstagram. Выстаўка-аўкцыён будзе доўжыцца да канца снежня.
Упершыню марафон дабрыні адбыўся напрыканцы 2023 года, тады на ім было прадстаўлена 100 шароў і адбыўся сапраўдны навагодні цуд: знайшліся спонсары. Адзін з іх набыў вібраплатформу для Валерыі Дунец, другі — электрапрыстаўку да інваліднай каляскі Мікіту Макараву з Віцебскага раёна. Зэканомленыя сродкі былі выкарыстаны для правядзення платнай аперацыі гэтаму хлопчыку. Цяпер ён нават гуляе ў футбол на электракалясцы!
У 2024 годзе выручаныя падчас марафону сродкі перадалі ў абласную дзіцячую бальніцу для набыцця апарата Solаr ELІSA — планшэтнага аналізатара хуткай дыягностыкі крыві.
«Шар дабрыні» аб’яднаў мноства нераўнадушных людзей, якія не толькі ахвяруюць на дапамогу хворым дзецям, але і ўцягваюць у дабрачыннасць новых грамадзян, праводзячы майстар-класы, канцэрты, ствараючы відэаролікі і папулярызуючы марафон праз сацсеткі.
Асобна варта сказаць пра самі экспанаты: шары — высокамастацкія вырабы ў розных тэхніках. Майстры плятуць іх з саломы, распісваюць уручную, прымяняюць дэкупаж, робяць з пап’е-машэ, аздабляюць бісерам і паеткамі, выкарыстоўваюць аб’ёмную вышыўку. Такі сувенір на доўгія гады застаецца напамінам аб добрай справе, якую людзі зрабілі разам.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц