Top.Mail.Ru
0

Як развіваецца індустрыя адпачынку

Прапановы для турыстаў

2025 год павінен стаць самым паказальным за ўвесь перыяд развіцця турыстычнай галіны, паведаміла дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч.

Санаторыі, сядзібы, шопінг

Сёлетняя статыстыка паказвае значны прырост экспарту турпаслуг. Добрую прыбаўку павінен даць і снежань: напярэдадні зімовых свят у нашу рэспубліку прыбывае шмат гасцей. Сярод краін, у грамадзян якіх асабліва запатрабаваны адпачынак у Беларусі, — Латвія, Турцыя, Арабскія Эміраты. Самыя частыя госці ў нас, вядома, — расіяне (сёлета адзначаны прырост на 147 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Найбольш запатрабавана ў замежнікаў санаторна-курортнае лячэнне, аграэкатурызм, расце цікавасць да прамысловага турызму. Расіяне адкрываюць для сябе замкавую Беларусь, з задавальненнем прыязджаюць паглядзець на адноўленыя сядзібы, становяцца гасцямі фестываляў, якія праводзяцца ў розных абласцях нашай краіны.

Вандроўкі замежныя турысты плануюць загадзя, часам за паўгода браніруюць месцы пражывання і экскурсіі, асабліва калі гэта датычыцца летняга адпачынку, канікул ці працяглых зімовых свят. Апошнія тры гады ў расіян запатрабаваны шопінг-туры ў нашу краіну, прычым суседзі прыязджаюць пераважна па беларускія тавары.

Актыўна развіваецца МІСЕ-турызм (дзелавы). Новым пунктам прыцягнення павінен стаць шматфункцыянальны Мінскі выставачны цэнтр. Замежныя госці праводзяць дзелавыя сустрэчы і ў іншых гарадах, напрыклад, у Брэсце і Гомелі, куды прыбываюць прамым авіярэйсам. Аб’екты для правядзення прафесійных сустрэч, канферэнцый, семінараў ствараюцца ў розных кутках Беларусі. Напрыклад, такія пляцоўкі могуць прапанаваць гатэлі.

Каб падштурхнуць развіццё турызму ў розных рэгіёнах, ствараюцца пілотныя праекты, якія пастаянна развіваюцца. Жыхары пэўных раёнаў прапаноўваюць аб’екты, якімі іх можна дапоўніць. На Гомельшчыне запатрабаваны пілотны праект «Патрыятычны імпульс». Пазнавальнымі сталі аб’екты «Васільковага краю» на Віцебшчыне. Пра тое, што яны звязаны з пілотным праектам, падкажуць шыльды з валошкамі. Брэндзіраванне дапамагае турыстам звярнуць увагу на асабліва цікавыя аб’екты, а таксама падштурхоўвае да вандровак з пошукам наступных пунктаў.

У турыстычных кампаній расце варыянтнасць прапаноў. Становяцца запатрабаванымі арыгінальныя прадукты, напрыклад, вандроўкі на квітнеючыя палі цюльпанаў, паездка на катары на закінуты востраў Ду, майстар-класы па выпечцы хлеба. Ёсць попыт на экскурсіі, якія дазваляюць наведаць адразу некалькі аб’ектаў. Так, у звязцы падаюцца Мір і Нясвіж, Косава — Ружаны, Чырвоны Бераг — Жылічы, Крэва — Гальшаны, Ліда і Мураванка. Акрамя таго, кластары фарміруюцца вакол усіх абласных цэнтраў. Гэта выдатная магчымасць для стварэння турыстычных прадуктаў, дзякуючы якім турыстаў у рэгіёне можна затрымаць на некалькі дзён.

Сенсацыйныя артэфакты

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў распавёў аб праектах, накіраваных на развіццё галіны. Так, вялікая работа праведзена па стварэнні турыстычнай карты Беларусі. На яе нанесены ў тым ліку аб’екты, якія зусім нядаўна сталі даступнымі для турыстаў, адкрытыя пасля рэстаўрацыі. Карта запатрабавана на міжнародных выстаўках, будзе карыснай унутраным турыстам, а для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў стане падказкай, на якія аб’екты варта звярнуць увагу ў сваёй рабоце. Між іншым, карту, брашуры па розных відах турызму, адзнятыя ЗD-туры, маршрутызатары, якія дазволяць падарожніку спланаваць для сябе ўнікальны маршрут, іншыя карысныя матэрыялы можна знайсці на сайце Нацагенцтва.

Пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі і больш даведацца пра сучасныя магчымасці адпачынку можна будзе і падчас выстаўкі «Мая Беларусь». Дарэчы, турыстычны стэнд дапамаглі аформіць супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН: яны прадставілі для дэманстрацыі артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак за апошнія гады, у тым ліку звязаныя з сенсацыйнымі адкрыццямі. Сярод іх і знаходкі з археалагічнага комплексу Огава, дзякуючы якім удалося адсунуць час засялення Беларусі на 200 тысяч гадоў назад.

Своеасаблівым паказальнікам росту ўнутранага турызму стаў конкурс «Пазнай Беларусь». У гэтым годзе ён праводзіўся 23-ы раз. Для ўдзелу было даслана каля 1,7 тысячы заявак. Сёлета пераможцаў выбіралі ў 14 намінацыях. Дзве з іх — «Я пазнаю Беларусь» і «Фатаграфія года» — належаць самім падарожнікам: вызначаюцца самыя актыўныя турысты і тыя, хто змог знайсці новыя тэмы і падыходы для прэзентацыі архітэктурнай спадчыны, прыроды, традыцый. Для галіны конкурс — не толькі магчымасць прастымуляваць вандроўкі па Беларусі, але і пратэсціраваць маршруты і аб’екты. Імёны пераможцаў, назвы кампаній і найлепшых турыстычных аб’ектаў будуць агучаны 20 снежня.

Алена Дзядзюля


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю