Выстаўка дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь» адкрываецца 19 снежня ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Яна сімвалічна прымеркавана да VІІ Усебеларускага народнага сходу.
Погляд у будучыню
— «Небывалы ажыятаж падчас першага сезона выстаўкі „Мая Беларусь“ летась сведчыць, што беларусам ёсць чым ганарыцца і што паказаць, — адзначыла намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці дзяржаўнага прадпрыемства „БелЭкспа“ Вікторыя Агафонава. — Наведвальнікі актыўна дзяліліся ўражаннямі, пакінулі шмат водгукаў і пажаданняў, якія мы пастараліся ўлічыць пры падрыхтоўцы сёлетняй выстаўкі».
Арганізатары абагульнілі назіранні і ў новай канцэпцыі выстаўкі адлюстравалі ўсю разнастайнасць дасягненняў нашай краіны з прыцэлам на будучыню. Лейтматыў экспазіцыі — вобраз сучаснай, камфортнай, накіраванай наперад, у будучыню, краіны з перадавымі тэхналогіямі. Менавіта таму сёлета выстаўка дасягненняў суверэннай Беларусі яшчэ больш інтэрактыўная, яскравая і максімальна высокатэхналагічная. Наведвальнікаў сярод усяго іншага чакаюць VR-падарожжы, інтэрактыўныя зоны для дзяцей і дарослых, майстар-класы на лакацыях, экалагічныя інсталяцыі, гукавыя пейзажы, даследчыя станцыі, насычаная культурная праграма.
Акцэнты і перадавыя рашэнні
Другая выстаўка «Мая Беларусь» мае шэраг адрозненняў ад першага праекта.
Змяніліся дызайн і канфігурацыя экспазіцыйнай прасторы, якая ўключае тры часткі: зону культурных праектаў, галіновыя экспазіцыі, а таксама фотазоны і інсталяцыі, распавяла Вікторыя Агафонава. Ключавая інсталяцыя — уваходная група, дзе знаходзіцца фотазона ў выглядзе велізарнай карты Беларусі. На ёй дэманструюцца знакавыя аб’екты, узведзеныя ў сталіцы і рэгіёнах за гады незалежнасці нашай краіны.
Адметнасць праекта — унікальная экалагічная інсталяцыя, дзе можна не толькі ўбачыць, але і адчуць водар беларускай зямлі ў розныя поры года. Асноўная экспазіцыя выстаўкі «Мая Беларусь» уключае восем тэматычных блокаў. Яны адлюстроўваюць акцэнты ў развіцці нашай краіны на пяцігодку з акцэнтам на перадавыя рашэнні ў ключавых галінах эканомікі. Усё гэта падтрымана імерсіўнымі тэхналогіямі і эфектамі дапоўненай рэальнасці, віртуальнымі актыўнасцямі і інтэрактыўнымі стэндамі. Такая сукупнасць тэхналагічных рашэнняў забяспечвае паглыбленне наведвальнікаў у тэму выстаўкі — тое, чым могуць ганарыцца грамадзяне Беларусі і чаго дасягнула краіна.

Атмасфера свята
Асобны блок у экспазіцыі прысвечаны турыстычнаму патэнцыялу і гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёнаў нашай краіны. Кожны з іх уразіць асаблівай праграмай.
Стварыць атмасферу свята і добрага настрою дапаможа марафон творчасці і забаў у зоне культурных праектаў. Сёлета яна дапоўнілася высоўнай трыбунай-трансформерам на больш чым 1,8 тысячы месцаў. «Летась выступленні вядучых калектываў краіны збіралі аўдыторыю больш чым 600 чалавек, — заўважыла Вікторыя Агафонава. — Паглядзім, якой будзе цікавасць у беларускага гледача гэтым разам».
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Наталля Глінская, дырэктар Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната, член Савета Рэспублікі:
— Я нарадзілася і вырасла ў Савецкім Саюзе, перажыла і развал вялікай краіны, і станаўленне нашай маладой дзяржавы. І сёння, калі бачыш сваё дачыненне да яе дасягненняў, да ўсяго таго, што прадстаўлена на выстаўцы, вядома, адчуваеш гонар. Вельмі хочацца, каб наша моладзь таксама яго адчувала, усвядоміла, што ўсё гэта зроблена на яе карысць перш за ўсё, каб яна расла і жыла ў такой выдатнай краіне. Для мяне асабліва блізкая тэма спартыўных дасягненняў, бо я дырэктар Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната. Многія нашы выпускнікі — паралімпійцы, яны абараняюць гонар нашай краіны на сусветным узроўні. І гэта таксама вельмі важна — каб свет ведаў, як мы жывём, як гадуем сваіх дзяцей, як займаемся спортам. Няхай глядзяць і вучацца ў нас.
Ірына ДАЎГАЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў:
— Пасля наведвання выстаўкі «Мая Беларусь» адчуваю гонар за тое, колькі ўсяго наша краіна змагла дасягнуць. Тут можна ўбачыць толькі самае лепшае, прагрэсіўнае, інавацыйнае практычна ва ўсіх галінах. Цікава прадстаўлена сельскагаспадарчая тэма. Напрыклад, наглядна паказана, як можна ўводзіць у севазварот землі, якія раней не выкарыстоўваліся. Актуальная тэма — ІT-тэхналогіі. Не адмовіла сабе ў задавальненні абняць самога робата. Кожны робат, прадстаўлены на выстаўцы, выконвае пэўныя функцыі. У прыватнасці, змаглі ўбачыць прымяненне робататэхнікі ў прамысловасці. Гэта не толькі пагрузка-разгрузка. Напрыклад, на такіх вялікіх выстаўках робат разлівае ёгурты. Важна, што прадстаўлена адукацыйная сфера, дзе ўжо дзеці паглыбляюцца ў тэму робататэхнікі і ўносяць свае прапановы.
Вельмі цікавая тэма — медыцынская. Мы ўбачылі, як выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы па замене суставаў з акцэнтам на свае напрацоўкі. На 75 % мы забяспечаны суставамі айчыннай вытворчасці. Якімі канкрэтна — паказана на выстаўцы. Фармацэўтычная прадукцыя, вырабленая ў Беларусі, даўно не саступае прэпаратам буйных замежных фармацэўтычных кампаній. Шырока прадстаўлены наша харчовая прамысловасць, турыстычны патэнцыял Беларусі. Пры гэтым прасочваецца акцэнт на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Так важна, каб не толькі беларусы, але і тыя, хто прыязджае ў нашу краіну, разумелі, што мы шануем сваю гісторыю, захоўваем тое, што нам пакінулі нашы продкі. Увогуле тэматычны дыяпазон выстаўкі ўразіў. Гонар за нашых вытворцаў, вучоных, урачоў, настаўнікаў, спартсменаў, работнікаў ІT-сферы, турыстычных аператараў — за тых, хто імкнецца памножыць патэнцыял нашай краіны, захаваць яе гісторыка-культурную спадчыну. Застаецца не спыняцца на дасягнутым, рухацца толькі наперад.

