Дэлегат УНС, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА:
— Усе гады працы нашага кіраўніка дзяржавы праводзіцца палітыка, арыентаваная на чалавека, стварэнне для яго камфортных умоў. Сваё Пасланне Прэзідэнт пачаў менавіта з эканомікі, таму што гэта аснова ўсяго. Аляксандр Рыгоравіч выразна расставіў прыярытэты: кожны павінен рабіць на сваім месцы тое, што павінен. Шчыра, прыстойна, адказна. Умацоўваючы эканамічную магутнасць краіны, мы такім чынам захоўваем яе суверэнітэт і незалежнасць — самае каштоўнае ў цяперашнім свеце. Прэзідэнт таксама заклікаў, каб за нейкімі вялікімі лічбамі, паказчыкамі мы не забывалі аб праблемах простых людзей. Без чалавека нічога не будзе. І вельмі важна, што выступленне, якое прагучала з вуснаў Прэзідэнта, было даступна для кожнага жыхара нашай краіны. Кожны для сябе зрабіў пэўныя высновы. Вы, напэўна, заўважылі, што яно (Пасланне. — «Зв.»), як заўсёды, датычылася абсалютна ўсіх сфер жыццядзейнасці. Кіраўнік дзяржавы бачыць, чым жыве грамадства, што людзі кажуць, абмяркоўваюць і, вядома, Аляксандр Рыгоравіч звяртае ўвагу на тыя пытанні, якія хвалююць беларусаў.
Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала СМАЛЯК:
— Моцнае, глыбокае Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкібеларускаму народу і парламенту, перакананая, адгукаецца ў сэрцы кожнага жыхара нашай краіны. У Пасланні ёсць выразны пасыл, арыенцір для прадстаўнікоў усіх сфер жыццядзейнасці, усіх галін улады. І ў кожным тэзісе — вялізны клопат пра будучыню краіны, пра яе развіццё, дабрабыт, бяспеку, суверэнітэт і незалежнасць, рост дабрабыту кожнага жыхара.
Кіраўніцтвам да дзеяння, лічу, павінны стаць магутныя словы нашага лідара: «Якім будзе свет заўтра, мы не ведаем. Якой будзе Беларусь — залежыць толькі ад нас. Кожны павінен думаць, каб наша краіна развівалася. Давайце рабіць усё, каб для нашых дзяцей было месца, дзе жыць».
Гэтыя словы падкрэсліваюць значнасць актыўнай пазіцыі кожнага з нас — і грамадзянскай, і прафесійнай. Важна памятаць кіраўніку, настаўніку, прамыслоўцу, аграрыю, навукоўцу аб тым, што менавіта нашы штодзённыя рашэнні і ўчынкі, канкрэтныя справы фарміруюць аблічча будучыні нашай краіны. Ад узроўню нашай унутранай адказнасці, ад імкнення шчыра, добрасумленна працаваць на сваіх месцах, ад патрыятызму залежыць, якой стане Беларусь.
Дэлегат УНС, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея ЛАЗАРЭВІЧ:
— Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні акцэнтаваў: беларускія тавары — наш гонар. Цяжкая прамысловасць: МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, «Бабруйскаграмаш» — сапраўдныя брэнды. Але лёгкая прамысловасць таксама на вышыні: «Магатэкс», Аршанскі льнокамбінат, «Віцебскія дываны». Чаму на гэта звяртаю ўвагу? Гэта бяспека краіны. Лёгкая прамысловасць — не толькі прыгажосць, але і здароўе, абарона. Прэзідэнт падкрэсліў: на паліцах беларускіх крам павінна быць максімум беларускіх тавараў. Што датычыцца задач, агучаных Прэзідэнтам, мы іх выканаем. Прамысловыя прадпрыемствы набяруць патэнцыял, каб краіна была больш упэўненая і незалежная.
Дэлегат УНС, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Яўген ВІНІЧЭНКА:
— Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да беларускага народа і Парламента ў сваім Пасланні, сказаў важную рэч: «Наша шчасце — у мірным небе». Што датычыцца ваеннай сферы, Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што ваеннаслужачых неабходна падтрымліваць, увогуле неабходна весці мірную палітыку. Гэтымі словамі варта кіравацца, але мы, прадстаўнікі Узброеных Сіл, заўсёды пры неабходнасці гатовыя абараняць родную Беларусь.
Дэлегат УНС, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько:
— Паслухаўшы Пасланне кіраўніка дзяржавы, усе засталіся задаволеныя яго заявамі, у тым ліку адказамі на пытанні дэлегатаў, дзе былі нюансы, удакладненні пытанняў, якія цікавяць. Выступленне Прэзідэнта дало дакладныя тлумачэнні падыходаў і пазіцыі нашай краіны па пытаннях міжнароднай і ўнутранай палітыкі. Усе гэтыя пытанні вельмі важныя. Выступленне было вельмі магутным. Кіраўнік дзяржавы разабраў кожнае пытанне і пашырыў іх. Як вялікі палітык, валодаючы вялізным аб’ёмам інфармацыі, ён акумуляваў яе і паказаў усім дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Гэта вельмі важная заява. Паверце, такую абсалютна дакладную інфармацыю мы можам атрымаць толькі на такім мерапрыемстве. Гэта вялікая падзея сённяшняга дня.
Дэлегат УНС, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Міхаіл РУСЫ:
— Дзякуючы рэалізацыі сацыяльна-эканамічных праграм у краіне створаны канкурэнтаздольны АПК. Захаваны і ўзняты на высокую прыступку развіцця машынабудаўнічы комплекс. Нашы камбайны і трактары канкурыруюць у свеце па прадукцыйнасці і энергаэфектыўнасці. І самае галоўнае — мы ні ад каго не залежым. Што датычыцца вёскі, сёлета мы прадалі прадукцыі сельскай гаспадаркі на больш чым 9 мільярдаў долараў. Мы ўжо даўно забяспечылі сваю харчовую бяспеку, і цяпер Беларусь актыўна ўдзельнічае ў паляпшэнні сусветнай харчовай бяспекі. Паглядзіце на сегменты экспартных паставак — алей, сухое малако, сыры. Па гэтых пазіцыях мы займаем лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. Калі ўспомніць развал Савецкага Саюза, у краіне хлеба было толькі на тры дні. А сёння мы забяспечаны харчаваннем у поўным аб’ёме. Усё гэта зрабілі нашы людзі.
Член УНС, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый ШАЎЦОЎ:
— Пасланне, традыцыйна, ідзе заўсёды ад сэрца Прэзідэнта, знутры глыбіні яго душы. І таму сённяшняе Пасланне — не выключэнне. Разам з тым заўсёды і гэтым разам Аляксандр Рыгоравіч дае пасылы развіцця дзеючай сітуацыі. Вельмі шмат увагі было ўдзелена знешняму вектару. Але разам з тым тыя задачы, аб якіх казаў наш Прэзідэнт, яны вельмі важныя. Калі мы гаворым пра дэмаграфічную бяспеку, пра развіццё навукаёмістасцяў, пра чалавечы патэнцыял — гэта таксама вельмі важны аспект, напэўна, адзін з самых галоўных аспектаў. Калі мы гаворым пра развіццё нашай краіны ў цэлым, у кантэксце з выхадам на знешнія рынкі, на тыя падножкі, якія нашы канкурэнты спрабуюць нам паставіць, то гэта вельмі такі фундаментальны вектар развіцця на перспектыву нашай краіны.
Дэлегат УНС, кіраўнік Ашмянскага раённага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў Лілія НЕВЯРКЕВІЧ:
— Прэзідэнт закрануў шэраг найважнейшых пытанняў у сваім Пасланні. Дэмаграфічныя, пытанні развіцця аховы здароўя, культуры, спорту і многіх іншых сфер. На мой погляд, вельмі важна, што Аляксандр Рыгоравіч сканцэнтраваў сваю ўвагу і на эканоміцы, ад якой залежыць наша будучыня. Прэзідэнт у Пасланні арыентаваў нас, што настаў час канкрэтных спраў. Ад таго, як кожны выконвае сваю работу на месцы, залежыць жыццё і яго якасць. Выступленне Прэзідэнта мне асабіста надало імпульс для далейшых працоўных здзяйсненняў.
Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Аляксандр КАНАПАЦКІ:
— Вядома ж, для сябе, як прадстаўніка Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, адзначыў шэраг кірункаў, якія датычацца сацыяльных пытанняў. І рэалізацыі тых механізмаў, якія будуць датычыцца кожнага беларуса, кожнай беларускай сям’і, калі гаворка ідзе аб дэмаграфіі, то гэта, зноў жа, рынак працы, беспрацоўе. Якія неабходна распачаць дзеянні? Павышэнне чаканай працягласці жыцця. Вядома ж, павышэнне якасці жыцця. Калі рэзюмаваць усё вышэйадзначанае, ключавы пасыл быў звернуты на глабальнае павышэнне якасці жыцця кожнага беларуса. Гэта і размова аб геапалітычных працэсах, якія сёння адбываюцца ў свеце, за межамі нашай краіны. Гэта глабальныя мэты, якія сёння бачаць беларусы ў маленькім населеным пункце, у буйным абласным цэнтры. Але пасыл быў адрасаваны канкрэтна, прадметна кожнаму. І кожны для сябе выйшаў з залы з разуменнем дзеянняў на бліжэйшыя пяць гадоў.
Удзельнік УНС, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла КАРНІЛОВІЧ:
— Кожная тэма, да якой звяртаўся Прэзідэнт нашай краіны ў сваім Пасланні, вельмі важная і актуальная. Самае галоўнае ў маёй працы — аснова ідэалогіі беларускай дзяржавы, якую важна данесці да кожнага жыхара раёна. Асноўныя сілы будзем арыентаваць на моладзь. Як акцэнтаваў увагу Аляксандр Рыгоравіч, за моладдзю — будучыня. Важна даносіць да юнакоў і дзяўчат правераную інфармацыю, каб яны з цвёрдым розумам і адкрытым сэрцам будавалі гісторыю сваёй краіны.
Дэлегат УНС, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК:
— Любое Пасланне Прэзідэнта вызначае найважнейшая тэма, а ў дадзеным выпадку, калі мы гаворым аб пасланні Прэзідэнта, гэта вызначэнне стратэгіі будучыні на бліжэйшыя пяць гадоў. Я не буду пераказваць усе тэзісы. Калі адной фразай — гэта якраз той выпадак, калі паняцце таго, што эканоміка — канцэнтраваная палітыка, альбо палітыка — гэта канцэнтраваная эканоміка, называйце гэта як заўгодна, лепш за ўсё падыходзіць да гэтага моманту. І другі момант. Гаворачы аб эканамічных праблемах, аб пунктах росту, Прэзідэнт пастаянна акцэнтаваў увагу на найважнейшым моманце з майго пункту гледжання — на суверэнітэце краіны. Ну і яшчэ адзін тэзіс: не бывае вялікіх і малых народаў, не бывае нікчэмных і малых народаў, кожны народ вялікі па-свойму і апеляцыя да беларускага народа і разуменне таго, што для Аляксандра Лукашэнкі беларускі народ — гэта вялікі народ. Любоў і цеплыня, якія былі ў працэсе ўсяго пасяджэння, — пра гэтыя рэчы трэба памятаць, таму што, калі мы любім, мы імкнёмся зрабіць магчымае і немагчымае, мы рвём гарызонт і выходзім за перыметр штодзённасці. Вось гэта быў прарыў у будучыню — мара аб вялікай будучыні чалавека, які зрабіў нашу вялікую сучаснасць.
Дэлегат УНС, старшыня Гаранскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга АНТОНЕНКА:
— Паколькі я з’яўляюся старшынёй сельскага Савета, мяне цікавілі пытанні добраўпарадкавання, дэмаграфіі ў нашай краіне і ў нашым рэгіёне. Таксама, вядома ж, усе нашы людзі перажываюць з-за сітуацыі, звязанай з Украінай. Прэзідэнт расказаў больш падрабязна аб усіх хвалюючых пытаннях. І мы ведаем і верым, што ўсё будзе добра. Магу сказаць, што многія людзі адчуваюць сябе ўпэўнена ў нашай краіне. Яны ведаюць, што ў іх ёсць або ў хуткім часе будзе жыллё, ёсць пастаянная праца, стабільны заробак. У сельскай мясцовасці дзяржавай ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для жыцця людзей. Нашы людзі, як і ўсе ў свеце, хочуць жыць яшчэ лепш. Гэта правільна, але, як і сказаў Прэзідэнт, мы ўсе павінны для гэтага нешта рабіць. А дзяржава нам у гэтымдапамагае.