Top.Mail.Ru

Таямнічыя сусветы кніжных сюжэтаў

Перыяд чакання навагодніх свят па традыцыі супадае са школьнымі канікуламі. А значыць, у дзяцей з'явіцца больш часу, каб адкрыць для сябе свет чароўных гісторый не толькі ў тэатры ці на вялікім экране, але і пад вокладкамі кніг. У нашай чарговай падборцы навінак ад Выдавецкага дома «Звязда» сабраны прапановы для цікавых, незвычайных і незабыўных сустрэч з мастацкім словам і ў кампаніі любімых аўтараў.



Страшныя гісторыі для самых смелых

Між старонак аднайменнай кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой прытаіліся таямнічыя персанажы, якія любяць сустракацца з чытачамі познім вечарам, калі самыя смелыя з іх адважваюцца пачытаць страшныя гісторыі пра прывіда з хутара, Ліловага цмока альбо Змрочнага птаха. Містычныя героі запрашаюць у небяспечны шлях па чырвоных стрэлках, прымушаюць наведаць прыстанак здані, прапануюць пазнаёміцца з гасцямі з іншасвету... «Пакой жахаў» страціў сваю злавесную таямнічасць. Певень, жаба, капюшон на цвіку... Колькі прыгод! Хлопцы перакінуліся позіркамі, пасмяяліся. Потым перанеслі астатнюю цэглу і паехалі катацца на роварах. І толькі Змрочны птах праводзіў іх пільным поглядам сваіх гіпнатычных вачэй«. Чытайце, калі вы сапраўды бясстрашныя. Акрамя гэтага на старонках выдання чытачы знойдуць бонус — квэст «Кажаны прыносяць сны...» Набывайце і адпраўляйцеся насустрач прыгодам.


Сакрэты музычных інструментаў

А вось кніга «Сакрэты музычных інструментаў і іх майстроў» Міхаіла Чудакова адкрые перад вамі таямнічыя старонкі аўтарскага даследавання тэмы паходжання музыкі і інструментаў, якія мы чуем у творах любімых выканаўцаў. Напрыклад, чытачы даведаюцца, якая сям’я музычных інструментаў самая шматлікая, што можна выкарыстоўваць у якасці падручных крыніц незвычайных гукаў, чаму саксафон адносяць до драўляных інструментаў, на чым любіў іграць біблейскі цар Давід, у якім узросце зрабіў сваю апошнюю скрыпку Страдывары і шмат іншых цікавых падрабязнасцяў. А ілюстрацыі мастака Алега Грубіна дадаюць кнізе непаўторнасці візуальнай. Выданне адрасавана дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.


Мелодыі добрага настрою

Новы зборнік «До-рэ-мі-фа-соль — ля- Мяў», куды ўвайшлі вершы і апавяданні вядомага дзіцячага аўтара Іны Фраловай, прапануе юным чытачам зноў настроіцца на хвалю расповедаў пра добра знаёмых вусатых сяброў — катоў. У кожным творы ёсць хараство беларускай мовы, гісторыі пра хатніх гадаванцаў і іх гаспадароў. Усе яны з характарам, са сваімі асаблівасцямі: «Песенька на мяккіх лапах\ завітала ў мой пакой.\ Паглядзела на канапу\ і пайшла піць малако». Героямі захапляешся і ў іх думках-разважаннях таксама знаходзіш нагоду падумаць: «Хацелася б ведаць, як жыве зараз той чалавек, што выкінуў на мароз кацянят. І пасля, зусім-зусім пасля — ён жа не будзе, як зорка? Не, ён, магчыма, адразу знікне... Як зорка — гэта калі святла не толькі сабе хапае, але і іншым. Нават незнаёмым. І доўга-доўга!»...

Алена ДРАПКО.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю