Top.Mail.Ru

Як дэпутацкі корпус Гродзеншчыны далучаецца да акцыі «Нашы дзеці»

Вось ужо на працягу 30 гадоў рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» дорыць цяпло і клопат кожнаму дзіцяці ў навагоднія святы. У яе рамках праходзіць нямала мерапрыемстваў, і, на мой погляд, асабліва цёплыя і мілыя — дзіцячыя ранішнікі. Дзеці старанна рыхтуюць нумары, каб парадаваць бацькоў і гасцей свята. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» схадзіла да малых у спецыяльны дзіцячы садок № 5 г. Гродна.


Дзіцячы садок № 5 працуе з 1989 года. За гэты час ён стаў неад’емнай часткай жыцця многіх сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У 2010 годзе ўстанова атрымала статус юрыдычнай асобы, што дало магчымасць больш эфектыўна выбудоўваць работу і прадастаўляць дзецям неабходную дапамогу і адукацыю.

— Сёння ў нашым дзіцячым садку працуюць 27 выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, 14 настаўнікаў-дэфектолагаў і 9 спецыялістаў, якія ажыццяўляюць персанальнае суправаджэнне дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектру. Наш калектыў — гэта вопытныя прафесіяналы, якія ведаюць, як знайсці падыход да кожнага дзіцяці, а іх у нас пад крылом 107 чалавек. Мы ганарымся тым, што можам прапанаваць дзецям не толькі адукацыйныя праграмы, але і карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Усе нашы заняткі праводзяцца з улікам індывідуальных асаблівасцяў дзяцей і іх узросту. Мы ствараем для іх асяроддзе, якое дапамагае ім развівацца і сацыялізавацца, — расказала загадчык дзіцячага садка Таццяна Грэсь.

Вядома, дзеткі і калектыў падрыхтаваліся да ранішніка і стварылі сапраўдную казку. Тут былі Баба Яга, Лесавік, Снягурка і, вядома, Дзед Мароз. Кампанію ім склалі маленькія чараўнікі, гномы і сняжынкі. Усё прадстаўленне ўсмешкі не сыходзілі з твараў бацькоў і гасцей свята, сярод якіх была старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

— Дэпутацкі корпус Гродзенскай вобласці ўжо другі год запар выконвае мары маленькіх жыхароў вобласці. Сёлета мы атрымалі 54 лісты, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі расказваюць пра свае мары, і мы з вялікай радасцю іх выконваем. Напрыклад, сумесна з дэпутатамі і старшынямі раённых Саветаў мы правялі акцыю і перадалі сабраныя сродкі ў Навагрудскі раён. Дзяўчынка напісала ліст, у якім папрасіла веласіпед для свайго брата, каб яны маглі ездзіць да бабулі ў госці. Малых выхоўвае толькі тата. Вядома, дэпутацкі корпус актыўна далучаецца да акцыі «Нашы дзеці», у нас ёсць падшэфныя арганізацыі, мы праводзім акцыі па зборы сродкаў, дорым падарункі і стараемся, каб усе атрымалі ўвагу ў гэты чароўны час, — расказала Алена Пасюта. — Хочацца, каб усе дзеці ведалі, што дарослыя будуць побач і ніколі іх не пакінуць!

Маляўнічы і добры канцэрт скончыўся ўручэннем падарункаў, якія вельмі парадавалі малых. Дарэчы, у вобласці жыве больш за 180 000 дзяцей, і 40 000 з іх выхоўваюцца ў шматдзетных сем’ях. Алена Пасюта звярнула ўвагу, што ў рамках пасяджэння УНС вялікая ўвага была і да дэмаграфічных праблем, адукацыі і выхавання дзяцей. А шлях дзіцяці пачынаецца з дзіцячага садка, куды і выхавальнікі, і бацькі ўкладваюць шмат сіл. Таму так важна прыходзіць да іх на дапамогу і ніколі не пакідаць па-за ўвагай.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, 
фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю