Top.Mail.Ru

«Калі нешта абяцаю — абавязкова раблю». Пад такім дэвізам працуе ў сваёй акрузе дэпутат Андрэй Ліс

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ліс выдатна ведае, што хвалюе выбаршчыкаў яго акругі. Справа ў тым, што генерал-маёр юстыцыі нарадзіўся і вырас у Клецкім раёне, які ўваходзіць у Капыльскую выбарчую акругу № 66. На асаблівым кантролі дэпутата патрыятычнае выхаванне моладзі, абарона і падтрымка інстытута сям’і, садзейнічанне развіццю рэгіёнаў, іх турыстычнага патэнцыялу. Задачы розныя, але мэта адна — паляпшэнне якасці жыцця кожнага беларуса.


Выбарчая акруга Андрэя Ліса — невялікая па насельніцтве, але буйная па тэрыторыі. Яна працягнулася з аднаго канца Мінскага раёна да яго мяжы з Брэсцкай вобласцю, уключае ў сябе тры паўнавартасныя раёны — Клецкі, Капыльскі, Уздзенскі — і яшчэ два сельсаветы ад Дзяржынскага раёна. Усяго каля 65 тысяч выбаршчыкаў.

Дэпутат стараецца аб’ехаць усіх, сустрэцца з як мага большай колькасцю людзей. 

«Выбаршчыкаў больш за ўсё цікавіць якасць жыцця: вада, дарогі, жыллёва-камунальная гаспадарка, — дзеліцца ён назіраннямі з работы ў акрузе. — Я часта сутыкаюся з такімі зваротамі падчас штомесячных камандзіровак, для іх вырашэння цесна ўзаемадзейнічаю з аблвыканкамам, райвыканкамамі, ЖКГ, водаканаламі. 

Падчас камандзіровачнага тыдня праводжу не менш за чатыры асабістых прыёму грамадзян. Увогуле, імкнуся быць сувязным звяном: чалавек паскардзіўся — трэба дапамагчы накіраваць зварот у патрэбную інстанцыю і пракантраляваць рашэнне праблемы. Заўсёды стаўлюся да гэтага з вялікай адказнасцю, калі нешта абяцаю — абавязкова раблю. Напэўна, сваю ролю ў гэтым сэнсе адыграла і прафесійнае мінулае».

Асаблівую цікавасць у Андрэя Ліса, прафесійнага юрыста, выклікаюць звароты грамадзян наконт заканадаўства, нейкіх яго недахопаў або незразумеласцяў, якія патрабуюць вырашэння. «Адны з апошніх — пытанні выкарыстання чэкаў „Жыллё“, — прыводзіць прыклад дэпутат. — Пажылыя людзі часам да мяне з гэтым пытаннем прыходзяць, жадаюць паправіць той жа дах за кошт чэкаў. Або іншая гісторыя: жанчына хацела, каб чэкі яе бацькі выкарыстоўваў яе ўнук, а гэта законам не дазволена — не тая ступень сваяцтва. Я накіраваў зварот у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, высветлілася, што ў Савеце Міністраў ужо прапрацоўваюць пытанне пашырэння магчымасцей выкарыстання чэкаў. Спадзяюся, што пажаданні маіх выбаршчыкаў будуць таксама ўлічаны».

А на 2026 год запланавана комплексная карэкціроўка Жыллёвага кодэкса, куды дэпутат плануе ўнесці канкрэтныя прапановы. У тым ліку па праблеме 
так званых блакіраваных дамоў у сельскай мясцовасці, якія знялі з абслугоўвання ЖКГ. «Як правіла, жывуць там старыя людзі, і пакідаць іх у гэтым сэнсе адных, лічу, нельга», — аргументуе дэпутат.

Калі загаварылі пра Год добраўпарадкавання і паляпшэнне якасці жыцця людзей, Андрэй Ліс прывёў канкрэтны прыклад сваёй работы ў акрузе — стварэнне новай сучаснай спартыўнай пляцоўкі ў аграгарадку Дзешчанка Уздзенскага раёна. «Па маёй просьбе з удзелам прыватных кампаній да раённых „Дажынак“ яна была абсталявана выдатным комплексам, — расказаў дэпутат. — Пляцоўка стала сапраўдным падарункам для жыхароў, асабліва для моладзі, і, магчыма, адыграла сваю ролю ў тым, што аграгарадок Дзешчанка заняў другое месца ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні».

Аміна НАЗАРАВА.
Фота з архіва Андрэя ЛІСА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю