Бюджэт па традыцыі — сацыяльна накіраваны
Улады Мінскай вобласці сфарміравалі бюджэт на наступны год. Гэты фінансавы план адлюстроўвае стратэгічныя прыярытэты рэгіёна: захаваць высокі ўзровень сацыяльнай абароны жыхароў, падтрымаць эканамічны рост і забяспечыць устойлівасць нават ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў.
Больш за 90 % агульнай сумы складуць уласныя даходы рэгіёна — перш за ўсё, падатковыя паступленні ад прадпрыемстваў і насельніцтва. Астатняе — мэтавая дапамога з рэспубліканскага бюджэту на канкрэтныя інфраструктурныя і сацыяльныя праекты. Выдаткі запланаваны крыху ніжэй даходаў, што дазволіць сфарміраваць прафіцыт. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне фінансавай стабільнасці рэгіёна.
Сацыяльныя абавязацельствы — у прыярытэце. Бюджэт захоўвае выразную сацыяльную накіраванасць. Больш за 60 % усіх выдаткаў зарэзервавана на першачарговыя патрэбы, якія напрамую ўплываюць на якасць жыцця людзей.
Да іх адносяцца заработная плата ў бюджэтнай сферы, сацыяльныя выплаты, уключаючы пенсіі і дапамогі, субсідыі на аплату жыллёва-камунальных і транспартных паслуг. Асобным буйным блокам вылучаецца фінансаванне сацыяльнай сферы — на ахову здароўя, адукацыю, культуру і спорт плануецца накіраваць больш за палову ўсіх бюджэтных выдаткаў.
Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў на 16-й сесіі зацвердзілі бюджэт сталіцы на 2026 год. Як адзначыў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Уладзімір ЖУКОВІЧ, ён мае сацыяльную накіраванасць і сфарміраваны па даходах у памеры 13,2 мільярда, па расходах — у памеры 13,7 мільярда рублёў. «На фінансаванне сацыяльнай сферы плануецца накіраваць больш за 6 мільярдаў рублёў. У бюджэт закладзены рост заработнай платы, падтрымка сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, расходы на стварэнне камфортнага гарадскога асяроддзя. Таксама плануецца накіраваць грашовыя сродкі на развіццё інфраструктуры ў горадзе-спадарожніку Смалявічах, рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў», — канкрэтызаваў Уладзімір Жуковіч.
Інвестыцыі будуць павялічвацца
Паводле слоў намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніса Курленкі, у будучым годзе у вобласці плануецца рэалізаваць больш за 180 інвестпраектаў арганізацый рознай формы ўласнасці. Ён падкрэсліў, што для развіцця Мінскага прамысловага пояса на наступную пяцігодку ў Праграму развіцця Мінскай вобласці ўключаны спецыяльны раздзел. «З улікам ужо наяўнай інфраструктуры апорных пунктаў прамысловага пояса (а гэта Барысаўская, Маладзечанская, Слуцка-Салігорская, Дзяржынская, Стаўбцоўская зоны) ён стане яшчэ адным рэзервам для развіцця эканомікі вобласці. Гэта тыя рэгіёны, дзе маюцца і нашы пляцоўкі СЭЗ, і вытворчыя невыкарыстаныя магутнасці ў буйных прамысловых цэнтрах, і тэрыторыі, землі якіх можна даць разам з гатовай інфраструктурай, для таго, каб рэалізаваць тыя ці іншыя інвестпраекты», — патлумачыў намеснік старшыні.
У рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» у Мінскай вобласці па выніках 2025 года рэалізавана 29 інвестпраектаў, да якіх да канца года дадасца яшчэ пяць. Сума рэалізацыі ўсіх праектаў набліжаецца да 700 мільёнаў рублёў. На новых вытворчасцях створана каля 1,2 тысячы працоўных месцаў.
Па словах старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірыны ГОНТАРАВАЙ, аб’ём фінансавання інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2026 год складзе больш за 2 мільярды рублёў, з якіх 200 мільёнаў — крэдытныя рэсурсы банкаў на фінансаванне трэцяй лініі метро і рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі. Таксама сродкі плануецца накіраваць на пагашэнне працэнтаў і асноўнага доўгу па раней выдадзеных крэдытах.
«Фактычна на капітальнае будаўніцтва аб’ектаў мяркуецца накіраваць 1 мільярд 821 мільён бюджэтных сродкаў. Асноўнымі прынцыпамі інвестыцыйнай праграмы з’яўляецца канцэнтрацыя бюджэтных сродкаў на аб’ектах, якія падлягаюць ўводу ў эксплуатацыю ў 2026 годзе, якія маюць высокую ступень гатоўнасці, якія будуюцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы, урада, а таксама адлюстраваны ў мерапрыемствах па праблемных пытаннях і наказах грамадзян, выказаных кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета 29-га склікання ў ходзе перадвыбарнай кампаніі», — адзначыла спецыяліст. Адзін з найбольш фінансуемых кірункаў — сфера жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкаванне. На гэтыя мэты прадугледжана 648 мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, запланаваны работы па 17 аб’ектах аховы здароўя, 21 аб’екце адукацыі (дашкольнай і сярэдняй). У пераліку таксама значацца праекты ў галіне культуры, фізічнай культуры, спорту і не толькі.
Яна Валасач,
Данііл Хмяльніцкі.