Квітней, горад над Нёманам
Новыя медустановы, кіламетры асфальту і мільён кветак — усё гэта і не толькі стала вынікам Года добраўпарадкавання ў Гродне. Пра ўсе падрабязнасці ўласнаму карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель у рамках прэс-туру гарвыканкама.
Гродна рухаецца да свайго 900-годдзя, і мы ставім сабе задачу, каб кожны чалавек адчуў, што пра яго таксама паклапаціліся. Цэнтр горада — ён для ўсіх, а ў першую чаргу нас турбуе тое, што знаходзіцца паблізу нашага дома. Таму хоць бы пакрысе, але мы плануем максімальна ахапіць горад, — расказаў Андрэй Хмель.

Па горадзе ўстаноўлены кветкавыя аркі, канструкцыі вертыкальнага азелянення і іншыя канструкцыі для ўтрымання і афармлення аб’ектаў знешняга добраўпарадкавання.
Новыя аквацэнтр і парк
Праводзяцца і маштабныя работы. Напрыклад, вялікія змены чакаюць мікрараён Фолюш. Там востра стаяла пытанне незаконных пабудоў, якія былі размешчаны ўздоўж ракі Ласасянкі.
Паступова сама рака і тэрыторыя вакол яе прыводзіцца ў парадак, работа будзе прадоўжана і ў наступным годзе. Дарэчы, на гэтым участку сур’ёзную дапамогу гарвыканкаму аказвае дэпутацкі корпус. У наступным годзе тут з’явяцца добраўпарадкаваныя паркі. Таксама прайшла рэканструкцыя тэрыторыі, прылеглай да вадаёма па вуліцы Рэпіна, з уладкаваннем дзіцячай інклюзіўнай пляцоўкі. Адбылася рэканструкцыя сквера ў межах вуліц Гарнавых, Дарвіна і Леванабярэжнай.
Акрамя таго, стаіць задача максімальна задзейнічаць усе аб’екты, якія па якой-небудзь прычыне аказаліся без справы, або знайсці інвестараў, або выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі. Добры прыклад — рэканструкцыя аквацэнтра «Лазурны». Гэта адзін з першых басейнаў Гродна, які быў пабудаваны заводам «Белкард» у 1972 годзе. У 2014 годзе ён спыніў сваю працу і меў патрэбу ў рэканструкцыі. Было вырашана ператварыць яго ў сучасны аквацэнтр. Работы пачаліся ў сакавіку 2025 года, а завяршэнне рэканструкцыі плануецца да лета 2026 года.
Пасля заканчэння будаўнічых работ у Гродне з’явіцца сучасны аквацэнтр, які стане месцам адпачынку для ўсёй сям’і. Можна смела прагназаваць папулярнасць аб’екта, бо сёлетні аквацэнтр за год наведала больш за 410 000 чалавек. Калі гаворка зайшла пра водны адпачынак, варта згадаць і пляжы, якія былі абноўлены, а пляж каля возера Юбілейнае быў прызнаны лепшым у краіне.
Працягваецца маштабнае абнаўленне моста праз раку Юрысдыку. Завершаны дэмантаж існуючых канструкцый, разабраны 26 бэлек таўровага сячэння і маналітная пліта над арачным пралётам. Пачаўся мантаж дапаможных збудаванняў для новай маналітнай пліты, запланаваны на снежань—сакавік. Грунт не замяняецца, выконваюцца меры па яго ўзмацненні. Ідзе падрыхтоўка да другога этапа бетанавання і рамонт арачнай пралётнай пабудовы знізу. Праект захоўвае гістарычнае аблічча моста, замяняючы старыя бэлькі сучаснымі канструкцыямі. Запланаваны капітальны рамонт пад’ездаў, тратуараў і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Даўжыня моста — 52,3 м, шырыня — 36,7 м. Работы вядуцца ў паскораным рэжыме, мэта — завяршыць іх да мая. Выкарыстоўваецца вахтавы метад, праца ідзе без выхадных і свят.
Натуральна, сур’ёзная ўвага была ўдзелена аб’ектам ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У Гродне больш за 30 месцаў пахавання. Асабліва маштабныя работы разгарнуліся на пахаванні па вуліцы Белуша і брацкай магіле, размешчанай у парку імя Жылібера. Сур’ёзныя працы закранулі Шталаг-324 — мемарыял на месцы лагера савецкіх ваеннапалонных, які дзейнічаў з 1941 па 1942 год.
Факты!
На тэрыторыі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў г. Гродна ўладкавалі 12 новых дзіцячых пляцовак па шэрагу адрасоў.
«Рамбудаўтадар» забяспечыў аднаўленне асфальтабетоннага пакрыцця вуліц агульнай плошчай 225,3 тыс. м2.
«Гродназелянбуд» актыўна займаўся азеляненнем: высаджана больш за 21 тыс. дрэў, 16 тыс. кустоў і звыш 1,6 млн кветак, а таксама праведзены рамонт газонаў на плошчы 13,2 га.
ГУКВП «Гарсвятло» завяршыў маштабную мадэрнізацыю вулічнага асвятлення: старыя лампы заменены на сучасныя святлодыёдныя мадэлі. Акрамя таго, супрацоўнікі прадпрыемства традыцыйна падрыхтавалі горад да навагодніх свят, устанавіўшы святочныя канструкцыі і гірлянды.
У рамках праграмы «Даступнае асяроддзе» выкананы работы па добраўпарадкаванні сцежкавых сетак, устаноўцы тактыльнай пліткі і стварэнні ўмоў для маламабільных грамадзян. Таксама праведзены капітальныя рамонты жылых памяшканняў, замена ліфтаў, перакладка цеплавых і водаправодных сетак.
Андрэй Хмель адзначыў, што ў Гродне заўсёды ўдзялялася ўважлівая ўвага навядзенню парадку і добраўпарадкаванню, вядома, гэта работа будзе прадоўжана. На 2026 год жыллёва-камунальная гаспадарка Гродна плануе вырашыць шэраг стратэгічных задач. У прыватнасці, будзе прадоўжана мадэрнізацыя інжынерных сетак і сістэм водаадвядзення. Таксама плануецца пашырэнне праграмы добраўпарадкавання дваровых тэрыторый з акцэнтам на стварэнне сучасных спартыўных і дзіцячых пляцовак.
— Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю сістэмы раздзельнага збору адходаў і будаўніцтву новых кантэйнерных пляцовак. У рамках азелянення горада будуць выкарыстаны ўстойлівыя да кліматычных умоў пароды дрэў і кустоў. Акрамя таго, плануецца мадэрнізацыя вулічнага асвятлення з ужываннем «разумных» тэхналогій кіравання энергаспажываннем, — расказаў Андрэй Хмель.
Ад дзіцячых пляцовак да стадыёнаў
Як паляпшаецца жыццё ў Бешанковічах, расказвае старшыня райсавета.
Развіццё рэгіёнаў было прыярытэтным кірункам у гэтай пяцігодцы, такім застанецца і ў наступнай. Адным з прыкладаў эфектыўнай работы па стварэнні камфортных умоў для пражывання грамадзян у 2021–2025 гг. з’яўляецца Бешанковіцкі раён. Тут аднымі з першых у вобласці ў поўным аб’ёме выканалі работы па праграме «Чыстая вада», 10 з 12 аграгарадкоў раёна газіфікаваны, праведзены бягучыя рамонты 16 вуліц і тратуараў гарадскога пасёлка. У сувязі з правядзеннем Дажынак летась у раёне абноўлена больш за 170 розных аб’ектаў. Добраўпарадкаванне працягнулася і сёлета, а галоўным клопатам стала сацыяльная сфера, ад якой найбольш залежыць камфорт грамадзян.
Даступнае асяроддзе і новае медабсталяванне
Дадатковая прастора ў наступным годзе з’явіцца ў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёлета актыўна вяліся работы па рэканструкцыі будынка былой школы-інтэрната, які перададзены цэнтру. Тут размесціцца аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. Усе памяшканні адрэканструяванага будынка цалкам адаптаваны з улікам сучасных патрабаванняў у праектаванні да даступнага асяроддзя. На дваровай тэрыторыі ўстаноўлена пляцоўка з вулічнымі трэнажорамі, тут з’явяцца альтанкі і вулічная мэбля для баўлення часу ў цёплую пару.
— Работы па рэканструкцыі мы пачалі яшчэ летась. Была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, і летась у рэканструкцыю было ўкладзена 1 мільён 362 тысячы рублёў. Сёлета падрадчык асвоіў 785 тысяч рублёў, — прыводзіць лічбы старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр ЕРАШОЎ. — Асноўная частка работ ужо завершана, засталося выканаць унутранае аздабленне.
Працягваецца абнаўленне Цэнтральнай раённай бальніцы. Сёлета пасля рамонту пачало прымаць пацыентаў флюараграфічнае аддзяленне. Таксама мадэрнізаваны харчаблок, заменены грузапасажырскі ліфт. У наступным годзе работы працягнуцца.
— Сёлета ў бягучы рамонт ЦРБ было ўкладзена 269 тысяч рублёў, рамонт флюараграфічнага кабінета абышоўся ў 360 тысяч, яго абсталяванне — у 140 тысяч, замена ліфта — у 180 тысяч рублёў, — адзначае Аляксандр Ерашоў.
Куды пайсці ўсёй сям’ёй?
Што датычыцца ўстаноў адукацыі, то сёлета ўвага ўдзялялася бягучым рамонтам, набыццю мэблі і абсталявання, бо ў папярэднія гады яны былі істотна абноўлены. Сучасным выглядам радуе школьнікаў і жыхароў райцэнтра сярэдняя школа № 2, дзе быў праведзены капітальны рамонт з заменай усіх інжынерных сістэм. Праз комплекснае абнаўленне з заменай даху прайшла і сярэдняя школа № 1, да таго ж не толькі для школьнікаў, але і для ўсіх жыхароў райцэнтра тут адкрыўся новы стадыён з пляцоўкамі для футбола, баскетбола, валейбола, пляжнага валейбола, вулічнымі трэнажорамі для варкаўта. Асабліва гэта зручна для жыхароў прылеглага мікрараёна Маладзёжны, дзе жыве каля 2 тысяч чалавек. У наступным годзе акцэнт мяркуецца зрабіць на сельскіх установах адукацыі, у тым ліку чатырох сельскіх школах, каб стварыць не менш камфортныя ўмовы для дзяцей і ў невялікіх населеных пунктах.
Што датычыцца мікрараёна Маладзёжны, то сёлета тут з’явілася комплексная дзіцячая пляцоўка. Прычым новае абсталяванне на яе было закуплена за сродкі, заробленыя жыхарамі раёна на суботніку. Цяпер у жыхароў ёсць усе магчымасці для актыўнага сямейнага адпачынку.
Яшчэ адной зонай прыцягнення аматараў актыўнага ладу жыцця стане гарадскі стадыён. Мадэрнізацыя закранула і яго, работы пачаліся летась і працягваліся сёлета. Па праектна-каштарыснай дакументацыі на гэтыя мэты прадугледжана больш за два мільёны рублёў, у тым ліку сёлета затрачана амаль 500 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў, але прадугледжана і замежная спонсарская дапамога. Інвестар — ураджэнец раёна, выпускнік школы № 2 Аляксандр Яўневіч, які дапамагаў з яе рамонтам.

— Мы заключылі дагавор з інвестарам на суфінансаванне рэканструкцыі стадыёна ў прапорцыі 50 на 50. Ён накіруе 1 мільён 64 тысячы рублёў, амаль столькі ж складзе бюджэтнае фінансаванне. У першым квартале будучага года абнаўленне будзе завершана, — расказвае Аляксандр Ерашоў.
У абноўленым будынку стадыёна на другім паверсе з’явіцца барцоўская зала з душавымі і раздзявалкамі для спартсменаў, на першым паверсе — памяшканні і раздзявалкі для футбалістаў. Акрамя гэтага, на стадыёне будзе сучасная хакейная каробка, яе абсталююць пластыкавымі бартамі, адкрыецца пракат зімовага інвентару. А аматары міні-футбола змогуць займацца на пляцоўцы са штучным пакрыццём. Пасля рэканструкцыі побач са стадыёнам з’явяцца і дадатковыя парковачныя месцы.
Істотна абноўлены сёлета адзін з музейных будынкаў — экспазіцыйная зала «Мяшчанская хата мястэчка Бешанковічы канца XІX — пачатку XX стагоддзя». Там заменены інжынерныя сістэмы, праведзена электраацяпленне. Ён адрамантаваны знешне і звонку, з’яўляецца паўнацэнным турыстычным аб’ектам. А вось асноўны будынак мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея радуе наведвальнікаў абноўленым знешнім выглядам з мінулага года. У планах на наступны год — замена экспазіцыі ў залах і абнаўленне памяшканняў, што, безумоўна, будзе спрыяць прыцягненню ў раён турыстаў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Алена КРАВЕЦ.