Top.Mail.Ru

Душэўныя святы па ўсёй краіне

23.12.2025 | 18:40

Навагодні настрой многім людзям дорыць не толькі паўсюдная святочная ілюмінацыя, але і дабрачынныя традыцыйныя акцыі (прычым не толькі тым, каго віншуюць, але і тым, хто віншуе). 23 снежня дадзены старт акцыі «Ад усёй душы». А акцыя «Нашы дзеці» ўжо некалькі дзён упэўнена крочыць па краіне, і нашы карэспандэнты — услед за ёй.


Калейдаскоп жаданняў

Каля 950 найлепшых вучняў Віцебшчыны ва ўзросце 8–14 гадоў сабраліся наабласной ёлцы ў канцэртнай зале «Віцебск» у рамках акцыі «Нашы дзеці». Госці — выдатнікі вучобы, пераможцы конкурсаў і спаборніцтваў, актывісты, дзеці з прыёмных і шматдзетных сем’яў. Іх вабілі шматлікія гульнявыя, забаўляльныя і выставачныя пляцоўкі, майстар-класы, фотазоны.

Падзяліць свята з дзецьмі прыйшлі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч і старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Віншуючы юных удзельнікаў маштабнага мерапрыемства, ён падбадзёрыў іх, назваўшы найлепшымі з найлепшых, гонарам і надзеяй Радзімы.

— Тое, што кіраўнікі вобласці, такія занятыя людзі, знайшлі час, каб павіншаваць дзятву, гаворыць аб павазе да нас, надзеях на нас, — падзялілася думкамі вучаніца 7 класа СШ № 2 Новалукомля імя Ф.Ф. Азміцеля Марыя Цішонак. — Мы будучыня сваёй краіны, і такая ўвага да нас матывуе. Я, напрыклад, з’яўляюся членам сцягавай групы піянерскай дружыны, з задавальненнем вывучаю беларускую і рускую мовы, люблю маляваць. Мае навагоднія жаданні звязаны з мірам, здароўем і шчасцем для ўсіх людзей.

Цвіком святочнай праграмы сталі інтэрактыўны мюзікл «Калейдаскоп уяўлення» і салодкія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі.

Галоўны цуд — гэта ўсмешкі дзяцей

На Брэстчыне дабрачынная акцыя стартавала ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Стала ўжо добрай традыцыяй запрашаць на свята ў маёнтак Дзеда Мароза дзяцей, якія асабліва маюць патрэбу ва ўвазе і падтрымцы дарослых і, вядома ж, у свяце.

Гэтым разам гасцямі сядзібы сталі 350 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў вобласці, 30 хлопчыкаў і дзяўчынак са спецыяльных школ-інтэрнатаў і 20 выхаванцаў спартыўнага клуба «Дынама». Самых дарагіх гасцей казачнага маёнтка вітаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК. Кіраўнік рэгіёна расказаў дзецям, якія навагоднія прыгоды чакаюць іх на святочных мерапрыемствах.

Свята, падарункі і навагоднія прадстаўленні на Брэстчыне падрыхтавалі для дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама пакінутых без апекі бацькоў, адораных навучэнцаў, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, маладзёжных актывістаў. Дзеці з Брэсцкай вобласці паедуць на галоўную ёлку краіны ў Мінск.

У рамках акцыі «Нашы дзеці» ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці таксама прайшло дабрачыннае навагодняе свята, якое сабрала 450 дзяцей з усіх куткоў першага рэгіёна. На свята сабраліся не толькі дзеці-сіроты і малыя, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, але і школьнікі, якія праславілі Брэстчыну сваімі талентамі, — навучэнцы, узнагароджаныя па выніках раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў, конкурсаў прафесійнага майстэрства і спартыўных спаборніцтваў.

Дзеці ёсць дзеці, і яны хутка знайшлі агульную мову. Іх аб’ядноўвала свята, яны разам танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах. Разам шчасліва смяяліся — і гэта было галоўным цудам.

І хай бацькі скажуць: мы цябе любім!

Міністр адукацыі Андрэй Іванец павіншаваў выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку з надыходзячым Новым годам і Калядамі.

Шлях дабра кіраўніка адукацыйнага ведамства ляжаў у Воранаўскі раён, што на Гродзеншчыне, у Радунскі сацыяльна-педагагічны цэнтр — туды, дзе дзеці асабліва чакаюць цуду, навагодняга чараўніцтва і, вядома, свята, якое напярэдадні Новага года па ўсёй краіне дораць дзецям дарослыя.

— Я глыбока ўпэўнены — дзеці вераць у цуд, — сказаў Андрэй Іванавіч. — І галоўным цудам для іх, вядома, было б сустрэць Новы год у сваёй сям’і, каб іх бацькі сказалі ім: «Мы цябе любім!» Але тое, што ў невялікую далёкую вёсачку прыехалі казачныя персанажы — Дзед Мароз і Снягурка, а яшчэ сталічныя госці з падарункамі, — гэта таксама цуд.

Цудам было і тое, што дзеткі запальвалі ёлку і вадзілі карагод з сапраўднымі феямі — Радасці, Зорак і Жаданняў. А потым яны запалілі свечкі — кожная мела сваю назву: «Вера», «Надзея», «Каханне», «Радасць», «Дабро» — усё тое, што жыве ў іх сэрцайках нязгаснай марай...

— Самае дарагое, што ў нас ёсць, — гэта, вядома, нашы дзеці. Менавіта таму больш за 30 гадоў таму наш Прэзідэнт ініцыяваў правядзенне выдатнай, самай добрай і душэўнай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», — сказаў міністр. — Сёння ў нас, дарослых, ёсць магчымасць хоць трохі адцягнуцца ад сур’ёзных спраў і паўсядзённых клопатаў, каб падарыць дзецям самае галоўнае — часцінку свайго цяпла і душы. Асабліва гэта важна для тых дзяцей, якія цяпер знаходзяцца без бацькоў у прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

У цэнтр, як правіла, трапляюць дзеці, бацькі якіх маюць пэўныя праблемы, у асноўным з алкаголем. Супрацоўнікі Радунскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра дапамагаюць не толькі пакінутым без бацькоў дзецям. Яны ўзаемадзейнічаюць з цэнтральнымі раённымі бальніцамі, адпраўляюць бацькоў на лячэнне ў спецыялізаваныя ўстановы, арганізоўваюць наведванне псіхолагаў. За дваццаць з лішнім гадоў праз цэнтр прайшло 622 дзіцяці, 69 % з іх вярнуліся ў родную сям’ю.

У падтрымку ўстановы міністр уручыў сертыфікат на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, дзецям — настольныя гульні і салодкія пачастункі, а ў адказ атрымаў у падарунак ад дзетак велізарны зроблены сваімі рукамі навагодні шар з надпісам: «Цуды там, дзе ў іх вераць». А потым быў прыемны момант чаявання, калі ўсе разам пілі духмяны чай, дзяліліся ўражаннямі ад свята і загадвалі чароўныя жаданні, якія абавязкова спраўдзяцца, бо і яны, дзеці, і мы, дарослыя, шчыра ў гэта верым.

Быць заўсёды побач!

У Ваўкавыскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў чароўны ранішнік, напоўнены цяплом, радасцю і надзеяй. У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч наведаў цэнтр, каб павіншаваць дзяцей з надыходзячым Новым годам. Таксама да віншаванняў далучыліся старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук і намеснік старшыні райвыканкама Ігар Салавей.

У зале панавала асаблівая атмасфера. Дзеці з нецярпеннем чакалі падарункаў, а ў іх вачах чыталася шчырая радасць. Усе яны рыхтаваліся, падбіралі касцюмы, вучылі танцы і вершы, каб падарыць добры настрой гасцям. Аляксандр Вальфовіч павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячымі святам. Ён пажадаў усяго самага чароўнага і цудоўнага, выканання жаданняў.

— Акцыя «Нашы дзеці» з’яўляецца адной з самых кранальных традыцый у нашай краіне. Яна праходзіць напярэдадні Новага года, свята, якое мы з трапятаннем адзначалі ў дзяцінстве і якое цяпер адзначаем з нашымі дзецьмі. У гэтыя дні асабліва важна праявіць клопат, цяпло і ўвагу. Гэта акцыя яскрава адлюстроўвае найлепшыя якасці беларускага народа, выхаванага ў духу гуманізму, міру і згоды, — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.

Ён уручыў дзецям сучаснае абсталяванне для навучання і рэабілітацыі, бытавую тэхніку, якая зробіць іх жыццё крыху прасцейшым і камфортнейшым, а таксама салодкія падарункі, што так любяць усе дзеці.

Не як госці, а як сябры

Міністэрства ўнутраных спраў далучылася да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Кіраўнік міліцэйскага ведамства Іван Кубракоў наведаў Мсціслаўскую спецыяльную школу-інтэрнат, над якой вартавыя правапарадку ўзялі шэфства два гады таму, а таксама Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС.

Школа-інтэрнат у Мсціславе кожны год прыгажэе дзякуючы дапамозе міліцыянераў. У свой 100-гадовы юбілей установа зноў сардэчна сустрэла гасцей у пагонах. Выхаванцы з нецярпеннем іх чакалі, з радасцю дзяліліся сваімі поспехамі і планамі.

«Сюды, у Мсціслаў, мы прыязджаем не як госці, а як сябры, — звяртаючыся да дзяцей, адзначыў Іван Кубракоў. — Усе чакаюць ад Новага года цуд. Калі верыць у чараўніцтва, яно абавязкова адбудзецца! А мы, дарослыя, зробім для гэтага ўсё неабходнае»

Міністр унутраных спраў выказаў удзячнасць педагогам за неабыякавасць і добрыя сэрцы, павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі. Ад міліцэйскага ведамства школе-інтэрнату перададзены сертыфікат на каштоўны падарунак. Кожнае дзіця атрымала з рук генерала набор прысмакаў, падарунак ад супрацоўнікаў цэнтральнага апарата МУС для развіцця мастацкай творчасці дзяцей і мяккую цацку — сімвал наступнага года. Па запрашэнні МУС хлопцы і дзяўчаты наведаюць Галоўную ёлку краіны ў Палацы Рэспублікі.

Паводле нашых карэспандэнтаў.

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю