— Зыходзячы з новай светагаспадарчай рамкі, выстройваюцца і канцэпцыі інвеставання. І ключавы трэк — выбудоўваць вытворчасці ў адзіны лагічны вытворчы ланцужок — устойлівы і які забяспечвае фінансава-эканамічны вынік у канчатковай прадукцыі. І вытворчасці ў рамках гэтага ланцужка разглядаюцца не толькі з пункту гледжання эфектыўнасці, але і выніковасці. Гэта некалькі іншы падыход, і Банк развіцця на яго арыентуецца. Аналізуем праект не сам па сабе, а ў рамках яго ўплыву на сумежныя галіны, вытворчы ланцужок і эканоміку ў цэлым.
Неабходна ўлічваць і сацыяльны складнік. Сама па сабе эфектыўнасць канкрэтнага тэхналагічнага перадзелу можа не з’яўляцца аптымальнай. Але ў сукупнасці ўсіх фактараў такая вытворчасць пазітыўна ўплывае на развіццё эканомікі. У тым ліку і з пункту гледжання зніжэння рызык абмежавання паставак тых ці іншых імпартных вузлоў, агрэгатаў, матэрыялаў.
Але адразу адзначу: цалкам ад эфектыўнасці не адрываемся. Калі выдаткі гарантавана перавышаюць даходы, то трэба дакладна разумець, з якіх крыніц будуць фінансавыя ін’екцыі. Бо без пэўных фінансавых датацый такая вытворчасць у працяглым перыядзе не будзе жыццяздольнай. На мой погляд, такія праекты могуць мець права на жыццё, але толькі ў рэдкіх, адзінкавых выпадках. Крытэрый эканамічнай эфектыўнасці ўжо не з’яўляецца дамінуючым, але абавязкова ўлічваецца. Інвестыцыі павінны быць акупляльнымі ў любым выпадку.
Яшчэ адзін важны аспект: паспяховасць мадэлі нярэдка ляжыць за рамкамі вытворчай эфектыўнасці. З індустрыяльнай, тэхналагічнай пазіцыі ўсё можа быць выдатна: добры сабекошт, выдатная патэнцыяльная рэнтабельнасць, цудоўныя тэхнічныя характарыстыкі. А прадаць прадукцыю не можам па тых ці іншых прычынах. Рынкі зачынены з-за санкцый або іншых гандлёвых бар’ераў, у падраздзяленняў продажаў не хапае кваліфікацыі або на рынках высокая канкурэнцыя і для ўваходу на іх патрабуюцца значныя інвестыцыі, якія па аб’ёме могуць часам перавышаць выдаткі на ўласна арганізацыю вытворчасці.
Гэтыя моманты таксама скрупулёзна ацэньваем. Вывучаем запыты патэнцыяльных спажыўцоў прадукцыі, ацэньваем рынак, жыццёвы цыкл вырабу, яго перспектывы. Магчымасці збыту неабходна разлічваць на працяглы тэрмін. Як мінімум — інвестыцыйнай акупнасці. Гэтымі пытаннямі таксама ўважліва займаемся ў рамках разгляду бізнес-планаў праектаў. Логіка ў тым, што сродкі пераважней выдаваць не пад ідэю, а пад канкрэтную прадукцыю і кантракты па яе збыце.
Банк развіцця ў першую чаргу не фінансавая арганізацыя, а інстытут развіцця. І ў класічным прадстаўленні ні ў якім разе не канкурыруе з камерцыйнымі банкамі, таму што ў нас розныя крэдытныя прадукты. Мы гатовыя браць на сябе вялікія рызыкі. Банкі гэтага не могуць дазволіць. З-за пэўных абмежаванняў Нацыянальнага банка. І яны цалкам лагічныя: камерцыйныя фінансавыя арганізацыі аперыруюць, з аднаго боку, прыбыткам, з другога — укладамі фізічных асоб, таму павінны забяспечыць іх вяртанне. Банк развіцця не працуе са сродкамі насельніцтва і бягучымі рахункамі арганізацый, не ставіць сабе задачай максімізацыю прыбытку. Мы нацэлены на рэалізацыю важных у маштабах краіны праектаў з доўгатэрміновым эфектам у рамках эканамічнага развіцця. Таму ў нас больш мяккія патрабаванні па залогу, па іншых крытэрыях, прынцыповых для прыцягнення інвестыцый і пазыковых рэсурсаў. Але ў 2020 годзе нам давялося перагледзець некаторыя пазіцыі. Тады з-за розных прычын назіралася зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці. Праз ковід, а потым і санкцыі абрынулася лавіна нявызначанасцяў, і рынкі замерлі. Неабходна было іх размарожваць, на канкрэтных прыкладах дэманстраваць магчымасці інвеставання ў існуючых умовах. Таму мы ўключыліся ў падтрымку і чыста камерцыйных праектаў, у прыватнасці стварэння вытворчасцяў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Стварылі спецыяльныя прадукты для развіцця малых вытворчых кампаній, якія маглі б па кааперацыі працаваць з флагманамі. Звычайна гэта невялікія вытворчасці. У тым ліку на іх прыкладзе Банк развіцця спрацаваў таранам, паказаў рынку вокны магчымасцяў.
Гэтыя ідэі рэалізоўвалі ў калабарацыі з камерцыйнымі банкамі. У нас ёсць прадукты, у іх — кліенцкая база і шырокае прадстаўніцтва ў рэгіёнах. Ключавая выгада для банка: крэдытуючы па нашых праграмах прадпрымальнікаў, ён у будучыні атрымлівае сабе кліента. Мяркуецца, што кампанія будзе развівацца, у будучыні будзе карыстацца камерцыйнымі рэсурсамі. Эфект атрымаўся больш глыбокі. Адпрацаваныя кейсы ў рамках рэгіянальнага развіцця, імпартазамяшчальных вытворчасцяў, іншых нашых прадуктаў дазволілі напрацаваць вопыт інвеставання ў такія сегменты, з’явілася статыстыка, сталі больш зразумелыя рызыкі, механізмы кіравання імі. І гэтыя сегменты ўсё больш пачынаюць цікавіць камерцыйныя банкі. Фактычна рэалізавалася опцыя, калі Банк развіцця распрацоўвае тэхналогію інвеставання, абкатвае яе на практыцы, і яна пачынае маштабавацца ўжо камерцыйным рынкам.
У цэлым упэўнены: для годнага і ўстойлівага суверэнітэту Беларусі неабходна развіваць інвестыцыйнае экаасяроддзе. Напрацоўваць уласныя тэхналогіі, кампетэнцыі, вопыт.
Аляксей КЛІМАЎ.