Top.Mail.Ru

Лукашэнка заслухаў даклады міністра абароны і старшыні КДБ

24.12.2025 | 12:13

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады міністра абароны Віктара Хрэніна і старшыні Камітэта дзяржбяспекі Івана Тэртэля. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.



Аляксандр Лукашэнка раніцай 24 снежня заслухаў даклад міністра абароны Віктара Хрэніна аб стане спраў ва Узброеных Сілах.

Адна з тэм даклада датычылася размяшчэння ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» і яго пастаноўкі на баявое дзяжурства. Размова таксама ішла аб развіцці далейшага ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй.

Адзін з перспектыўных напрамкаў у гэтым плане датычыцца сферы ракетабудавання, у якім Беларусь актыўна развівае і ўласныя кампетэнцыі. Так, кіраўніку дзяржавы даложана аб праведзеных днямі пусках мадэрнізаванай айчыннай РСЗА «Паланэз-М» з павялічанай далёкасцю і палепшанай дакладнасцю стральбы.

Раней на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў аб планах па далейшым удасканаленні РСЗА «Паланэз». У ходзе даклада міністра абароны адпаведныя пытанні абмеркаваны ў практычнай плоскасці, пастаўлены неабходныя задачы.

Адзначаны паспяховы вопыт мадэрнізацыі ЗРК «Бук». Віктар Хрэнін далажыў аб планах па пастаўцы адпаведных комплексаў у войскі.

Дэталёва быў разгледжаны і шэраг кадравых пытанняў — прапановы па прызначэннях ва Узброеных Сілах.

Адбыўся таксама даклад Прэзідэнту Беларусі старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Івана Тэртэля.

Прэзідэнту даложана аб рабоце Камітэта дзяржбяспекі па лініі разведкі і контрразведкі, абстаноўцы ў Беларусі напярэдадні калядных і навагодніх святаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў трымаць усе працэсы, якія адбываюцца пад кантролем, каб надзейна забяспечыць бяспеку.

Абмяркоўваўся таксама працяг работы па лініі спецслужбаў у рамках беларуска-амерыканскіх кантактаў. Размова, у прыватнасці, ішла як аб канкрэтных кроках і садзейнічанні беларускага боку ў вырашэнні пытанняў гуманітарнага характару ў канфлікце Расіі і Украіны, а таксама аб новых прапановах ЗША на перагаворным трэку.

Даложана аб сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцыы, уключаючы інцыдэнты з паветранымі шарамі. Нягледзячы на спробы Вільнюса перанесці гэтае пытанне ў палітычную плоскасць, беларускі бок па-ранейшаму адкрыты да канструктыўнага ўзаемадзеяння і перагавораў у пытаннях пагранічнага супрацоўніцтва і не толькі.

У цэнтры ўвагі падчас даклада была і тэматыка беларуска-польскіх адносін. Іван Тэртэль далажыў аб кантактах па лініі спецслужбаў у напрамку вырашэння найбольш вострых праблем, якія існуюць паміж краінамі. Кіраўніком дзяржавы дадзены неабходныя далейшыя даручэнні.

Міністр абароны Віктар Хрэнін расказаў падрабязнасці даклада Галоўнакамандуючаму 

Як звярнуў увагу кіраўнік абароннага ведамства, Прэзідэнт пастаянна трымае руку на пульсе, калі размова ідзе аб стане і развіцці беларускай арміі. Адно з пытанняў падчас даклада датычылася размяшчэння ракетнага комплексу «Арэшнік», яго заступлення на баявое дзяжурства. 

«Акрамя таго, у рамках гэтага пытання таксама абмяркоўвалася ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, — удакладніў Віктар Хрэнін. — У цэлым кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны дэталёва па ўсіх пытаннях». 
У прыватнасці, аб развіцці айчыннага ракетабудавання, аб чым ішла размова і падчас пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу. «Кіраўніку дзяржавы даложана, што з 1 снежня ва Узброеных Сілах пачаўся новы навучальны год, і новы навучальны год нашы ракетчыкі пачалі з пускаў нашага комплексу „Паланэз-М“, які мадэрнізаваны, — канкрэтызаваў міністр абароны. — Пускавыя ракеты — павялічанай далёкасці і дакладнасці. Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны, як прайшлі пускі, аб тым, што падраздзяленне паспяхова прыбыло ў пункт пастаяннай дыслакацыі».
Таксама ў рамках гэтага абмеркавання Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перспектывамі мадэрнізацыі комплексу «Паланэз-М». Размова ішла і аб сумесных распрацоўках з Расійскай Федэрацыяй ракет павялічанай далёкасці. «Дэталёва было даложана, што мы зацікаўлены, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Вядома, гэты від узбраення нам патрэбны. І сумесна з нашым ДВПК (Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам. — „Зв“.) мы працягнем работу па распрацоўцы і мадэрнізацыі нашага комплексу». 
Кіраўнік абароннага ведамства нагадаў, што на пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт адзначыў яшчэ адзін перспектыўны кірунак — мадэрнізацыя ракетнага комплексу «Бук». «Таксама было даложана: што, як, што па тэрмінах, у якой колькасці гэты комплекс будзе паступаць у нашы Узброеныя Сілы», — удакладніў міністр абароны.

Гучала падчас даклада і кадравае пытанне. «Кадравае пытанне заўсёды знаходзіцца пад кантролем кіраўніка дзяржавы, — звярнуў увагу Віктар Хрэнін. — Наш Прэзідэнт трымае руку на пульсе аб стане спраў, аб кадрах, перспектывах, прызначэннях. Я дэталёва далажыў, якія бачу перспектывы па службовых асобах, каго на якія пасады магчыма прызначаць. Вядома, рашэнне будзе прымаць кіраўнік дзяржавы».


«Мы рухаемся толькі ў інтарэсах нашай краіны»

Падрабязнасці свайго даклада Прэзідэнту расказаў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван ТЭРТЭЛЬ.

Кіраўнік ведамства падрабязна праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку па ўсіх пытаннях работы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, па абстаноўцы, якая складваецца як вакол нашай краіны, так і ў асобных рэгіёнах свету. 

«Доўгатэрміновыя планы нашых праціўнікаў не памяняліся»

Кажучы ў цэлым аб рабоце знешняй разведкі, Іван Тэртэль адзначыў: гэта тэма абсалютна закрытая. Аднак, па даручэнні Прэзідэнта, народ інфармуецца аб тых ці іншых пытаннях, якімі займаецца знешняя разведка. 

«Там, дзе мы бачым свае жыццёва важныя нацыянальныя інтарэсы або дзе фарміруюцца патэнцыяльныя пагрозы для нашай дзяржавы, прысутнічае наша знешняя разведка, — адзначыў старшыня Камітэта дзяржбяспекі. — У цяперашні час гэта пытанні, звязаныя з канцэнтрацыяй ваенных намаганняў у сумежных дзяржавах. Мы бачым, як нарошчваюцца абаронныя бюджэты, як удасканальваецца інфраструктура патэнцыяльных тэатраў ваенных дзеянняў. Мы бачым таксама, што абсалютна няма падстаў для такіх мер, і гэта нас насцярожвае». 

На аснове дакументальных матэрыялаў, як прагучала ў дакладзе кіраўніку дзяржавы, доўгатэрміновыя планы нашых праціўнікаў не памяняліся. «Асноўнае — гэта геапалітычны перадзел у рэгіёне і спадарожныя мэты (змена канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь, спроба нумар два), — канкрэтызаваў Іван Тэртэль. — Мы канстатуем, што падрыўныя цэнтры, якія знаходзяцца ў суседніх з намі дзяржавах, паступова дэградуюць, нарошчваецца супрацьстаянне паміж асобнымі з іх у сувязі са склокамі наконт фінансавання. Яно з улікам праблем, якія ёсць цяпер у заходніх краінах, назіраецца. На гэты год і на бліжэйшую перспектыву выдзелена 30 мільёнаў долараў (хацелі 200 з лішнім мільёнаў долараў, гэтага, па іх ацэнках, не хапае). Разам з тым трансфарміруецца тактыка, ідзе перапрацоўка падыходаў у адносінах да таго, як усё-такі дасягнуць гэтых мэт».

У адносінах да нашай моладзі, дзяржапарату нашы ворагі плануюць рэалізацыю сцэнарыя так званага «круглага стала». «Запэўніваем, што гэтыя планы не спраўдзяцца, — акцэнтаваў увагу старшыня КДБ. — І ў гэтых адносінах як знешняя разведка, так і іншыя падраздзяленні КДБ працуюць па ўказанні нашага Галоўнакамандуючага. Усё робіцца для таго, каб сцэнарый, падобны на ўкраінскі, які падрыхтаваны для нашай краіны, не быў рэалізаваны».

«Наш народ можа быць упэўнены: Прэзідэнт трымае руку на пульсе»

Што датычыцца задач знешняй разведкі, яны выконваюцца ў розных рэгіёнах свету, Іван Тэртэль выказаў удзячнасць яе супрацоўнікам ад Прэзідэнта і сябе асабіста за іх самаадданую працу. Кожны дзень разведчыкі рызыкуюць сваім жыццём, сваім здароўем, але робяць вельмі важную работу. 

«Мы канстатуем сур’ёзную актывізацыю разведвальна-падрыўной дзейнасці ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, — канкрэтызаваў ён. — Напрыклад, практычна штодзённа спадарожнікі групоўкі заходніх спецслужбаў, узброеных сіл манітораць сітуацыю на нашай тэрыторыі: фатаграфуюць, здымаюць, аналізуюць не толькі работу чыгуначнага транспарту, лагістыкі, аб’ектаў абароннага значэння, а і прадпрыемстваў, напрыклад, МАЗ, БелАЗ, іншых нашых суб’ектаў гаспадарання. Вельмі актыўна вядзецца радыётэхнічная і радыёэлектронная разведка. Практычна мы пад электронным каўпаком знаходзімся». 

Кіраўнік дзяржавы згадваў на Усебеларускім народным сходзе аб фактах праслухоўвання тэлефонных размоў і пранікнення ў пэўныя інфармацыйна-камунікатыўныя сеткі з боку спецслужбаў замежных дзяржаў. Гэтымі пытаннямі займаецца КДБ.

«Сёлета контрразведка Беларусі выявіла і ліквідавала разгалінаваную сетку замежных спецслужбаў, якія пры садзейнічанні пэўных асоб на нашай тэрыторыі займаліся ўстаноўкай тэхнічных сродкаў, што дазвалялі праслухоўваць перагаворы нашых пілотаў, як грамадзянскіх, так і ваенных, якія выконвалі свае задачы, — канкрэтызаваў кіраўнік ведамства. — Маніторылі сітуацыю вакол рэжымных аб’ектаў. Гэта вялікая, маштабная работа контрразведкі, якая дазволіла ліквідаваць гэтыя пагрозы». 

КДБ бачыць новыя формы і метады работы, якія вядуцца для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі. «Гэта перш за ўсё дыстанцыйная вярбоўка, — канкрэтызаваў Іван Тэртэль. — Сёлета контрразведкай камітэта выяўлена і задакументавана дзейнасць звыш 70-ці агентаў замежных спецслужбаў. Дзейнасць асобных з іх (немалой колькасці) спынена ў крымінальна-выканаўчым парадку».

Па словах старшыні КДБ, калі добра працуе контрразведка, лягчэй працуецца і разведцы. У сувязі з гэтым ён пракаментаваў размовы наконт размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік». «Замежныя спецслужбы праводзяць вельмі маштабную работу, каб маніторыць гэтыя сітуацыі, — заўважыў ён. — Мы прагназавалі такое развіццё падзей. У гэтых адносінах наш народ можа быць упэўнены: Прэзідэнт трымае руку на пульсе. Нам ставяцца задачы, мы іх выконваем па тым сцэнарыі, які павінен быць». 

Праводзіцца КДБ і работа, звязаная з папярэджаннем тэрактаў. Па словах Івана Тэртэля, пакуль назіраецца транзітны тэрарызм праз нашу тэрыторыю, але ён ёсць і ён маштабны. «Мы гэтыя спробы спыняем, працуем, але не расслабляемся, — канстатаваў ён. — Бо разумеем, што ў выпадку змянення сітуацыі гэтыя каналы і іншыя могуць быць выкарыстаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Пры гэтым Іван Тэртэль дадаў, што на тэрыторыі сумежных дзяржаў па-ранейшаму існуюць незаконныя ваенныя фарміраванні, якія дзесьці ўціхую курыруюцца замежнымі спецслужбамі. «Ацэньваюцца імі як інструмент у выпадку абвастрэння абстаноўкі, — удакладніў ён. — Гэтыя асобы ў многім могуць выйсці з-пад кантролю, аб чым мы нашым партнёрам замежным, суседзям побач гаворым. Але бачым, пакуль прымаюцца меры касметычнага характару. Ёсць і іншыя вынікі работы знешняй разведкі і контрразведкі. З часам нашых грамадзян, па даручэнні Прэзідэнта, праінфармуем больш».

Іван Тэртэль указаў на абсалютную дэградацыю міжнароднага права, якая пачалася з абнулення так званых вядомых Будапешцкіх пагадненняў, калі Беларусі з боку ЗША, Лондана, Парыжа былі дадзены гарантыі аб тым, што не будуць прыменены ніякія санкцыі, у тым ліку эканамічныя. Аднак такое пагадненне праіснавала нядоўга, і санкцыйны рэжым быў ужыты абсалютна незаконна ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь.

Такая ж сітуацыя, па словах старшыні КДБ, назіраецца і на літоўскім, прыбалтыйскім напрамку. «Вядомыя факты, звязаныя з канфіскацыяй нашых актываў у порце Клайпеды, праблемы з нашым санаторыем, дзе лечацца дзеці, пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы ў Друскенінкаі, арышты пажарнай і іншай тэхнікі, закупленай іншымі краінамі, у інтарэсах грамадскай бяспекі, людзей, якая рухалася праз тэрыторыю Літвы, — канкрэтызаваў ён. — Гэта меры, якія Вялікабрытанія рэалізавала ў дачыненні да золатавалютных актываў Рэспублікі Беларусь. У 2020 годзе Лонданам прынята абсалютна незаконнае рашэнне фактычна аб канфіскацыі нашых ЗВРаў, якія ў цяперашні час ацэньваюцца на суму 1,5 мільярда долараў ЗША». 

Старшыня Камітэта дзяржбяспекі адзначыў, што такая практыка працягваецца, беларускім бокам яна ўспрымаецца як прамы крадзеж.

«Усё ў нас пад кантролем, мы не расслабляемся»

Адной з тэмай даклада стала выяўленне дэструктыўных элементаў і барацьба з правакацыямі падчас навагодніх святаў. Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб тым, што сітуацыя кантралюецца. Камітэт дзяржбяспекі ў цесным узаемадзеянні з МУС, Следчым камітэтам, пракуратурай, іншымі сілавымі структурамі і экстраннымі службамі будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме. «Усё ў нас пад кантролем, мы не расслабляемся, — падкрэсліў Іван Тэртэль. — Мы бачым пэўныя пагрозы, якія могуць быць».
Старшыня КДБ заявіў, што насцярожлівай інфармацыі аб тым, што нешта павінна адбыцца ў навагоднія святы, у Камітэта дзяржбяспекі, іншых структур, няма. «Але мы маем на ўвазе, што ўсё можа адбыцца, — дадаў ён. — Таму гатовыя да дзеянняў у любых сітуацыях. І наш народ, наша насельніцтва могуць спакойна праводзіць час падчас гэтых святаў».

«Актыўны дыялог паміж прэзідэнтамі ЗША і Рэспублікі Беларусь працягваецца»

Журналісты пацікавіліся, што кіраўнік ведамства дакладваў Прэзідэнту ў кантэксце беларуска-амерыканскіх перагавораў. На гэты конт кіраўнік дзяржавы дастаткова падрабязна абазначыў усе пытанні падчас УНС.

«Мы з вамі разумеем, што перагаворы заўсёды вядуцца ў цішыні, бо ёсць пэўныя прынцыпы, каб не нашкодзіць тым вынікам, якіх плануюць дасягнуць, — удакладніў Іван Тэртэль. — Актыўны дыялог паміж прэзідэнтамі ЗША і Рэспублікі Беларусь працягваецца».

Старшыня КДБ далажыў Аляксандру Лукашэнку аб новых прапановах амерыканскага боку з улікам пазіцый Рэспублікі Беларусь, з улікам пазіцыі нашага Прэзідэнта, накіраванай на дасягненне мірнага вырашэння ўсіх спрэчак. «Вядома, на першым месцы Украіна, — канкрэтызаваў ён. — Вы ведаеце, што наш кіраўнік дзяржавы сэрцам успрымае сітуацыю, што складваецца там, у брацкай краіне, з брацкім народам, які ўцягнулі ў гэтае супрацьстаянне».

Іван Тэртэль праінфармаваў, што на мінулым тыдні праведзены дзве аперацыі на граніцы, у ходзе якіх былі ажыццёўлены меры па ўз’яднанні сем’яў, і ўкраінскіх, і расійскіх. Асобна адбылося ўз’яднанне дзяцей. «Нягледзячы на ​​спробу спекуляцыі на гэтым пытанні, мы нават знаходзім падтрымку, дарэчы кажучы, у прадстаўнікоў і кіраўніцтваў спецслужбаў, у тым ліку заходніх дзяржаў, — адзначыў старшыня КДБ. — Гэта тэма, на якой не варта ў любым выпадку рабіць нейкія палітычныя капіталы або яе выкарыстоўваць, бо гэта чыста гуманітарны трэк».

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, усім аказваецца медыцынская дапамога, робіцца ўсё магчымае, каб дапамагчы людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. «Мы паступаем па-чалавечы, не гледзячы на ​​пашпарт, на нацыянальнасць, на колер скуры і іншыя аспекты», — удакладніў Іван Тэртэль. 

Што тычыцца далейшых перагавораў з амерыканскім бокам, наступныя прапановы зараз актыўна абмяркоўваюцца. З гэтай нагоды па даручэнні кіраўніка дзяржавы створана рабочая група, куды ўключаны і Прэм’ер-міністр, і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, прадстаўнікі сілавых структур, праваахоўных органаў. Па словах старшыні КДБ, перш чым прыняць пэўныя крокі, усё дэталёва вывучаецца.

«Ёсць жорсткі падыход кіраўніка дзяржавы, які вызначаны, — гэта захаванне нацыянальных інтарэсаў, — падкрэсліў ён. — Мы рухаемся толькі ў інтарэсах нашай краіны. Мы любы крок пралічваем на кароткую, сярэднюю і доўгатэрміновую перспектыву».

У інтарэсах Беларусі — выбудоўванне адносін з многімі краінамі, у тым ліку са Злучанымі Штатамі Амерыкі. І тут бачны падыход новай адміністрацыі Дональда Трампа, які адрозніваецца сваёй канструктыўнасцю.

«Шмат праціўнікаў ёсць гэтага, асабліва ў Еўропе, яны чакаюць, па нашых даных, калі сітуацыя ў Злучаных Штатах памяняецца (нашы амерыканскія калегі пра гэта таксама апавешчаныя і ведаюць пра гэта), — канстатаваў кіраўнік ведамства. — Упэўнены, што станоўчы вынік будзе дасягнуты, і праз нейкі час мы пачуем, запэўніваю вас, добрыя навіны ў гэтых адносінах».

«Яны хацелі б нармальных добрасуседскіх адносін, аб якіх заўсёды гаворыць наш кіраўнік дзяржавы»

Журналісты спыталі наконт узаемаадносін з Літвой на фоне кантрабандных метэазондаў. Як расказаў Іван Тэртэль, спачатку гэта тэма знаходзілася ў праваахоўнай плоскасці, пакуль не выйшла на палітычны ўзровень.

«Аналіз тых дакументальных даных, якія здабывае наша знешняя разведка, сведчыць аб тым, што на гэту сітуацыю, на тое, што яна атрымала вось такую ​​пагалоску, паўплывала некалькі момантаў, — патлумачыў ён. — Найперш гэта тое, што Літоўская Рэспубліка хацела б прыцягнуць дадатковае фінансаванне ад структур ЕС і іншых. Па прыкладзе Польшчы, якая, мы ведаем, атрымала вельмі вялікія сродкі на падставе таго, каб забяспечыць інтарэсы Еўропы на знешніх граніцах. Проста ёсць жаданне і такая трошкі чорная зайздрасць, каб паўтарыць такое ж».

За так званымі залётамі паветраных шароў, па яго словах, стаіць атрыманне зацікаўленымі мільярдаў долараў, якія трэба асвоіць з улікам вельмі сур’ёзных дэмаграфічных, эканамічных і іншых праблем, якія ёсць у Літоўскай Рэспубліцы. 

«Да таго ж, гэта сітуацыя накладваецца на планы вельмі вузкага кола асоб, палітычнага істэблішменту ў Літве, — дадаў Іван Тэртэль. — Паводле нашых звестак, прынята рашэнне, з улікам чаканага пагаршэння эканамічнага і іншага становішча ў краіне, правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ў Літоўскай Рэспубліцы. Там ёсць пэўная асоба, найбольш агрэсіўная ў гэтых адносінах, якая, паводле нашых звестак, прэтэндуе ўсё ж такі на ролю першай асобы ў дзяржаве, займаючы вось такую ​​жорсткую пазіцыю, разлічваючы на ​​тое, што гэта атрымаецца. Хацелі прадэманстраваць пэўны свой уплыў на гэту сітуацыю і стварыць лепшыя ўмовы для канкурэнтнай барацьбы ў палітычнай нявызначанай сітуацыі, у тым ліку падводзячы да неабходнасці датэрміновых выбараў у зручны час». 

Яшчэ адна прычына такой пазіцыі літоўскага боку, па словах старшыні КДБ, — гэта ўнутранае палітычнае супрацьстаянне паміж згаданымі вышэй асобамі і ўрадам. «Урад там займае крыху іншую пазіцыю, — патлумачыў ён. — Мы ведаем настрой ва ўрадзе і ў парламенце, у сейме Літвы. Там ёсць людзі, якія канструктыўна думаюць, іх голас усё больш і больш чутны. Яны хацелі б нармальных добрасуседскіх адносін, аб якіх заўсёды гаворыць наш кіраўнік дзяржавы. Ён заўсёды кажа, калі вы памятаеце, аб тым, што суседзяў не выбіраюць, суседзі ад Бога. Гэта сапраўды так».

Па словах Івана Тэртэля, сітуацыя з метэазондамі мэтанакіравана нагнятаецца. «Насамрэч, усе цудоўна разумеюць (і ў палітыцы літоўскай, і сярод насельніцтва гэта абмяркоўваецца): падтрымкі ўнутры абсалютна няма, — сказаў ён. — Яны пакуль не ведаюць, як выйсці з гэтай сітуацыі. На жаль, гэта так».

Іван Тэртэль адзначыў, што ў Камітэта дзяржбяспекі Беларусі наладжаны шчыльныя кантакты практычна з усімі спецслужбамі свету. «Як бы мы ні ставіліся адзін да аднаго, якія б нацыянальныя інтарэсы ні пераследвалі, мы маем камунікат больш адкрыта, чым дыпламаты, — канстатаваў ён. — Часам можам і моцным слоўцам выказацца, але адзін з адным на адной хвалі. І гэта дае магчымасць стварыць атмасферу для таго, каб не пераходзіць пэўную рысу, у эскалацыю». 

Па словах Івана Тэртэля, кіраўніцтва практычна ўсіх спецслужбаў Захаду цэніць пазіцыю Беларусі па многіх пытаннях, найперш пазіцыю нашага Прэзідэнта, якая расцэньваецца як стабілізуючая ў рэгіёне.

«Гавораць: «Перадайце прывітанне вашаму Прэзідэнту, мы цэнім яго працу, мы разумеем яго ролю», — канкрэтызаваў старшыня КДБ. — Вось такая пазіцыя. З Літоўскай Рэспублікай у нас таксама ёсць каналы па лініі спецслужбаў».

Кажучы аб узаемадзеянні са сваім літоўскім калегам, Іван Тэртэль адзначыў, што склаўся канструктыўны дыялог. «Тым больш, што напярэдадні кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг рашэнняў у межах добрай волі аб памілаванні грамадзян Літвы, асуджаных у Рэспубліцы Беларусь за шпіянаж, —удакладніў ён. — Усё даказана судамі, яны былі асуджаныя». 

Па словах кіраўніка ведамства, літоўскі бок станоўча ацэньвае такія нашы дзеянні. Аднак, як канстатаваў старшыня КДБ, на дадзеным этапе літоўскія калегі ўхіляюцца ад абмеркавання тэмы, звязанай з метэазондамі. «Яна была мэтанакіравана пераведзена ў інфармацыйную прастору, раздзьмутая ў абсалютным маштабе, — падкрэсліў Іван Тэртэль. — І гэта пацвярджаюць тыя аргументы, пра якія я сказаў, высновы нашы пра палітычную ангажаванасць, пра нейкія палітычныя планы, якія паўплывалі ў цэлым на развіццё гэтай сітуацыі. Будзем спадзявацца на тое, што розум пераможа».

Іван Тэртэль дадаў, што Беларусі няма чаго дзяліць з Літвой. «У нас ёсць вельмі шмат узаемных інтарэсаў, і нашы калегі з гэтым пагаджаюцца, — канстатаваў ён. — Лагістыка, на якой літоўскі бок зарабляў практычна 30 % бюджэту, вельмі шмат агульных інтарэсаў. Кіраўнік дзяржавы вызначыў, мы гатовы абмяркоўваць усе пытанні. Наш МЗС даўно чакае добрых навін ад літоўскага боку. Упэўнены, што ў канчатковым выніку мы вырашым усе праблемы і будзем працаваць сумесна на карысць нашых народаў, як гэта заўсёды было, дапамагаючы адзін аднаму ў розных сітуацыях. Гэта нармальная практыка і нармальныя адносіны паміж народамі».

«У адносінах да Польшчы Беларусь неаднаразова на працягу апошніх гадоў рабіла жэсты добрай волі»

Журналісты пацікавіліся і ўзаемаадносінамі Беларусі і Польшчы. 

Іван Тэртэль нагадаў, што Польшча з’яўляецца членам НАТА, мае цесныя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі. «Але тое, што заўсёды адрознівала польскі бок, — гэта ўсё ж арыентацыя на свае ўласныя нацыянальныя інтарэсы, — канстатаваў ён. — Таму мы назіраем пэўнае ўсведамленне тых няправільных крокаў, якія былі зроблены папярэднім польскім кіраўніцтвам, звязаных з закрыццём граніцы, са спробамі ціску, з пытаннямі міграцыі і іншымі рэчамі, эканомікай, транзітам тавараў, людзей праз нашу тэрыторыю».

Старшыня КДБ дадаў, што дыялог з польскім бокам не перапыняўся ніколі. Па яго словах, існавалі кантакты паміж дыпламатычнымі ведамствамі на розным узроўні, якія цяпер перайшлі больш актыўную фазу. Ёсць кантакты і паміж спецслужбамі. У сучасным свеце, калі ёсць вельмі шмат усялякіх пытанняў, якія патрабуюць вырашэння ў вельмі ціхай абстаноўцы, каналы спецслужбаў, як падкрэсліў Іван Тэртэль, маюць вялікае значэнне.

«Мы, вядома, шчыльна працуем у гэтым кантэксце з нашымі калегамі з Міністэрства замежных спраў па даручэнні кіраўніка дзяржавы, — удакладніў ён. — Настрой, зноў жа, нам задае кіраўнік дзяржавы. Вы ведаеце, што ў адносінах да Польшчы Беларусь таксама неаднаразова на працягу апошніх гадоў прымала жэсты добрай волі: і памілаванні, і вызваленне асоб, асуджаных за шпіянаж, і іншыя дзеянні, якія былі не публічнымі. Мы пэўны водгук знаходзілі, але не заўсёды знаходзілі рашэнне тых ці іншых вострых праблем. Цяпер такіх вострых праблем фактычна тры-чатыры ёсць. Яны звязаны з неабходнасцю рабіць крокі насустрач адзін аднаму, разумеючы нашу зацікаўленасць у эканамічным развіцці, развіцці сувязяў паміж людзьмі». 

Іван Тэртэль адзначыў, што пытанні, звязаныя з так званымі падрыўнымі цэнтрамі, якія існуюць на тэрыторыі Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны, абмяркоўваюцца і падчас гэтых кантактаў.

«Яны разумеюць, што тыя праекты, якія намячаліся і пачалі рэалізоўвацца ў 2020 годзе, ужо немагчыма рэалізаваць, — перакананы старшыня КДБ. — Таму для іх гэта пэўны цяжар, які яны хацелі б з сябе скінуць і не мець гэтага раздражняльніка ў адносінах».

Акрамя таго, па яго словах, фінансы, укладзеныя ў так званы пераварот у Беларусі, патрабуюць аддачы. «Калі зірнуць у бухгалтэрыю МЗС Літвы (гэта ў нас ёсць), то, вядома, літоўскаму народу ёсць што паказаць, — заявіў Іван Тэртэль. — З часам мы ім пакажам, і нашы літоўскія партнёры разумеюць гэту сітуацыю. З польскага боку таксама такая ж гісторыя, я не буду нейкія моманты раскрываць». І літоўскі, і польскі бакі, па яго словах, прызнаюць, што, калі б не было вялізнага фінансавання з боку зацікаўленых сіл, па-іншаму складвалася б і ўзаемадзеянне з нашай краінай. 

Пратасевіч і яго работа 

Івану Тэртэлю журналісты задалі і пытанне, якое не датычылася даклада: «У апошні час шмат укідаў у дачыненні да Рамана Пратасевіча, беларускага разведчыка, адсыл ёсць і да вас, вы захоўваеце спакой, маўчанне, не агучваеце падрабязнасці...» 

Іван Тэртэль праінфармаваны, што гэта пытанне вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася нават замежнымі спецслужбамі на Захадзе, і нашымі саюзнікамі. «Пацвярджаю: Раман Пратасевіч з’яўляецца супрацоўнікам беларускай знешняй разведкі», — сказаў Іван Тэртэль. 

«Гэты чалавек працаваў на тэрыторыі шэрагу дзяржаў у баявым становішчы, ён выконваў важныя задачы, — удакладніў старшыня Камітэта дзяржбяспекі. — Вядома, пра іх я казаць не магу і, напэўна, да канца гэта не будзе раскрыта».

Па словах Івана Тэртэля, сур’ёзны працэнт інфармацыі, звязанай з планаваннем перавароту, аб задумах праціўніка па сутыкненні з супрацоўнікамі міліцыі, іншых аспектах, здабываўся Раманам Пратасевічам. «Таму нашы праваахоўныя органы, у прыватнасці, дзейнічалі ў той перыяд дастаткова ўпэўнена, ведалі, куды, у якім напрамку сітуацыя будзе развівацца, — патлумачыў кіраўнік ведамства. — Акрамя таго, цалкам дзякуючы яго рабоце, валодалі дынамікай стварэння вось гэтых падрыўных цэнтраў: хто за імі стаяў, хто фінансаваў (да прыкладу, былы прэм’ер Польшчы прыязджаў туды), якія грошы абяцаў, з якога фонду, колькі пасад вылучылі на варшаўскі офіс, які там «дзеячы культуры» пэўныя зараз спрабуюць развіваць беспаспяхова... Гэта яго (Рамана Пратасевіча. — «Зв».) работа». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю