У пераднавагоднія дні ў Палацы Незалежнасці асабліва святочна і ўрачыста. Па даўняй беларускай традыцыі, а таксама ўжо і па традыцыі суверэннай Беларусі, у эпіцэнтры грамадска-палітычнага жыцця краіны праходзіць навагодні баль — свята танца і мелодыі. Гэтым разам у самай вялікай зале краіны танцавалі паланэз, вальс, мазурку, кантрданс, гавот, кацільён, польку, менуэт, кадрылю, карагод з перастраеннямі. У цэнтры праграмы «Літаратурнага балю» — традыцыйныя танцы, знаёмыя са старонак любімых твораў класікаў XIX стагоддзя. Знаёмыя ўсім мелодыі, а таксама малавядомыя матывы гучалі ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.

У навагоднім балі ўдзельнічалі 335 студэнтаў, курсантаў, навучэнцаў, іншых прадстаўнікоў моладзі з усіх рэгіёнаў краіны. Сярод іх — заахвочаныя спецыяльнымі фондамі Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікі прэзідэнцкіх стыпендый, удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ, пераможцы і лаўрэаты творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, маладзёжных праектаў, а таксама дыпламанты маладзёжных навукова-практычных канферэнцый, прадстаўнікі валанцёрскага руху, спартыўнай галіны і іншыя.

«Калі мы хочам суверэннымі быць, значыць, у нас павінны быць свае традыцыі»
Гэты святочны вечар Прэзідэнт правёў з маладымі таленавітымі беларусамі.
«У нас, у суверэннай, незалежнай Беларусі, нарадзілася добрая традыцыя, а традыцыямі павінен быць багаты народ, — звяртаючыся да ўдзельнікаў навагодняга балю, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы хочам суверэннымі быць, значыць, у нас павінны быць свае традыцыі. У нас іх нямала».
Улічваючы вялікую колькасць дэбютантаў на балі, Прэзідэнт нагадаў перадгісторыю гэтага вялікага дзейства, якое з году ў год праходзіць у Беларусі і ў якім традыцыйна прымае ўдзел кіраўнік дзяржавы.
«Мы чулі аб венскім мерапрыемстве падобным, калі Вена звярнулася да нас, у Беларусь, да мяне асабіста, што яны прыедуць да нас, арганізуюць тут Венскі баль, — распавёў беларускі лідар. — Ну як мінімум. Я так падумаў тады і міністру культуры гавару: „Мы што, самі не можам? Ды мы лепш зробім, чым у Вене“. Яны ў асноўным маўчаць, але пагаджаюцца з тым, што мы зрабілі лепш. У нас гэта больш маштабна. Пра дзяўчат і пра мужыкоў, якія перада мной стаяць, я ўжо і не гавару: у іх (у Вене. — „Зв“.) такога няма. Такой прыгажосці і сузор’я маладых людзей, як у нас, у іх няма. Гэта не дзеля ліслівасці вам гавару. Гэта сапраўды так».
«Рабіце ўсё своечасова»
Прэзідэнт адзначыў, што ў канцы года заўсёды падводзяцца вынікі. Не выключэнне — і пляцоўка навагодняга балю для моладзі.
«Тут няма выпадковых людзей, — канстатаваў беларускі лідар. — Кожная дэталь прадумана».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сярод удзельнікаў балю — людзі, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, навуцы, культуры, спорце. «І абавязкова самыя прыгожыя, — дадаў ён. — Вы — самыя прыгожыя».
Кожны з удзельнікаў балю па рашэнні Прэзідэнта на памяць атрымае флэшку з запісам гэтага цудоўнага дзейства.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што апошнім часам — і падчас пасяджэння Усебеларускага народнага сходу, і на іншых мерапрыемствах — шмат сказана аб тым, што настаў час канкрэтных спраў.
«Вы робіце добрую справу: вы цудоўна вучыцеся, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў балю. — Вы — паспяховыя людзі. Гэта ваш фундамент. Фундамент на будучыню. Але наперадзе ў вас шмат канкрэтных спраў. І паўтаруся, з года ў год гавару, гэтыя справы заўсёды рабіце своечасова. Ніякіх натацый. Проста мая парада. Рабіце ўсё своечасова, бо прыйдуць новыя клопаты, новыя справы, а вы не зрабілі старыя. Усё гэта захлісне і застанецца цяжкім багажом у спадчыну ўсім вам. Таму рабіце ўсё своечасова».
Па словах кіраўніка дзяржавы, цяпер у гэтых маладых людзей — самы складаны час. «Калі не лічыць маю работу як Прэзідэнта, — удакладніў ён. — Гэта самая цяжкая работа. Не рвіцеся туды. Крэсла адно, а мільёны людзей».
Узгадваючы свае студэнцкія гады, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што для яго гэта былі самыя складаныя гады. Нягледзячы на іншы час, Прэзідэнт упэўнены, што студэнцтва — гэта няпросты перыяд для многіх.
«Але гэта фундамент, — падкрэсліў беларускі лідар. — Які фундамент будзе, такі будынак вы потым і пабудуеце. Таму стварайце канкрэтнымі справамі, каб гэтая цудоўная палова нашага чалавецтва — дзяўчаты ў белых сукенках — заўсёды намі ганарыліся, мужыкамі. А мы забяспечылі ім сапраўдную абарону на ўсё жыццё».
Кіраўнік дзяржавы пажадаў удзельнікам балю знайсці на гэтым мерапрыемстве такіх жа таленавітых і разумных сяброў. «Калі атрымаецца, на ўсё жыццё, буду толькі рады, — дадаў ён. — Толькі не забудзьцеся праз год-два-тры нагадаць, што тут, у Прэзідэнта, на гэтым мерапрыемстве, калі быў навагодні баль, вы пазнаёміліся і ў вас ужо ў сям’і двое, а лепш трое дзяцей. Буду вельмі рады».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам балю добрага настрою, поспехаў у гэты вечар. «Танцуйце, кахайце, усміхайцеся — іншага часу ў вас не будзе, — падкрэсліў беларускі лідар. — З Новым годам! З надыходзячым святам!»

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА і Лізаветы ГОЛАД
«Не толькі каштоўна, але і на самай справе пачэсна быць тут»
Удзельнікі навагодняга балю ў Палацы Незалежнасці — пра свае чаканні і ўражанні
Самы прыгожы і чароўны вечар у сераду прайшоў у цэнтры Мінска. У Палацы Незалежнасці з размахам прагрымеў традыцыйны навагодні баль. Вось ужо ў восьмы раз ён праходзіць у нашай краіне. Традыцыю, так упадабаную маладымі беларусамі, заклалі пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе. І з таго часу апынуцца ў Палацы Незалежнасці сярод запрошаных на баль — мара і мэта для юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў краіны. Менавіта з імі, найлепшымі прадстаўнікамі нашай моладзі, карэспандэнты «Звязды» пагутарылі ў кулуарах самага чароўнага і захапляльнага мерапрыемства гэтага года.

Студэнтка 3 курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Руслана Дуброўская расказала, што падрыхтоўкай да балю яго ўдзельнікі займаліся больш за месяц. «Вядома, гэта неймаверная праца. Мы ўдзячныя сваім педагогам, якія ўклалі часцінку сябе ў нас. Вельмі прыемна прысутнічаць тут, бо калі я была маленькая, глядзела на гэта ўсё па тэлевізары і ніколі нават не думала, што калі-небудзь траплю ў Палац Незалежнасці на баль. Але вось гэты момант надышоў, і я вельмі шчаслівая».

Паводле слоў дзяўчыны, для яе апынуцца на балі ў Палацы Незалежнасці — гэта велізарны гонар. «З Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі нас сюды прыехалі чатыры чалавекі. І сёння я тут, таму што добра вучуся, з’яўляюся актывісткай, удзельнічаю ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах. У будучыні я планую звязаць сваё жыццё з аграпрамысловым комплексам краіны — буду працаваць эканамістам у сельскагаспадарчай арганізацыі».
Руслана прызналася, што вельмі хвалюецца. «Прысутнічае мандраж, вельмі перажываю, але думаю, што ўсё пройдзе добра, бо мы ўпарта рэпеціравалі, танец ведаю. Танцаваць для мяне, у прынцыпе, нескладана, паколькі я займаюся танцамі ў Палацы культуры ў Горках. Я думаю, што з першымі гукамі музыкі ўсё перажыванне пройдзе і ўсё абавязкова будзе добра», — рэзюмавала яна.

А для студэнта 5 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Мацвея Ляйчонка, які ў гэтым навучальным годзе заканчвае сваю вучобу, трапіць на навагодні баль у Палац Незалежнасці было вельмі значнай падзеяй. «І я вельмі ўдзячны нашай Акадэміі мастацтваў за тое, што мне падарылі такую магчымасць. На маю думку, важна і трэба апынуцца кожнаму ў гэтым знакавым месцы для таго, каб лепей зразумець, у чым каштоўнасць нашай дзяржавы і 30 гадоў суверэнітэту, за якія было дасягнута шмат чаго ва ўсіх сферах. І зусім нядаўна можна казаць у нашай краіне з’явіўся ўласны навагодні баль. За гэта вялікі дзякуй нашаму кіраўніку дзяржавы», — адзначыў суразмоўца.

«Для мяне не толькі каштоўна, але і на самай справе пачэсна быць тут сёння ў гэты вечар, таму што я разумею: гэта вялікая падзяка і вялікае заахвочванне ад дзяржавы за тое, што я ўжо чагосьці дамогся. Мне гэта дапамагае адчуваць такую важную ацэнку з боку не проста калег або аднагодкаў, а з боку вышэйшых прадстаўнікоў нашай дзяржавы, якія думаюць перш за ўсё пра нашых студэнтаў і пра моладзь, — выказаў меркаванне Мацвей. — А трапіў на навагодні баль у Палац Незалежнасці таму, што часта ўдзельнічаю ў арганізацыі і правядзенні розных выставак ад нашай Акадэміі мастацтваў. Таксама дапамагаю з арганізацыяй самых розных прафесійных мерапрыемстваў і мастацкіх інсталяцый, перфомансаў, выставачных праектаў. Удзельнічаю актыўна ў грамадскай дзейнасці, наведваю розныя мерапрыемствы, дапамагаю з асвятленнем дзейнасці нашай Акадэміі мастацтваў у СМІ, паколькі з’яўляюся журналістам Белтэлерадыёкампаніі. Ну і ў тым ліку рады, што мой канал мяне падтрымаў: у аўторак выходзіў выдатны рэпартаж, прысвечаны генеральнай рэпетыцыі».
Мацвей прызнаўся, што хваляванні, вядома, былі, але зніклі на генеральнай рэпетыцыі. «Па-першае, таму што ўсё прайшло добра. І сёння з раніцы рэпетыцый не было, значыць, напэўна, мы са ўсім справіліся. Ну і важна яшчэ адзначыць, што калі ты апынаешся тут, у гэтай выдатнай зале, у касцюме, акружаны журналістамі — гэта надае ўпэўненасці. Ты знаходзіш шмат сяброў, якія табе заўсёды падкажуць, калі ты зрабіў не той рух, дзесьці хтосьці за руку пацягне, калі не туды пайшоў. Таму і адчуваеш сябе маленькай шасцярэнькай вялікага механізму, дзе калі нешта не атрымаецца, то табе адразу дапамогуць».

Студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Сафія Смолікава з’яўляецца тройчы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Мой сярэдні бал на сённяшні дзень складае 10.0. Я ўзначальваю студэнцкі савет у сваім універсітэце, актыўна займаюся навукай і ў тым ліку грамадскай дзейнасцю. Менавіта таму, хутчэй за ўсё, я сёння знаходжуся ў гэтым цудоўным месцы», — лічыць яна.
Паводле слоў Сафіі, ва ўдзельнікаў балю было вельмі шмат рэпетыцый. «Мы рэпеціравалі на працягу двух месяцаў, таму сёння адчуваем сябе абсалютна спакойна. Ёсць такое лёгкае хваляванне, таму што мы ў прадчуванні гэтага вялікага мерапрыемства. А паслухаць прамову Прэзідэнта нашай краіны — гэта вельмі ганарова».
Студэнт 3 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Уладзіслаў Смансер узначальвае Жодзінскую гарадскую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, падтрымлівае палітыку нашага Прэзідэнта. «Я вельмі хачу ў далейшым звязаць сваё жыццё з грамадскай дзейнасцю. І для мяне вельмі ганарова не проста пабываць, а паўдзельнічаць у сённяшнім навагоднім балі, тым больш з удзелам нашага Прэзідэнта».
Уладзіслаў шчыра прызнаўся, што для яго гэта ўсё вельмі хвалююча. «Я ніколі раней не танцаваў і не стаяў на сцэне. Тым не менш я спрабую пераадолець гэта хваляванне і ведаю, што ўсё абавязкова атрымаецца».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД