Народны выбар
Мінскі заапарк штогод выбірае свайго птушынага або хвастатага пасла Новага года, але гэтым разам супрацоўнікі вырашылі даверыць ганаровую місію шырокай публіцы — сваім падпісчыкам у сацыяльных сетках. Выбар сімвала 2026 года, года Вогненнага Каня, можна было зрабіць сярод чатырохногіх гадаванцаў установы.
Аднак, як адзначаюць у заапарку, у яго прасторных стайнях жывуць не толькі коні і поні, але і мілыя вослікі. І ўсе яны — прыязныя і працавітыя памагатыя. У барацьбу за ганаровае званне ўступілі восем годных кандыдатаў. Кожны дзень заапарк публікаваў у сваіх сацыяльных сетках своеасаблівае «дасье» на ўдзельнікаў, а фінальнае галасаванне за ўлюбёнца было прызначана на 15 снежня ў афіцыйным Інстаграм-акаўнце. Вынікі падвялі ўжо на наступны дзень.
Выбраць найлепшага гадаванца заапарка аказалася справай нялёгкай, бо кожны кандыдат быў па-свойму цудоўны — паслухмяны, прыгожы, з характарам. У шматлікіх наведвальнікаў установы ўжо былі свае даўнія фаварыты. Усяго ў стайнях жывуць дзесяць коней, пяць поні і тры аслы, для ўдзелу ў анлайн-галасаванні адбіралі самых кантактных жывёл. У спіс фіналістаў трапілі і вопытны 22-гадовы конь, і маладая 3-гадовая кабылка. Дарэчы, самаму даросламу каню Мінскага заапарка па мянушцы Чабурашка ўжо 28 гадоў. У выніку народнае прызнанне з прыкметным адрывам заваявала шасцігадовая кабыла па мянушцы Зара.
Аб пераможцы
Кабыла Зара гнядой масці, помесь цягавітага беларускага запражнога і латвійскага цеплакроўнага коней. У Мінскі заапарк яна патрапіла ў 2020 годзе і хутка стала ўсеагульнай улюбёнкай. Гэта цудоўная, па-сапраўднаму яркая і моцная жывёла, мабыць, самая «агністая» з усіх коней. Але не па тэмпераменце: жывёла неверагодна надзейная, спакойная і прыязная да людзей — часта «ходзіць хвосцікам» за супрацоўнікамі заапарка.
Асноўны яе рацыён — адборнае сена, авёс і пшанічнае вотруб’е, але, як і многія, Зара любіць прысмакі: моркву, цукар і хрумсткія сухары. Яна вельмі тактыльная і таварыская, любіць пачухванні і спецыяльна падстаўляе для гэтага самыя зручныя месцы. Як адзначаюць наглядчыкі, Зара выдатна ўлоўлівае чалавечую інтанацыю, нібы заўсёды гатовая выслухаць у складаны момант.
Гэта спакойная і паслухмяная жывёла часта працуе з дзецьмі, катаючы іх вярхом, і нават удзельнічае ў спаборніцтвах па канкурнай дысцыпліне. У 2023 годзе ў яе нарадзілася жарабя, якога назвалі Найс. Малы падрос, і цяпер яго часта блытаюць з мамай — так яны падобныя.
А што наконт фіналістаў народнага галасавання? Упэўненае другое месца ў конкурсе заняла ласкавая Смолка — цёмна-шэрая кабылка, верхавы поні. Яна нарадзілася ў заапарку і жыве тут ужо 10 гадоў. У дзяцінстве Смолка была «складаным дзіцем» і выхаванню паддавалася з цяжкасцю, але той перыяд даўно ў мінулым. Цяпер гэта смелы і паслухмяны конік, які не палохаецца нават мітуслівых сталічных вуліц, — на поні часта выязджаюць у горад. А вось «бронза» конкурсу дасталася абаяльнаму і прыязнаму каню поні-класа, якога завуць Піон. Ён патрапіў у заапарк ужо дарослым, таму да навакольнага свету часам ставіцца з асцярогай, але праблем ніколі не стварае, адзначаюць супрацоўнікі.
Усяго ж за перамогу змагаліся восем удзельнікаў: Орлік, Смолка, Мелодыя, Піон, Зара, Чубака, Герэх і Пітэр Пэн. Але менавіта гнядая прыгажуня Зара, з яе залатым характарам і адкрытым сэрцам, была абрана сапраўдным увасабленнем 2026 года. Пад знакам гэтай зграбнай жывёлы, мабыць, год таксама будзе дарыць кожнаму толькі цяпло і радасць.
Аміна НАЗАРАВА.
Фота з сайта Мінскага заапарка.