У панядзелак у Цэнтры бяспекі МНС прайшло святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня ратавальніка. На ім адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў, якія асабліва праславіліся — дзяржаўных і ведамасных узнагарод былі ўдастоены 35 чалавек. Пасля цырымоніі ўзнагароджання прайшла прэс-канферэнцыя, на якой былі раскрыты прыярытэты і ключавыя кірункі дзейнасці ведамства.
Звяртаючыся да прысутных, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі адзначыў, што супрацоўнікі МНС гатовыя забяспечыць любую бяспеку, у тым ліку і ваенную, калі гэта спатрэбіцца:
— Мы гатовы вырашаць шматгранныя задачы, аказваць садзейнічанне любым іншым органам у вырашэнні самых складаных шматбаковых задач, — заўважыў ён. — І галоўнае — мы апраўдваем давер насельніцтва, якое разлічвае на нас. Калі з беларусамі адбываецца надзвычайная сітуацыя, кожны выдатна ведае, куды трэба тэлефанаваць і што дапамога прыбудзе неадкладна.
Кіраўнік ратавальнага ведамства падзякаваў сваім калегам за адданасць справе, вернасць прысязе і адказнасць, з якой яны выконваюць пастаўленыя задачы. Вадзім Сіняўскі асобна павіншаваў ветэранаў. Паводле яго слоў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ніколі не стала б такой моцнай, зладжанай структурай, якой з’яўляецца сёння, без унёску тых, хто аддаваў свае сілы і здароўе на развіццё органаў і падраздзяленняў.
Падчас прэс-канферэнцыі Вадзім Сіняўскі адказаў на пытанні журналістаў. У прыватнасці, кіраўнік ратавальнага ведамства расказаў, чаго баіцца беларускі ратавальнік:
— Мы баімся не паспець. А ўсё астатняе, я лічу, умела намі вырашаецца, — падкрэсліў міністр. — Там, дзе мы паспелі, усё будзе добра: мы выратуем усіх, каго трэба выратаваць. У плане аснашчанасці нам усяго хапае.
Будынкі, тэхніка, людзі, экіпіроўка, абсталяванне — усё ёсць. Аднак нельга стаяць на месцы. Усё вышэйпералічанае трэба ўдасканальваць.
Вадзім Сіняўскі адзначыў, што ў 2025 годзе МНС працягнула выконваць пастаўленыя перад ім задачы, а таксама падзяліўся канкрэтнымі лічбамі:
— Мы прынялі і апрацавалі больш за 100 тысяч званкоў аб дапамозе, здзейснілі 50 тысяч выездаў на розныя надзвычайныя сітуацыі: стыхійныя бедствы, пажары, прамысловыя аварыі, дарожна-транспартныя здарэнні, — канкрэтызаваў кіраўнік ведамства. — Выратавалі і эвакуіравалі больш за 7 тысяч чалавек. Непасрэдна выратавана 940 чалавек.
Паводле слоў міністра па надзвычайных сітуацыях, у 2025 годзе ратавальнаму ведамству ўдалося знізіць паказчык дзіцячай смяротнасці на пажарах у 2,5 раза:
— Меры, якія прымаюцца на працягу многіх гадоў, даюць нам устойлівую тэндэнцыю да скарачэння гібелі людзей пры надзвычайных сітуацыях, — акцэнтаваў увагу ён. — У першую чаргу стала менш паміраць дзетак. Кожнае страчанае чалавечае жыццё, а тым больш жыццё дзіцяці, — гэта трагедыя не толькі для сям’і загінулага, але і для кожнага беларускага ратавальніка, які выязджае на падобныя выклікі. У 2025 нам удалося скараціць гэты вельмі цяжкі паказчык — да 4 смерцяў супраць 10 у 2024 годзе.
Такая ж сітуацыя назіраецца і з дарослымі. Кіраўнік ратавальнага ведамства расказаў, што вельмі важную ролю ў паляпшэнні статыстыкі адыграла ўстаноўка ў дамах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА):
— У 62 % выпадкаў гібеляў пры пажары ў памяшканні не быў устаноўлены АПА. Таму мы шмат увагі ўдзялілі гэтаму пытанню. У 2025 годзе па ўсёй краіне было ўстаноўлена больш за 56 тысяч апавяшчальнікаў, а паводле афіцыйнай статыстыкі, 67 чалавек былі выратаваны дзякуючы спрацоўванню АПА, у тым ліку 14 дзетак — людзі змаглі своечасова пакінуць месца пажару. І гэта толькі ўстаноўленыя выпадкі. Часам грамадзяне не паведамляюць нам аб спрацоўванні АПА, якое выратавала ім жыццё, — падкрэсліў міністр.
Не менш важным з’яўляецца пытанне захавання бяспекі ў месцах з масавым знаходжаннем грамадзян.
— Мы выявілі 1473 такія аб’екты. Усе яны на сёння абсталяваны аўтаномнай пажарнай сігналізацыяй, сродкамі пажаратушэння, іншымі сродкамі аўтаматыкі, — дадаў Вадзім Сіняўскі.
Пастаянна ўдзяляецца ўвага і пытанням бяспекі на водных аб’ектах. Паводле слоў кіраўніка ведамства, чацвёрты год запар у МНС атрымліваецца дамагацца зніжэння гібелі людзей на вадзе. За мінулы год на 92 трагічныя выпадкі гібелі адбылося менш, чым у 2024 годзе, у 2 разы менш загінула дзяцей.
Для якаснага выканання задач МНС працягвае займацца матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем сваіх падраздзяленняў.
— Напрыклад, з 2020 года па 2025-ы ўведзена ў эксплуатацыю 85 аб’ектаў, з якіх 77 — будынкі пажарных дэпо, — адзначыў міністр. Таксама ў 2025 годзе было набыта 146 адзінак аварыйна-ратавальнай і іншай тэхнікі, у будучыні плануецца набыццё двух верталётаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА