Паводле сацыялагічных даследаванняў, беларусы працягваюць чытаць кнігі, аддаючы перавагу папяровым выданням, гэта ўлічваюць выдавецтвы. Летась назіраўся рост кніжнай прадукцыі, што выдавалася ў Беларусі: у агульным аб’ёме гэта 983 найменні.
— 88,9 % чытачоў нашай краіны самі выбіраюць кнігі і сочаць за навінкамі, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ. — Чаму купляюць кнігі? Перш за ўсё лічаць, што кніга з’яўляецца сродкам развіцця і баўлення часу дзяцей. Па-другое, цікавяць змест і аўтары. Па-трэцяе, менавіта таму, што кніга лічыцца добрым падарункам.
У гандлёвай сетцы «Белкнігі» прыярытэтнае палажэнне і па тыражы (каля 80 %), і па сумах рэалізацыі (каля 70 %) займае менавіта беларуская кніга. Паводле даных за мінулы год, у нашай краіне выпушчана 7137 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 18 мільёнаў 198 тысяч асобнікаў. Гэта больш, чым у 2024-м. Сярэдні тыраж адной кнігі таксама ўзрос і складае цяпер 2550 экзэмпляраў.
Нашы выдавецтвы працуюць не толькі з дзяржаўнымі мовамі — рускай і беларускай, летась свет убачылі кнігі на 25 мовах свету. На беларускай мове выпусцілі 982 кнігі, іх тыраж павялічыўся і склаў 2,69 мільёны. На кожнага беларуса прыпадае ў сярэднім дзве кнігі, гэта стабільны паказчык сярод краін постсавецкай прасторы, які сведчыць, што наша нацыя чытае. Найбольш зацікаўленыя чытаннем людзі ва ўзросце да 29 гадоў. І ў нашай краіне больш чытаюць жанчыны. Гэта добра, бо менавіта жанчына становіцца правадніком дзяцей у кніжны свет, лічыць Дзяніс Езерскі.
У Год беларускай жанчыны роля і ўнёсак прыгожай паловы чалавецтва ў асветную справу будзе адзначана падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, што адбудзецца ў сакавіку. Каля асобнага стэнда змогуць прадставіць свае кнігі жанчыны-пісьменніцы, пройдуць іх прэзентацыі, сустрэчы, аўтограф-сесіі. Гэту тэму падтрымаюць і госці, сярод якіх павінны быць прадстаўнікі ўсіх краін — удзельніц СНД (сёлета 35 гадоў з моманту яе ўтварэння). Жанчыны працягваюць рабіць вялікі ўнёсак у літаратуру, што адзначыць выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе на красавік запланавана выданне «Сучасная жаночая проза» ў серыі «Бібліятэка беларускай аповесці». Акрамя таго, сёлета Міністэрства інфармацыі запускае кніжную серыю ў межах падтрымкі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Серыя «Маладосць» будзе прысвечана маладым аўтарам, якія сябе праявілі ў розных літаратурных конкурсах.
Паводле сацыялагічных даследаванняў, 83,6 % насельніцтва аддаюць перавагу кнігам папяровага фармату, але ёсць запыт і на лічбавыя платформы, аўдыя- і электронныя кнігі (19,7 % бачаць у гэтым спосаб прыцягнення дзяцей і шлях развіцця кніжнага рынку). У нас ёсць ініцыятывы і выдавецтвы, якія прадстаўляюць гэты кірунак. Найбольш запатрабаваная дзіцячая кніга. Але ёсць цікавасць да сацыяльна значнай літаратуры пра дасягненні і традыцыі нашай краіны (37,8 % набываюць літаратуру такога зместу), да кніг на тэму Вялікай Айчыннай вайны (34,6 %). Сацыялагічнае даследаванне пацвердзіла: чытачу патрэбны кнігі.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Фота Лізаветы ГОЛАД.