Марожанае любяць усе: і дарослыя, і дзеці. Але таму, што гэта любімы пачастунак менавіта для малых, яго якасць патрабуе асаблівай увагі і кантролю. Паглядзелі, як гэта адбываецца, на Магілёўскай фабрыцы марожанага.
Фабрыка марожанага ў Магілёве — прадпрыемства з багатай гісторыяй. Але нязменным тут застаецца адно — строгі і дакладны кантроль на кожным этапе вытворчасці: ад сыравіны да ўжо спакаванага прадукту.
«Вытворчасць марожанага — асаблівая тэхналогія ў малочнай галіне, у якой свая цікавая спецыфіка, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Вольга Васількова. — Пачынаецца з сыравіны. Практычна ўсё ў нас айчыннае. Беларуская прадукцыя славіцца натуральнасцю і якасцю, таму закупляем толькі тое, чаго ў нас не вырабляюць».
Калі асноўная сыравіна прыязджае на фабрыку, запускаецца цэлы працэс. «У нас дзейнічае сістэма менеджменту бяспечнай харчовай прадукцыі ІSO 22000. Гэтая сістэма гарантуе бездакорную якасць і бяспеку прадукцыі. Сыравіна пасля пастаўкі праходзіць уваходны кантроль — пробы адбіраюцца вытворчай лабараторыяй. Вывучаюцца неабходныя паказчыкі на адпаведнасць усім нормам. Толькі пасля таго, як сыравіна прайшла праверку, яна трапляе на вытворчасць», — кажа Вольга Васількова.
Калі ў сумесь унесены ўсе неабходныя кампаненты — лабараторыя правярае яе на фізіка-хімічныя паказчыкі. Потым яна падвяргаецца цеплавой апрацоўцы, гэта трэба для забеспячэння бяспекі па мікрабіялагічных паказчыках, пры тэмпературы плюс 87 градусаў на працягу 60 секунд. Каб кансістэнцыя будучага марожанага была сметанковай і крэмавай, яе гамагенізуюць — падвяргаюць апрацоўцы на спецыяльных апаратах, якія дробняць тлушчавую фракцыю на вельмі дробную дысперсію. За гэтым — астуджэнне да плюс 4 градусаў. Потым сумесь адпраўляюць спець.
А далей — самае сэрца вытворчасці. Гэта фрызерна-фасовачны ўчастак, дзе марожанае дазіруюць парцыённа. Працэс замарозкі і насычэння сумесі паветрам праходзіць у спецыяльных апаратах — фрызерах. З іх ужо мяккае марожанае дазіруецца ў шкляначкі і паступае ў хуткамаразільныя шафы, дзе замарожваецца да мінус 18 градусаў у патоку халоднага паветра.
Пасля праходжання ўсіх этапаў марожанае адпраўляюць «дазагартоўвацца» ў камеру з тэмпературай мінус 18 градусаў. І зноў — кантроль лабараторыі — правяраюць кожную партыю, каб выдаць пасведчанне якасці. Без яго да спажыўцоў нельга.
Як расказала інжынер-мікрабіёлаг Алена Лабузнова, такая пільная ўвага да якасці прадукцыі і яе бяспекі небеспадстаўная. «Мы ж дзетак кормім! Таму без сур’ёзных даследаванняў і дакладнага кантролю ніяк, — разважае яна. — Кожная партыя даследуецца максімальна. Гэта ж малочная прадукцыя. А ўсе мы ведаем, што за ёй патрэбна вока ды вока — многія бачылі ў дамашніх халадзільніках, што будзе, калі парушаць правілы захоўвання».
У планах на перспектыву — мадэрнізацыя вытворчасці, увядзенне новых відаў марожанага. І, вядома, пастаянны кантроль якасці на ўсіх этапах.
Паводле БелТА