Паступовае павышэнне сярэднясутачных тэмператур дазволіць аграрыям у спакойным рытме выканаць пасяўныя работы, упэўнены прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Як расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Мікалай Лешык, летась, як і ў папярэднія гады, з восені было пасеяна каля 1,5 мільёна гектараў азімых збожжавых і больш 440 тысяч гектараў крыжакветных культур. Штогод лічбы, звязаныя з размеркаваннем культур, практычна не мяняюцца, але з улікам кліматычных асаблівасцяў і новых пастаўленых перад галіной задач могуць уносіцца невялікія карэктывы. Так, пры спрыяльных для сяўбы асенніх умовах тэрыторыя, занятая азімымі, можа павялічвацца ў межах 5 працэнтаў. Летась азімых збожжавых было пасеяна на 30 тысяч гектараў менш, бо восень выдалася вільготная. Акрамя таго, вырас даволі добры ўраджай, уборка якога патрабавала больш рэсурсаў. Значыць, гэтай вясной ужо яравых культур трэба пасеяць на 30 тысяч гектараў больш.
Нязначна зменіцца і структура пасеваў — стаўка робіцца на вытворчасць зерня кукурузы, што будзе зроблена за кошт зніжэння плошчаў, занятых пад ячмень і авёс. Гэта звязана і з даручэннямі ўрада, і з высновамі, зробленымі сельгасвытворцамі.
Калі не мяняюцца плошчы, занятыя цукровымі буракамі і льном, то па вырошчванні бульбы кіраўніком краіны пастаўлена задача атрымаць мільён тон (гэта значыць, прыбаўка будзе каля 200 тысяч тон караняплодаў). Адпаведна пасяўныя плошчы пад «другі беларускі хлеб» павялічацца на 15 працэнтаў у параўнанні з узроўнем мінулага года.
Як паведаміў Мікалай Лешык, на сёння насенне па збожжавых культурах падрыхтавана ў поўным аб’ёме. Маецца як асноўны запас для сяўбы, так і створаны страхавы фонд. Завяршаецца падрыхтоўка для пасеву льну, а таксама шматгадовых траў, насенне якіх вырашчана ў краіне. Вядзецца таксама закупка насення, якое ў нас не вырошчваецца ў сувязі з кліматычнымі асаблівасцямі ці няхваткай на дадзены час добрых сартоў і гібрыдаў айчыннай селекцыі. У першую чаргу гэта датычыцца такой культуры, як люцэрна.
На асаблівым кантролі пытанне нарыхтоўкі ўгнаенняў. Узгодненыя ўрадам графікі адгрузкі і пастаўкі мінеральных угнаенняў выконваюцца ў поўным аб’ёме. Пад яравы пасеў плануецца накапіць іх не менш за ўзровень 2025 года, і дае спадзяванні на тое, што будучы ўраджай павінен атрымацца не меншы за леташні. Сродкі аховы раслін закупляюцца непасрэдна пад пэўныя перыяды работы. Брэсцкі і Гродзенскі рэгіёны ўжо клапоцяцца пра падкормку азімых збожжавых азотнымі ўгнаеннямі, актыўна вядуцца работы па ўнясенні мінеральных угнаенняў на пасевах траў. На Брэстчыне пачаліся работы па падрыхтоўцы глебы пад пасеў яравых.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча Станіслаў Карповіч звярнуў увагу, што адзін з вырашальных фактараў пры правядзенні вясенніх палявых работ — аснашчанасць і гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі. Летась была закуплена новая тэхніка (каля 9 тысяч адзінак), і яна таксама будзе задзейнічана на палях. Між іншым, сёлета закупка будзе працягвацца з такімі ж тэмпамі (так, плануецца набыць 1200 энерганасычаных трактароў, больш як 600 зернекамбайнаў, каля 200 кормаўборачных машын. На гэтыя мэты ў бюджэце выдзелена каля 2 мільярдаў беларускіх рублёў).
На сёння ўзровень гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі складае 94 працэнты. Крыху адстаюць Віцебская і Магілёўская вобласці, але на працягу тыдня гэта пытанне будзе вырашана. У зімовы перыяд з 1 лістапада рамонтам тэхнікі займаліся не толькі сельгасарганізацыі. На спецпрадпрыемствах падрыхтавана больш як 700 адзінак.
У пасяўной кампаніі будзе задзейнічана 75 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання. На палях пройдуць выпрабаванні і навінкі Мінскага трактарнага завода, трактары, якія маюць адрозную канструкцыю — нясучы паддон. Працягнуцца выпрабаванні трактара на 540 конскіх сіл, які ўжо працаваў і ў мінулым сезоне. Будуць развівацца сістэмы дакладнага земляробства.
Прыняты адпаведныя меры па забеспячэнні галіны гаручазмазачнымі матэрыяламі. Для арганізацыі тэхналагічнага працэсу неабходна дадатковае прыцягненне 2400 чалавек, што будуць адказваць за загрузку ў тым ліку энерганасычаных трактароў, якія змогуць працаваць у дзве змены. Ужо падабраны людзі пад гэту задачу. Будзе прыцягнута тысяча чалавек з прамысловых прадпрыемстваў, 660 практыкантаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў і студэнтаў ВНУ. Яшчэ каля тысячы чалавек будуць далучаны па грамадзянска-працоўных дагаворах.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА