Агульная справа

Старшыня Канстытуцыйнага Суда адзначыў, што забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу — найважнейшая задача дзяржавы, грамадства і кожнага грамадзяніна. Яна выяўляецца ў абароне суверэнітэту беларускай дзяржавы, умацаванні нацыянальнай бяспекі, прынцыпах народаўладдзя, свабоднай рэалізацыі грамадзянамі гарантаваных дзяржавай канстытуцыйных правоў і свабод, а таксама няўхільным выкананні канстытуцыйных абавязкаў.
Прынятае 12 сакавіка 2026 года, Пасланне ахоплівае шырокі спектр пытанняў: ад абароны канстытуцыйнага ладу да забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і гарантый правоў грамадзян: «У сваім структурным выяўленні і змястоўным напаўненні Пасланне ўключае комплексны аналіз стану канстытуцыйнай законнасці, канстытуцыйнага правапарадку ў нашай краіне з пункту гледжання забеспячэння такіх канстытуцыйных каштоўнасцяў і інстытутаў, як абарона канстытуцыйнага ладу, абарона гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі нашай краіны», — расказаў Сяргей Сівец.
Паводле яго слоў, сёння можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што ў Беларусі ў поўнай меры рэалізоўваюцца фундаментальныя правы і свабоды, а работа дзяржаўных органаў мае скаардынаваны і ўзгоднены характар. Выяўленыя неадпаведнасці асобных палажэнняў законаў палажэнням Канстытуцыі носяць адзінкавы характар і не сведчаць аб сістэмных праблемах у заканадаўстве. Як адзначыў Сяргей Сівец, гэтыя неадпаведнасці ўзнікаюць з-за юрыдычна-тэхнічных недакладнасцяў пры фармулёўцы саміх рэдакцый палажэнняў Канстытуцыі.

Захаваць праўду, не дапусціць скажэння
Забеспячэнне непахіснасці асноў дзяржаўнага ладу Беларусі прама залежыць ад такога паняцця, як канстытуцыйная ідэнтычнасць — асаблівага спалучэння базавых прынцыпаў, маральных арыенціраў, каштоўнасцяў і традыцый, якія сфарміраваліся гістарычна і сёння замацаваны ў Асноўным Законе нашай краіны. Таму палажэнне аб абароне гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, як адзначыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда, займае важнае месца ў абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі. Яно дазваляе захаваць для будучых пакаленняў сапраўдную карціну падзей тых гадоў і не дапусціць скажэння гістарычнай праўды.
«Асновай грамадскай згоды, адзінства народа, аб’яднанымі вакол гэтай гістарычнай памяці, якраз з’яўляюцца два законы, якія прыняты ў развіццё палажэнняў Канстытуцыі, — законы „Аб генацыдзе беларускага народа“ і „Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму“, — падкрэсліў Старшыня Канстытуцыйнага Суда. — На аснове гэтых юрыдычных заканадаўчых актаў фактычна выбудоўваецца ўся дзяржаўная палітыка, звязаная з захаваннем гістарычнай памяці і праўды аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Быць на крок наперадзе
Канстытуцыйны Суд таксама звярнуў увагу на неабходнасць апераджальнай заканатворчасці. Асаблівую занепакоенасць у суддзяў выклікае дынаміка развіцця лічбавай сферы, якая нярэдка абганяе фарміраванне прававой базы. Як растлумачыў Сяргей Сівец, асобныя грамадскія адносіны развіваюцца хутчэй, чым паспявае рэагаваць заканадавец, што можа ствараць рызыкі для грамадзян.
«Шэраг грамадскіх адносін, асабліва ў лічбавай сферы, значна апярэджвае прававую рэгуляторыку і ў канчатковым выніку можа паслужыць падставай для ўтварэння пэўных прававых лакун, прабелаў у нарматыўна-прававым рэгуляванні найбольш важных грамадскіх адносін і тым самым ускосна парушыць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна», — падкрэсліў Сяргей Сівец. Акрамя таго, у Пасланні былі агучаны і іншыя прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне дзейнага заканадаўства і ўмацаванне прававой сістэмы дзяржавы і грамадства ў цэлым.

Дзеля абароны сваіх канстытуцыйных правоў і свабод
Дарэчы, у 2025 годзе, паводле слоў Сяргея Сіўца, у Канстытуцыйны Суд паступіла 70 канстытуцыйных скаргаў. Грамадзяне звярталіся па самых розных пытаннях: абарона канстытуцыйных правоў і свабод, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і накладанне адміністрацыйнага спагнання, рэалізацыя права ўласнасці ў адносінах да жылога памяшкання, атрыманага ў спадчыну. Шэраг пытанняў быў звязаны з доступам да судовай абароны, аказаннем юрыдычнай дапамогі і падаткаабкладаннем даходаў грамадзян.
Па выніках разгляду скаргаў Канстытуцыйны Суд вынес 5 рашэнняў і 14 вызначэнняў. У большасці з іх, як растлумачыў Сяргей Сівец, была прызнана адпаведнасць тых ці іншых норм закона палажэнням Канстытуцыі. Аднак у шэрагу выпадкаў суд выявіў прабелы і няпэўнасці ў прававым рэгуляванні, у двух выпадках на падставе канстытуцыйных скаргаў была ўстаноўлена неадпаведнасць Канстытуцыі пэўных норм закона.
«Дынаміка росту зваротаў у Канстытуцыйны суд паказвае, што беларусы актыўна карыстаюцца гэтым інструментарыем прамога доступу да канстытуцыйнага правасуддзя і актыўна карыстаюцца магчымасцю абароны сваіх канстытуцыйных правоў і свабод, — канстатаваў Сяргей Сівец. — Пры гэтым мы адзначаем павышэнне ўзроўню прававой культуры нашых грамадзян з пункту гледжання афармлення канстытуцыйных скаргаў, разумення размежавання кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда ў параўнанні з судамі агульнай юрысдыкцыі і іншымі дзяржаўнымі органамі. Таму, я думаю, гэты інструмент будзе актыўна запатрабаваны нашымі грамадзянамі».
Аміна НАЗАРАВА
фота БелТА