Top.Mail.Ru

Турчын: Кожны бюджэтны рубель павінен працаваць на вынік

12.03.2026 | 19:10

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын прыняў удзел у пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў


Галоўныя тэмы — вынікі выканання бюджэту Беларусі за 2025 год і задачы фінансавым органам на 2026 год.

— У наш няпросты час патрабаванні будуць толькі ўзрастаць па ўсёй вертыкалі нашай фінансавай сістэмы. І таму вы павінны быць да гэтага гатовыя, — нацэліў удзельнікаў калегіі Прэм’ер-міністр. 

Як растлумачылі ў прэс-службе ўрада, прадметны дыялог заняў больш за дзве гадзіны. У цэнтры ўвагі — ключавыя пытанні, ад якіх залежыць эфектыўнасць фінансавай сістэмы. На парадку дня стаялі няпростыя, але наспелыя тэмы. Напрыклад, аб павышэнні эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі выдаткамі (кожны бюджэтны рубель павінен працаваць на вынік), аб ролі мясцовых фінансавых органаў (менавіта на месцах бачныя рэальныя патрэбы — удзельнікі калегіі абмяркоўвалі ўзмацненне іх самастойнасці і адказнасці), аб неабходнасці працягу работы па аптымізацыі бюджэтнай сферы і развіцці страхавога рынку, у якім ёсць патэнцыял для павелічэння ўкладу ў эканоміку.

— Ад стану фінансавай дысцыпліны вельмі многае залежыць у эканоміцы нашай краіны. Калі мы будзем дакладна яе выконваць, у нас многіх праблем не будзе, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. 

Ён звярнуў увагу на тое, што невыпадкова казаў аб правядзенні адзінай палітыкі ў сістэме Міністэрства фінансаў:

— Цэнтральны апарат, абласныя ўпраўленні, раённыя фінансавыя аддзелы, органы казначэйства, кантрольна-рэвізійныя ўпраўленні — мы ўсе павінны працаваць на адзін вынік. Перад намі стаіць шмат задач, таму мы павінны да кожнай капейкі бюджэтных сродкаў ставіцца вельмі беражліва, скрупулёзна. І заўсёды фінансіст — гэта той чалавек, які стаіць на варце бюджэтных сродкаў.

Фінансавая сістэма нашай краіны абсалютна ўстойлівая, канстатаваў кіраўнік урада. 

— І людзі, якія ў ёй працуюць, — гэта прафесіяналы сваёй справы. Так, ёсць нюансы, але я ўпэўнены, што тыя задачы, якія стаяць перад намі, мы ўсе разам паспяхова выканаем. Таму я хачу настроіць вас на сур’ёзную работу і чакаю ад Міністэрства фінансаў выканання тых задач і даручэнняў, якія перад намі ставіць Кіраўнік дзяржавы, якія ставіць урад, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю