Пытанне рэсурсаў ключавое
— Нацбанк і ўрад заўсёды былі апанентамі. Але на апошняй справаздачы (справаздачы ўрада кіраўніку дзяржавы за 2025 год. — Заўв. рэд.) Прэзідэнт сказаў, каб яны працавалі разам. Усё ж такі грашова-крэдытная палітыка і эканамічная палітыка заўсёды ішлі рука аб руку, таму яны павінны ўзаемадзейнічаць. Так прапісана ва ўсіх дакументах. Яны разам адказваюць за эканамічны рост і кантроль цэн, — цытуе БелТА словы Дзмітрыя Крутога.
Цяпер, па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, паміж Нацыянальным банкам і ўрадам ідзе вельмі дзелавое і канструктыўнае ўзаемадзеянне.
— Асабліва ў інвестыцыйнай сферы — тое, што, на мой асабісты погляд, з’яўляецца ключавым. Мы не павінны знізіць тэмпы рэалізацыі нашых інвестыцыйных праектаў. І пытанне рэсурсаў на сёння ключавое, — падкрэсліў ён.
Патрэбны кампетэнцыі
Падчас нарады Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што ў Нацыянальным банку шмат спецыялістаў, якія разбіраюцца не толькі непасрэдна ў банкаўскай сферы, але і ў многіх іншых галінах. Таму іх патэнцыял неабходна задзейнічаць.
«Кажуць, што ў банку ў нас спецыялістаў дастаткова прасунутых. І яны гатовы ствараць цэнтры апрацоўкі даных. Прынамсі, кантраляваць, як гэты працэс ідзе. Яшчэ шэраг іншых праектаў. Я чалавек у гэтых адносінах, можна сказаць, прагны. Я не хацеў бы страціць спецыялістаў Нацыянальнага банка, якія ў нас напаўсілы задзейнічаны. І не таму, што яны не хочуць працаваць. Яны могуць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў гэтай сувязі згадаў Аляксандра Ягорава, які, напрыклад, курыруе работу з Нікарагуа. Раман Галоўчанка мае досвед работы з арабскім Усходам. Больш за тое, ён валодае вялікімі кампетэнцыямі ў выніку работы на пасадзе прэм’ер-міністра.
У эфіры «Першага інфармацыйнага» першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў адзначыў, што ў папярэднія гады была закладзена добрая аснова для супрацоўніцтва з Нікарагуа:
— Падпісаны шэраг кантрактаў на пастаўку тэхнікі — гэта добрыя інвестыцыйныя дагаворы, у рамках якіх тэхніка працягвае паступаць у Нікарагуа.
Ён паведаміў, што літаральна нядаўна ў гэту краіну паступіла чарговая партыя тэхнікі:
— Для Нікарагуа гэта вельмі важна. З удзелам нашага асноўнага контрагента была ўрачыстая перадача тэхнікі. Чарговая партыя МАЗаў рыхтуецца да адпраўкі.
Аляксандр Ягораў дадаў, што для гэтай краіны была адкрыта крэдытная лінія «Банкам развіцця» (які ён у свой час узначальваў) памерам больш за 100 мільёнаў долараў:
— У нас ёсць заключаныя кантракты, і ў рамках гэтай лініі мы цяпер тэхніку пастаўляем.
Паводле яго слоў, гэтыя цэнтравыя кантракты па інвестыцыях далі аснову для далейшага гандлю. І цяпер паралельна вядзецца работа па таварах, якія не адносяцца да катэгорыі інвестыцыйных, а з’яўляюцца больш спажывецкімі:
— З бізнесменамі з Нікарагуа вядзецца работа, яны паступова пэўныя тавары спрабуюць, закупляюць у нас, калі добра ідзе, павялічваюць пастаўкі.
Аляксандр Ягораў выказаў упэўненасць, што ўсё будзе паспяхова развівацца:
— Самае важнае цяпер — закрыць кантракты, якія ў нас былі: гэта тэхніка МАЗ, МТЗ і «Амкадор», а далей будзем глядзець іншыя кірункі.