Пошукі мы пачалі з 1919 года невыпадкова — толькі з гэтага часу газета пачала выходзіць рэгулярна, як адзначалі тагачасныя аўтары, адрадзілася «на старым папялішчы». Тут няма фотаздымкаў, большасць публікацый — хроніка. Газета актыўна асвятляла праблемы, якія трэба было вырашаць у толькі створанай савецкай беларускай рэспубліцы.
Па падшыўках можна бачыць, што пытанні з абаронай жанчын і дзяцей у маладой рэспубліцы былі пад асаблівым кантролем. Нават у час суцэльнага дэфіцыту, калі пастановамі прапісваліся нормы харчовых пайкоў, да першай катэгорыі нароўні з рабочымі фізічнай працы адносіліся жанчыны, якія кормяць грудзьмі, цяжарныя з 5-га месяца па пасведчаннях урачоў, жанчыны-гаспадыні, у сем’ях якіх не менш 4 чалавек, пры наяўнасці не менш чым 2 непрацаздольных членаў. У гэту групу таксама былі аднесены дзеці ад 1 да 12 гадоў.

Ствараюцца прытулкі для бяздомных дзяцей, якія пасля плануецца рэарганізаваць у камуны. «Трэба ратаваць дзяцей. Трэба абмыць, накарміць іх і падрыхтаваць для паступлення ў адзіную працоўную школу. Гэта задача цалкам ляжыць на самой дзяржаве». Для гэтай справы Камісарыят па асвеце «імкнецца прыцягнуць лепшыя мясцовыя сілы, якія валодаюць спецыяльнымі ведамі і могуць прымяніць іх на рабоце ў шырокім маштабе. Загадваць аддзелам дашкольнага выхавання запрошана вядомая ў горадзе работніца ў гэтай вобласці А. Н. Маргуліс, пад кіраўніцтвам якой ужо пачаліся падрыхтоўчыя работы». Між іншым, гэта адзінае жаночае прозвішча, якое ўдалося знайсці ў газеце за першыя тры месяцы 1919 года, але і праз старонкі газет можна бачыць, якія складаныя абавязкі былі ўскладзены на жанчын.
Праводзілася рэформа школы. Пры гэтым уздымалася пытанне аб тым, каб дзеці не галадалі. Адкрываліся харчовыя пункты для дзяцей, у школах наладжваліся гарачыя сняданкі. Уздымалася пытанне аб адсутнасці дзіцячых садкоў, арганізацыі курсаў для выхавальніц.
«Намечаны план па ахове дзяцінства, — пісала „Звязда“, — а менавіта для стварэння шырокай сеткі ўстаноў. У Мінску і правінцыі намечана адкрыць каля 14 дзіцячых дамоў. На ўвазе каласальнай дзіцячай смяротнасці, з-за адсутнасці ў краі дастатковай колькасці тлушчавых і малочных прадуктаў, Камісарыят намеціў забеспячэнне грудных дзяцей беднаты малаком». Мінская малочная «прыстасоўваецца для вырабу розных малочных сумесяў для дзяцей пад кіраўніцтвам спецыялістаў і ўрачоў». Ставіліся планы па стварэнні «паказальных устаноў для ўсяго беларускага краю», сярод якіх — цэнтральная малочная кухня, кансультацыя для грудных дзяцей, прытулак для бедных цяжарных жанчын і дом «Маці і Дзіцяці».
Падобная работа вялася і ў іншых гарадах. Напрыклад, у Ігумене (сучасным Чэрвені) была створана камісія з прадстаўнікоў камітэтаў беднаты і прафесіянальных саветаў для абследавання сямейнага і матэрыяльнага становішча грамадзян, якім патрэбна дапамога. «Выдаюцца аднаразовыя дапамогі па дамове з харчовым аддзелам, выдаюцца па цвёрдых цэнах прадукты, аплачваюцца рэцэпты, высылаецца на дом бясплатны ўрач, прадстаўляюцца бясплатныя боны і дровы. Абсталяваны дом для цяжарных жанчын, куды пры неабходнасці высылаецца ўрач. У гэтым доме пакуль толькі 4 ложкі».

Разлічваць на дапамогу маглі і члены сямей чырвонаармейцаў. Выдзяляліся дапамогі іх жонкам, якія мелі дзяцей да 10-гадовага ўзросту, іх бацькам (калі бацька старэйшы за 55 гадоў, а маці — за 50).
Вялася барацьба з эпідэміяй сыпнога тыфу. Сем’і, якія пражывалі ў кватэрах, дзе знаходзіўся хворы, ставіліся на каранцін, дзецям забаранялася наведваць школы. Пра тое, наколькі няпростае было становішча, сведчыць нататка ад карэспандэнта з Баранавіч, дзе быў створаны медыцынскі пункт для ваеннапалонных і бежанцаў, сярод іх шмат хворых на тыф. Санітарна-медыцынскі персанал змагаўся з эпідэміяй, не хапала харчавання.
Сёстрам міласэрнасці, якія тут працавалі, «даводзіцца цягаць і калоць дровы, мыць пакоі. Не праходзіць і дня, каб хтосьці з сясцёр не захварэў на тыф». Карэспандэнт абураўся, што недапушчальна, каб сёстры выконвалі нежаночыя абавязкі.
Але нягледзячы на няпростыя ўмовы, жанчыны знаходзілі час і для карысных і прыемных заняткаў. Адкрываліся вячэрнія школы, бясплатныя курсы пры падрыхтоўцы да паступлення ва ўніверсітэт, студыі музыкі, драматычныя, харавыя гурткі, спартыўныя секцыі (напрыклад, у клубе інтэрнацыянала ў асобныя дні для жанчын і мужчын можна было займацца «гімнастычнымі практыкаваннямі»).
Першыя беларускія камуністкі спрабавалі далучыць жанчын і да партыйнай работы. Праводзіліся мітынгі-канцэрты для жанчын, напрыклад, да 8 Сакавіка. Праўда, як сведчаць публікацыі, падпісаныя аўтарам «Камуністка», жанчын было цяжка сабраць нават на «нарады актыўных работніц», і яны пакуль не адчулі сваю ролю ў будаўніцтве новага жыцця.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ