Top.Mail.Ru

Якаснае забеспячэнне электрычнасцю арантуюць адказныя спецыялісты

20.03.2026 | 12:30

Пазнаёміўшыся з Ягорам ВАЛЧАНІНЫМ, майстрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання службы электрагаспадаркі дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсккамунцепла-
сетка», я ў чарговы раз пераканалася ў тым, што працоўная моладзь — гэта гонар нашай краіны. Нягледзячы на малады ўзрост, Ягор паспяхова ўдасканальвае свае прафесійныя навыкі, уваходзіць у лік найлепшых работнікаў прадпрыемства, а сёлета выдатны спецыяліст паспяхова прадставіў сталіцу ў фінале рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы малады супрацоўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі» і стаў пераможцам у намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый».


Працоўнай энергіі Ягора можна толькі пазайздросціць. Ён ні хвіліны не сядзіць без справы, сочыць за работай электраманцёраў і ў сваёй рабоце актыўна выкарыстоўвае новыя перспектыўныя тэхналогіі.

Цікавасць да электрыкі — з дзяцінства

— Зразумела, што сваю прафесію вы выбралі не выпадкова...

— Мяне з ранніх гадоў цікавіла ўсё, што звязана з электрыкай, — расказвае хлопец. — Пасля дзевяці класаў сярэдняй школы № 20 г. Барысава я паступіў у мясцовы політэхнічны каледж. Напэўна, тады я зразумеў, як шмат значыць для мяне абраная прафесія. Маімі любімымі прадметамі былі матэматыка, тэхнічная механіка, электрамеханіка і г. д.
Скончыўшы каледж па спецыяльнасці «вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратуры», Ягор пачаў свой працоўны шлях у філіяле «Барысаўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга». Малады спецыяліст быў прыняты на работу электраманцёрам па рамонце і абслугоўванні рэлейнай абароны і апаратуры. Так, тэарэтычныя веды хлопец паспяхова праявіў на практыцы і завочна паступіў у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Адпрацаваўшы тры гады ў Барысаўскіх электрычных сетках, Ягор вырашыў прадоўжыць свой прафесійны шлях у сталіцы. Хлопец уладкаваўся майстрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання службы электрагаспадаркі на дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка». І хоць тут спецыяліст працуе крыху больш за два гады, ён паспеў заваяваць аўтарытэт. Ягора ведаюць як работніка, якому можна даручыць любую адказную справу, і разам з гэтым — як творчую і крэатыўную асобу.


Сёння ў падначаленні Ягора Валчаніна знаходзіцца пяць электраманцёраў і кіроўца. Кожную раніцу спецыяліст запісвае для іх заданні ў журнал згодна з графікам, праводзіць інструктажы, накіроўвае на медагляд, а затым яны выязджаюць на вытворчыя аб’екты. Ягор кантралюе работу электраманцёраў, сочыць за выкананнем патрабаванняў аховы працы, рацыянальным выкарыстаннем матэрыялаў. Адказнаму спецыялісту прыходзіцца шмат працаваць і з дакументацыяй.

Па слядах Ніколы Тэслы

Аднак, нягледзячы на тое, што работа на прадпрыемстве патрабуе асаблівай пільнасці, высокай арганізаванасці і адказнасці, Ягор знаходзіць час і на ўдзел у творчых мерапрыемствах. Так, летась хлопец паспяхова выступіў у фінале гарадскога праекта па падтрымцы маладзёжных ініцыятыў «Мінская змена — 2025». І членаў журы, і шматлікіх гледачоў уразіла цудоўнае выступленне Ягора ў рэспубліканскім конкурсе «Найлепшы малады супрацоўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі».


— У першай частцы конкурсу неабходна было зрабіць відэапрадстаўленне. Канкурсанты расказвалі пра сябе, пра асаблівасці сваіх прафесій, пра захапленні і гэтак далей. Пры гэтым ацэньваліся арыгінальнасць, крэатыўнасць і ўменне зацікавіць гледачоў абранай справай. У другой частцы конкурсу ўдзельнікі выступалі з творчымі нумарамі. Паколькі я знешне падобны на папулярнага літаратурнага персанажа Гары Потэра і працую з электрыкай, у мяне з калегамі ўзнікла ідэя паказаць фокус з катушкай Тэсла. Гэта рэзанансны трансфарматар, які стварыў Нікола Тэсла ў 1891 годзе. Катушка дае высокае напружанне высокай частаты і генерыруе эфектныя электрычныя разрады — іскры, яна здольная перадаваць энергію без правадоў на вялікую адлегласць, — тлумачыць Ягор. — У падрыхтоўцы сцэнарыя мне дапамаглі мае творчыя калегі. За два тыдні мы напісалі тэкст, правялі рэпетыцыі. На трэцім этапе конкурсу кожнаму з удзельнікаў неабходна было адказаць на пытанні, якія датычаць асаблівасцяў галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вельмі прыемна было атрымаць высокую ацэнку членаў журы. У гарадскім этапе конкурсу я заняў першае месца, а на рэспубліканскім — стаў пераможцам у намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў». Вядома, гэта стала для мяне вельмі важнай і незабыўнай падзеяй.


Ягор цікава і з карысцю праводзіць свой вольны час. Па вечарах займаецца бегам, у выхадныя адпраўляецца ў падарожжы з сябрамі. Хлопец актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца прафсаюзным камітэтам прадпрыемства, з задавальненнем наведвае памятныя мясціны Беларусі.

— Сваю прафесію я лічу адной з самых неабходных, бо электрычнасць суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця. У наш імклівы час, калі актыўна выкарыстоўваюцца перспектыўныя тэхналогіі, жыццё без электрычнасці наогул уявіць немагчыма, — кажа Ягор Валчанін.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю