Напярэдадні Дня памяці спаленых вёсак віцебскія ратавальнікі на чале з членам Савета Рэспублікі, начальнікам абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргеем МЯЛЕШКІНЫМ арганізавалі аўтапрабег памяці да месца пахавання мірных ахвяр фашызму.
Помнік спаленым зажыва жыхарам вёскі Асташэва ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці напамінае, што такія ж карныя акцыі, як у Хатыні, акупанты ўчынялі па ўсёй Беларусі. У цэнтры мемарыяла — стэла з барэльефам жанчыны, якая трымае на руках дзіця. Беларускую мадону з немаўлём агортвае полымя — і яна не можа ўратаваць ні сваё, ні яго жыцці. Аб гэтым набатам крычаць званы над іх галовамі.
Побач журботныя пліты з прозвішчамі бязвінных ахвяр. Адных Карнілавых, мабыць, родных — больш за 20 чалавек. Цэлыя сем’і: Штылікавы, Барсуковы, Даніленкі. Самай маленькай загінулай — Раечцы Гаўрылавай — было ўсяго два гадочкі...

За крок да вызвалення
Лёзненскі раён — першы з вызваленых на Віцебшчыне. Дата шчаслівага дня прыпадае на 10 кастрычніка 1943 года. Расправу ж над жыхарамі Асташэва, у якой прымалі ўдзел каля 400 фашыстаў, учынілі 30 верасня, пасля таго як напярэдадні партызаны ўзарвалі мост непадалёк ад вёскі, спыніўшы транспартны рух, а таксама знішчылі нямецкія грузавікі і жывую сілу праціўніка.
Карная аперацыя, ахвярамі якой стала мірнае насельніцтва, была актам помсты і запалохвання. Каты звезлі мясцовых мужчын у крытай машыне, разрабавалі хаты, а старых, жанчын і дзяцей сагналі ў хлеў і дзве лазні, якія аблілі бензінам і падпалілі. Задыхнуліся ў дыме і зажыва згарэлі 160 жыхароў, у тым ліку 53 дзіцяці. Тых, хто спрабаваў збегчы, расстрэльвалі.
Да вайны ў вёсцы-гаротніцы налічвалася 40 двароў і каля 180 жыхароў. Уратаваліся толькі некаторыя з падлеткаў і моладзі, якім удалося дабегчы да леса і схавацца. Вярнуўшыся праз некалькі дзён, яны знайшлі замест сваіх сядзіб і родных чорнае папялішча. З суседніх Запожанкаў прывезлі скрыні, паклалі ў іх абгарэлыя астанкі і пахавалі ў агульнай магіле. З таго часу Асташэва сталі называць «вёскай сірот». У мірны час на магіле загінулых у агні асташэўцаў устанавілі помнік, які набыў канчатковы выгляд у 40-ю гадавіну з дня трагедыі.
Нельга забыць
Аб трагічных падзеях кастрычніка 1943-га ўспаміналі падчас маштабнага жалобнага мітынгу, на якім сабраліся кіраўнікі Лёзненскага раёна, прадстаўнікі працоўных і навучальных калектываў, грамадскасці, выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Выратавальнік».
Напярэдадні мерапрыемства работнікі мясцовых падраздзяленняў МНС навялі на памятным месцы, над якім яны шэфствуюць, парадак: выканалі санітарную абрэзку дрэў, выдаленне хмызняку, уборку сухой травы і лісця.
— Мэта гэтага мерапрыемства — напомніць пра боль і пакуты, якія выпалі на долю нашага народа падчас акупацыі, — звярнуўся да моладзі Сяргей Мялешкін. — У 1941-м не мы пагражалі, не мы нападалі, мы толькі абараняліся і імкнуліся выжыць на сваёй зямлі, каб не знікнуць з яе, а працягваць жыць і ствараць на ёй. За гэту барацьбу нашы продкі прынеслі велізарныя ахвяры. Ваш абавязак — помніць аб гэтым, расці, вучыцца і працаваць дзеля ўмацавання сваёй краіны, абароны яе незалежнасці і міру. Іншай Радзімы ў нас не будзе.

Бязлітаснае «Зімовае чараўніцтва»
З пачаткам вызвалення Беларусі ў асенне-зімовы перыяд 1943–1944 гадоў выкарыстанне фашыстамі тактыкі «спаленай зямлі» набыло жахлівыя маштабы. Такім чынам акупанты імкнуліся зрабіць бяспечным тыл групы армій «Цэнтр».
«Зімовае чараўніцтва» — так называлася адна з самых садысцкіх карніцкіх аперацый за ўсю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Яна закранула чатыры раёны, якія межавалі з Латвіяй, каб блакіраваць распаўсюджванне дзеяння партызан на яе тэрыторыі: беларускія Асвейскі, Дрысенскі (цяпер Верхнядзвінскі), Расонскі і расійскі Себежскі. З 14 лютага па 30 сакавіка 1943-га акупанты агнём сцерлі з твару зямлі больш як 400 вёсак, 46 з якіх не адрадзіліся.
Карнікі знішчылі 10–12 тысяч мірных жыхароў, каля дзвюх тысяч вывезлі на прымусовыя работы ў Германію, больш за тысячу дзяцей змясцілі ў Саласпілскі лагер смерці. Аб маштабах Асвейскай трагедыі гаворыць той факт, што ў раёне ацалела ўсяго дзве (!) вёскі. Што гэта, як не генацыд беларускага народа?!
Здавалася б, за пасляваенныя гады нарадзілася не адно пакаленне, на месцы знішчаных вёсак выраслі лясы, каласуюцца палі. Але сведкі вогненных распраў змаглі перадаць нашчадкам у спадчыну памяць аб трагедыі, якая выпала на долю беларусаў падчас нямецкай акупацыі. Наш абавязак — берагчы яе і перадаваць далей, таму і не зарастаюць сцяжынкі да воінскіх пахаванняў і помнікаў мірным ахвярам вайны.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц