На працягу апошніх пяці гадоў будаўнічы комплекс краіны выканаў даведзеныя ўрадам паказчыкі. У прыватнасці, у Беларусі за гэты час было ўзведзена 22 мільёны квадратных метраў жылля, заявіў у Нацыянальным прэс-цэнтры старшыня Рэспубліканскага саюза будаўнікоў Беларусі Анатоль НІЧКАСАЎ.
Старшыня саюза адзначыў, што перад галіной стаіць задача тэхналагічнага ўдасканалення. «Раней мы прайшлі некалькі пяцігадовых этапаў, звязаных з мадэрнізацыяй магутнасцяў, у тым ліку ў праектнай справе, у рабоце падрадных арганізацый. Гэта ў большай ступені датычылася абнаўлення і тэхнічнага пераўзбраення. Домабудаўнічыя камбінаты здолелі перайсці на ўзвядзенне новых тыпаў жылля, перш за ўсё тых, дзе выкарыстоўваюцца цеплазберагальныя тэхналогіі. Дзякуючы праекціроўшчыкам, архітэктарам і заказчыкам атрымалася стварыць новыя серыі дамоў. Сёння ў індустрыяльным выкананні ўзводзім аднасямейныя блакаіраваныя тыпы будынкаў — таўнхаусы, таксама маем вялікі спектр рашэнняў для шматкватэрнага фонду, — удакладніў Анатоль Нічкасаў.
Выхад на знешнія рынкі
Беларускія праектныя арганізацыі перайшлі на тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання, якія дазваляюць нароўні з канкурэнтамі за мяжой прадастаўляць найскладанейшую праектную дакументацыю.
У будаўнічай дзейнасці экспарт — гэта не проста аб’ём атрымання сродкаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці, але і дэманстрацыя канкурэнтаздольнасці краіны на знешнім контуры. Анатоль Нічкасаў упэўнены, што нашы праектныя арганізацыі перайшлі на той інструментар, на тыя тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання, якія дазваляюць нароўні з канкурэнтамі за мяжой прадастаўляць найскладанейшую праектную дакументацыю як для прамысловых аб’ектаў, так і для жыллёвага будаўніцтва.
Пры гэтым ён адзначыў, што вельмі сур’ёзным выклікам для падраднай дзейнасці з’яўляецца ўкараненне інфармацыйнага мадэлявання, стварэнне лічбавага экаасяроддзя для кіравання будаўнічымі працэсамі. Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання, стварэнне лічбавых мадэляў — гэта ўжо пытанне аб канкурэнцыі нашай падраднай дзейнасці за мяжой, дзе досыць хуткімі тэмпамі ўкараняецца такі від тэхналогій.
Ён таксама паведаміў, што перад будаўнічым комплексам краіны ўжо стаіць задача стварэння сістэм лічбавага кіравання працэсамі і будаўнічымі падраздзяленнямі.
Для сябе і на экспарт
«Сёння я магу гаварыць аб зусім інавацыйным прадукце, які выпускаецца нашымі калегамі. Гэта звышлёгкі матэрыял з ужываннем перліту або керамзіту», — адзначыў Анатоль Нічкасаў. — Гэты матэрыял выкарыстоўваецца для вытворчасці панэляў для абліцоўвання, панэляў для ўцяплення або мантажу канструкцыі перагародак і гэтак далей. Дадзеная прадукцыя сёння карыстаецца вялікім попытам ўнутры краіны і ў Расійскай Федэрацыі.
«Акрамя таго, максімальнае прымяненне атрымала нафта-хімічная прадукцыя. Хімічныя валокны і будаўнічыя тканіны дапамагаюць паскараць працэсы ўзвядзення канструкцый з ужываннем бетону. Гэта ўсё матэрыялы, якія служаць мэтам аздаблення. У нас спаборнічаюць паміж сабой створаныя вялікія магутнасці керамічных вырабаў. Мяняецца мода, мяняюцца тэхналогіі, мяняюцца магчымасці.
Цяпер два нашых буйных прадпрыемствы пастаянна ствараюць новыя вырабы, якія можна ўжываць ужо і для абліцоўвання будынкаў, у тым ліку з ужываннем яго як ўцяпляльніка. Гэта зусім іншая эстэтыка, зусім іншыя магчымасці. Вядома, і для выкарыстання ўнутры памяшкання», — удакладніў спікер.
Анатоль Нічкасаў адзначыў, на які ўзровень будаўнікі плануюць выйсці да 2030 года па забяспечанасці жыллём на кожнага жыхара нашай краіны. Гэты паказчык, на думку старшыні саюза, цалкам рэальны — 33,4 квадратнага метра на чалавека.
Анатоль Нічкасаў лічыць, што ў найбліжэйшай будучыні самым перспектыўным жыллём стане арэнднае. За будучую пяцігодку яго будзе пабудавана не менш за 5 мільёнаў «квадратаў». Усяго ж за пяць гадоў будзе ўзведзена жыллё ў аб’ёме 24 мільёнаў квадратных метраў.
Сяргей КУРКАЧ