Top.Mail.Ru

Робаты становяцца надзейнымі і эфектыўнымі бізнес-партнёрамі

25.03.2026 | 12:07

Форум «Штучны інтэлект для бізнесу з задачай «На экспарт» сабраў у Віцебску прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі з розных куткоў Беларусі і гасцей з Расіі, а таксама айчынных тэхнічных ВНУ, дзе некалькі дзясяткаў гадоў дзейнічаюць навуковыя школы па распрацоўках з ШІ і ўкараненнем навацый у гэтай сферы ў вытворчасць. Местачковым форум не назавеш, хутчэй, наадварот. Ды і пытанні на ім разглядаліся самыя што ні ёсць актуальныя.


Будучыня — за ўкараненнем перадавых тэхналогій

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Мэта — абмеркаваць з прадстаўнікамі айчынных прадпрыемстваў розных форм уласнасці надзвычай запатрабаваную тэму выкарыстання штучнага інтэлекту ў вытворчасці.

— Мы як арганізатары паставілі задачу разам з бізнесам у рамках форуму разгледзець, якія ўжо існуюць ШІ-тэхналогіі, здольныя дапамагаць выходзіць на знешні рынак, узмацняць наш экспарт, — звярнула ўвагу генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення Беларускай ГПП Наталля ВАРАБ’ЁВА. — Мы разумеем, што сёння беларускія вытворцы канкурыруюць з замежнымі кампаніямі, якія ўжо выкарыстоўваюць рабатызаваную вытворчасць, склады, калектыўную аналітыку, ШІ-асістэнтаў. Укараненне ШІ дазваляе ім на 10–30 % зніжаць выдаткі, хутчэй прымаць кіраўнічыя рашэнні. Назіраецца канкурэнцыя паміж мадэлямі і алгарытмамі кіравання, а будучыня — за ўкараненнем перадавых тэхналогій і экспартам тэхналагічна паглыбленай прадукцыі.


І рэгіёны не лыкам шыты

Наталля Вараб’ёва зазначыла, што практычна ўсе кампетэнцыі ў галіне штучнага інтэлекту сканцэнтраваны ў Мінску, дзе знаходзіцца да 70 % высокатэхналагічнага бізнесу. Аднак бізнес і ў рэгіёнах гатовы да трансфармацыі, з боку яго ўладальнікаў ёсць такі запыт. Таму трэба рабіць стаўку на рэгіёны, падцягваць дзелавую грамадскасць, і Віцебская вобласць у гэтым сэнсе даволі перспектыўная. Форум якраз дапамог высветліць, у якіх менавіта існуючых інструментах штучнага інтэлекту маюць патрэбу мясцовыя суб’екты рэальнага сектара эканомікі.

Бар’ераў няма

Укараненню ШІ ў беларускую вытворчасць спрыяе вырашэнне пытанняў прававога рэгулявання: летась была зацверджана дзяржаўная праграма «Беларусь інтэлектуальная», якая прадугледжвае развіццё інфармацыйных тэхналогій і штучнага інтэлекту. Рыхтуецца да зацвярджэння канцэпцыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года.

Каб актыўней выкарыстоўваць штучны інтэлект, трэба ствараць інфраструктуру, якая б прадугледжвала моцныя серверы, суперкамп’ютары, нацыянальныя мадэлі і праграмнае забеспячэнне. Бар’ераў да гэтага няма — патрэбны толькі хуткасці і вялізнае жаданне гэта рабіць.


На трыбуне — практыкі

Праграма форуму складалася з дзвюх сесій. На першай разгледзелі рашэнні для харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці, машынабудавання і АПК. Паступілі прапановы аб ШІ-тэхналогіях і практычных кейсах, ужо рэалізаваных на прадпрыемствах. Другую сесію прысвяцілі пытанням трансфармацыі ключавых бізнес-працэсаў з дапамогай штучнага інтэлекту, пошуку партнёра і пастаўшчыка, пашырэння кліенцкай базы, прэдыктыўнай аналітыкі, прамысловай бяспекі і эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў. Спікерамі выступілі спецыялісты кампаній з Беларусі і Расіі, якія паспяхова прымяняюць ШІ ў практычнай дзейнасці.


Гуманоідныя калегі

Усеагульную цікавасць выклікалі распрацоўкі расійскіх гасцей — гуманоідны робат і квадрупед, якія могуць замяніць чалавека на небяспечных работах у газавай, нафтавай, атамнай і іншых галінах. Аператар кіруе імі дыстанцыйна, пры гэтым яны могуць нястомна выконваць неабходныя тонкія і асцярожныя рухі, а дзе трэба — хуткія і дакладныя. І гэта ўжо не фантастыка, нават не навуковая, гэта — рэальнасць і аб’ектыўная неабходнасць.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю