Top.Mail.Ru
0

За кошт чаго ў дадатак да адданай працы земляробы ўтрымліваюць планку рэкорднага ўраджаю

Арыфметыка ўраджаю

Згодна з даручэннем кіраўніка краіны, сёлетні ўраджай, сабраны ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, павінен быць не меншы за мінулагоднія рэкордныя 11,5 мільёна тон, у тым ліку збожжавых каласавых культур не менш чым 7,5-8 млн тон, кукурузы 2,5 млн тон і не менш як 1 млн тон рапсу. Мэта на гэты год таксама — сабраць 5 млн тон цукровых буракоў і 55 тысяч тон ільновалакна. За кошт чаго будуць дасягацца гэтыя мэтавыя паказчыкі, расказалі навукоўцы.

Больш плошчаў пад азімыя і пад зернебабовыя

Вучоныя сумесна з Мінсельгасхарчам актуалізавалі і навукова абгрунтавалі структуру пасяўных плошчаў. Сёлета збожжавыя і зернебабовыя культуры зоймуць каля 2,4 млн гектараў. Пры гэтым азімыя збожжавыя растуць на плошчы 1,4 млн. Высеяны з восені рапс перазімаваў на плошчы 457 тысяч гектараў. Як заўважыў першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве Эрома Урбан, азімыя культуры, нягледзячы на рэкордныя мінусавыя тэмпературы, перазімавалі нават лепш, чым у папярэднія гады. Сучасная стратэгія пры размеркаванні плошчаў скіравана на павелічэнне тэрыторыі, занятай азімымі культурамі. Калі раней яны займалі ўсяго 50 працэнтаў, то сёлета займаюць ужо 70 працэнтаў. Гэта звязана са змяненнямі клімату. Азімыя лягчэй пераносяць вясенні недахоп вільгаці, больш прадукцыйныя за яравыя. У 2026 годзе павялічаны плошчы пад азімую пшаніцу як найбольш эканамічна апраўданую культуру. Значна выраслі і пасевы азімага ячменю (сёлета ён займае 260,7 тысячы га), а яшчэ 5–7 гадоў высяваўся на плошчы, не большай за 20–30 тысяч гектараў. Нягледзячы на рост у дзясяткі разоў, аграрыі ў далейшым плануюць далей павялічваць пасевы гэтай азімай культуры.


Пад зернебабовыя сёлета плануецца выдзеліць 173,9 тысячы га, што больш у параўнанні з мінулым годам на 20 працэнтаў. Ставіцца задача зніжэння дэфіцыту бялку ў вытворчасці кармоў для жывёлагадоўлі. Да 2030 года плануецца давесці плошчы зернебабовых да не менш чым 300 тысяч га. Так, сёлета плануецца пасеяць кукурузы на плошчы 1,3 млн га. Селекцыйны працэс кукурузы вядзецца толькі з 1990-х гадоў, але ўжо створана 16 айчынных гібрыдаў. Калі напачатку культура вырошчвалася на сілас, то апошнія гады вядзецца яе селекцыя на зерне. Сёлета плануецца атрымаць яго з плошчы ў 376 тысяч га.

Робім стаўкі на айчынныя сарты

У НПЦ па земляробстве вядзецца селекцыйны працэс па ўсіх валаўтваральных культурах, гэта больш 40 відаў раслін. Сёлета ў дзяржаўным рэестр уключаны 24 новыя сарты і гібрыды айчыннай селекцыі.

Сучасныя айчынныя сарты маюць патэнцыял ураджайнасці збожжавых больш чым 100 ц/га, рапсу — 60, зернебабовых — да 50, кукурузы — 140–160 цэнтнераў з гектара. Дзякуючы гэтаму яны паспяхова канкурыруюць з замежнымі. Так, новы сорт азімай пшаніцы «Айлін» падчас дзяржвыпрабавання паказаў ураджайнасць больш як 130 ц/га. Ён мае кароткае сцябло, але высокія паказальнікі якасці. Яшчэ адзін сорт азімай пшаніцы, на які вучоныя прапаноўваюць звярнуць увагу, — «Дамініка». Яго максімальная ўраджайнасць — 124 ц/га, ён мае высокую зімаўстойлівасць і добры да хлебапякарнай вытворчасці. Гаспадаркі актыўна ўкараняюць сарты пшаніцы, якія ў дзяржрэестр уключаны ў 2024–2025 гадах, сёння яны займаюць па рэспубліцы плошчы каля 20 тысяч га.

  • Яравой пшаніцы — каля ста тысяч гектараў. Усе распрацаваныя вучонымі цэнтра сарты адрознівае якасць, дзякуючы якой яны могуць выкарыстоўвацца для хлебабулачных вырабаў і макаронаў без дабаўкі мукі сартоў-філераў. На працягу апошніх двух гадоў уключаны ў рэестр новыя сарты яравой пшаніцы «Гайна» і «Карта» з паказальнікамі прадукцыйнасці каля 86 ц/га. Утрыманне клейкавіны ў іх больш як 27 працэнтаў, бялку — больш як 15. Беларускія навінкі значна пераўзыходзяць замежныя аналагі па паказальніках якасці і прадукцыйнасці.

Аграрыям ставіцца задача па нарыхтоўцы не менш чым ста тысяч тон піваварнага ячменю. На працягу апошніх двух гадоў створаны шэраг новых сартоў, якія паказваюць ураджайнасць больш за 90 ц/га і дазваляюць атрымліваць солад узроўню еўрапейскіх стандартаў. А новы сорт «Салдат» паказаў ураджайнасць 112 ц/га.

Селекцыя вядзецца і для вырашэння задач з вытворчасцю кармоў. У апошнія гады створана пяць новых сартоў кармавога ячменю з ураджайнасцю вышэй за 90 ц/га.


Для лёгкіх пясчаных і супясчаных глеб недастаткова ўрадлівых (якіх у рэспубліцы каля 70 працэнтаў) — патрэбны культуры адаптыўныя. Вучонымі створаны сарты новага пакалення, якія па якасці і стабільнасці, устойлівасці да засухі і хвароб пераўзыходзяць заходнееўрапейскія аналагі.

У апошнія гады вялікая ўвага ўдзяляецца азімаму ячменю. Калі ў 2022 годзе ў рэестр быў уключаны першы айчынны сорт «Буслік», сёлета ў дзяржаўным сортавыпрабаванні знаходзяцца 10 новых сартоў. Вядзецца маштабная работа па стварэнні гібрыдаў азімага жыта, рапсу, цукровых буракоў, кукурузы. Такія напрацоўкі дазволяць замяніць гібрыды, якія завозяцца з Заходняй Еўропы.

Тэхніка ствараецца пад новыя патрэбы

Вучоны сакратар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Андрэй Перапячаеў паведаміў, што НПЦ сумесна з міністэрствамі сельскай гаспадаркі і прамысловасці распрацаваў сістэму машын. Праграма павінна быць выканана да 2030 года. Яе задачы — павышэнне магутнасці энергетычных сродкаў, грузапад’ёмнасці транспартных машын, прапускной здольнасці ўборачных камбайнаў. Важна павышаць шырыню захопу прычапных і навясных рабочых машын, здольных працаваць на павышаных хуткасных рэжымах, удасканальваць тэхнічныя эксплуатацыйныя якасці машын, што будзе спрыяць іх большай эканамічнай эфектыўнасці. Сярод найважнейшых кірункаў работы вучоных — максімальная механізацыя і аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Найважнейшымі аперацыямі ў хлебаробаў з’яўляюцца апрацоўка глебы і сяўба, на іх расходуецца да 30–40 працэнтаў энергетычных і да 25 працэнтаў працоўных затрат. Для гэтых работ вучоныя распрацавалі шэраг мнагакорпусных абаротных плугоў новага пакалення, якія найбольш эфектыўныя на вялікіх плошчах.

Вучоныя ўлічваюць вялікую разнастайнасць прыродных і вытворчых умоў, якія патрабуюць розных сістэм і тэхналогій апрацоўкі глебы. Побач з традыцыйнай адвальнай сістэмай выкарыстоўваецца і безадвальная апрацоўка зямлі. Пад яе распрацаваны глебаапрацоўчы модульны агрэгат да трактароў магутнасцю 450 конскіх сіл, які ўяўляе сабой паўнавесную машыну, дзе паслядоўна ўсталяваны тры модулі — для драбнення, для рыхлення і для выраўноўвання, прыкачвання. Такі агрэгат за адзін праход дазваляе рыхліць глебу на глыбіню да 40 см і рыхтаваць яе пад сяўбу.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю