Глабальнае сацыялагічнае апытанне паказала: у Еўропе самы нізкі ўзровень уцягнутасці супрацоўнікаў — 13 %. Уцягнутасць — гэта калі супрацоўнік падзяляе мэты кампаніі, праяўляе ініцыятыву, імкнецца выконваць работу максімальна эфектыўна. Адсутнасць уцягнутасці вызначае механічнае выкананне сваіх абавязкаў «ад званка да званка», з абыякавым стаўленнем да выніку. Уцягнутасць — адзін з фактараў эфектыўнасці эканомікі.
Глабальны паказчык летась крыху знізіўся ў параўнанні з 2024 годам і склаў 21 %. Эксперты агенцтва лічаць: за кошт адмоўнай дынамікі гэтага фактару сусветная эканоміка страціла 438 мільярдаў долараў ад зніжэння прадукцыйнасці працы. Калі б усе супрацоўнікі былі ўцягнутыя ў працоўны працэс, то глабальны ВУП мог бы павялічыцца на 9 %, ці 9,6 трыльёна долараў у грашовым эквіваленце.
Словам, ЕС ужо не з’яўляецца тэрыторыяй магчымасцяў, у якой кампаніі бурна развіваюцца. Ды і як можа быць па-іншаму, калі пераважная большасць супрацоўнікаў — быццам адбывае на працоўным месцы павіннасць. Прычым гэта датычыцца не толькі радавых работнікаў. Абыякавасць да карпаратыўных мэт сярод менеджараў сустракаецца так жа часта, як і сярод лінейнага персаналу. Як гаворыцца, лідарскі дух у Еўропе згасае.
У гэтым, можа, і крыецца вельмі сур’ёзнае адставанне ад ЗША па многіх параметрах. Вядома, можна па-рознаму ставіцца да своеасаблівай англа-саксонскай карпаратыўнай культуры і досыць жорсткай капіталістычнай эксплуатацыі. Але ўцягнутасць у ЗША і Канадзе знаходзіцца на ўзроўні 31 %. Рэгіён, які Gallup пазначыў як «постсавецкая Еўразія» знаходзіцца фактычна на другім месцы з узроўнем уцягнутасці 26 %. Гэта ў два разы вышэй, чым у Еўропе, якая з’яўляецца аўтсайдарам.
Прызнаем: узровень дабрабыту працуючых грамадзян капіталістычных дзяржаў досыць высокі. У свеце пра сваю заможнасць заявіла трэць апытаных — 33 %.
У ЗША і Канадзе — 52 %, ЕС — 47 %. У нашым рэгіёне сярэдні па свеце ўзровень — 33 %. Але ёсць нюанс: постсавецкая Еўразія ўключае ў сябе і не самыя багатыя дзяржавы, і Украіну, якая з-за ўзброенага канфлікту і палітычных узрушэнняў ніяк на эканамічна шчаслівую краіну прэтэндаваць не можа. Зрэшты, валодаючы самым высокім ВУП на душу насельніцтва, па ўзроўні адчування росквіту Захад не гэтак жа татальна выігрывае.
А вось цану за дабрабыт даводзіцца плаціць даволі высокую.
У свеце каля 40 % апытаных заявілі, што напярэдадні адчувалі моцны стрэс на працы. Самы «нервовы» рэгіён — ЗША і Канада — 50 %.
Еўропа больш дабрадушная да работнікаў, хоць таксама можа патрапаць нервы — 38 %. Самая спакойная сітуацыя ў «постсавецкай Еўразіі» — 21 %.
Вядома, гэтыя лічбы даюць толькі агульнае ўяўленне аб рынку працы. Характарыстыкі могуць кардынальна мяняцца ў залежнасці ад галіны, узросту, узроўню кваліфікацыі супрацоўніка. Але даследаванні Gallup выразна дэманструюць: у рэчаіснасці абстаноўка можа быць не такой прывабнай, як здаецца.
Трэба сказаць, і ЗША, і ЕС на дзяржаўным і карпаратыўным узроўнях валодаюць усімі тонкасцямі прымянення інструментаў піяру, каб расхваліць сваё балота, падобна куліку.
Аб’ектыўна кажучы, у частцы глыбокага інфармацыйнага суправаджэння рынку працы і іншых эканамічных працэсаў у нас яшчэ ёсць шырокае поле для ўдасканалення — па розных прычынах.
У тым ліку і ў сілу беларускай ментальнай сціпласці: мы не вельмі любім хваліцца, нават рэальнымі дасягненнямі. Выкажу здагадку, што на гэта пытанне трэба звярнуць больш пільную ўвагу. Урэшце, цяпер ідзе вялікая канкурэнцыя за работнікаў на глабальным і рэгіянальным узроўнях. Таму актыўная пазіцыя ў барацьбе за чалавечы і інтэлектуальны капітал толькі вітаецца.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ