Высокія надоі і ўраджай — вынік селекцыйнай работы
Як расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр Партной, у нашай краіне ўзяты курс на інавацыйнае развіццё жывёлагадоўлі, які прадугледжвае тэхналагічную мадэрнізацыю і перааснашчэнне комплексаў, асваенне навукаёмістых тэхналогій, што звязана з механізацыяй, аўтаматызацыяй і рабатызацыяй вытворчых працэсаў. Распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць інавацыйных тэхналагічных рашэнняў патрабуе навуковага падыходу.
Дзейнасць НПЦ па жывёлагадоўлі накіравана на паскарэнне тэхналагічнага развіцця галіны ў першаю чаргу шляхам вядзення эфектыўнага селекцыйнага працэсу з выкарыстаннем новых біятэхналогій, генна-інжынерных і днк-тэхналогій. У 2020 годзе зацверджана беларуская айчынная малочная парода — беларускіх галштынаў. На сёння больш за 80 % малака ў краіне даюць менавіта яны. Сярэдні патэнцыял гэтай пароды — 10–12 тысяч кг малака за лактацыі. Але ў рэкардсмена ёсць мінус — непрацягласць гаспадарчага выкарыстання. Прадукцыйнае выкарыстанне малочных кароў гэтай пароды — 2,5–2,7 лактацыі. Да 2030 года вучоныя спадзяюцца атрымаць уласную айчынную чырвоную пароду.
Ужо ёсць першыя гібрыды паміж чорна-стракатай галштынскай і чырвонай датскай каровамі. Іх прадукцыйнасць вышэйшая, чым у чырвоных кароў, а ўтрыманне тлушчу і бялку ў малаку больш, чым ў галштынаў.
Дасягнуты добры вынік і ў птушкаводстве. У 2025 годзе зарэгістраваны 3 уласныя лініі яечных курэй з белым апярэннем і яйкамі. Такімі поспехамі могуць пахваліцца адзінкі сярод краін. За бліжэйшыя два гады плануецца зарэгістраваць уласныя лініі курэй для атрымання карычневых яек.
Вучоныя Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве дасягнулі добрых вынікаў у селекцыйным працэсе. Так, летась на палях краіны вырошчвалася больш 140 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі цэнтра, якія займалі звыш 70 % пасяўных плошчаў (жыта — 88 %, азімы трэцікале — 83 %, яравая пшаніца — 84 %, ячмень — 80 %, авёс — 98 %, грэчыха — 75 %). Сучасныя беларускія сарты паказваюць ураджайнасць на ўзроўні імпартных, не саступаюць і па якасці збожжа.
Навукова-практычны цэнтр НАН па бульбаводстве і плодаагародніцтве падрыхтаваў наглядную прэзентацыю — паказаў, якую агародніну сёння можна вырошчваць і нават як яе выкарыстоўваць. Напрыклад, створаны беларускія сарты бульбы, з якіх можна рабіць фры.
Над «Мастаком» вучоныя працавалі каля 40 гадоў. Гэта першы беларускі сорт, які мае імунітэт да асноўных вірусаў. Сярод распрацовак цэнтра — ранняя бульба «Першацвет», якая ўжо сёння займае вялікія плошчы ў краіне. Устойлівая да спякоты «Юлія», аказалася, можа добра расці нават ва ўмовах поўдня Сахары.
Як падзяліўся дырэктар цэнтра Вадзім Маханько, сёння ў селекцыі адбываецца пераход ад сартоў да гібрыдаў. Напрыклад, створаны першы гібрыд цыбулі «Тутэйшы», які можна вырошчваць у аднагадовай культуры. У шэрагу гаспадарак будуць закладзены даволі вялікія яго пасадкі.
Вітамінны канвеер
Дырэктар Інстытута пладаводства Аляксандр Таранаў звярнуў увагу на змену кліматычных зон, што павінны ўлічваць вучоныя, і сёння ўжо вядзецца работа па вырошчванні тэхнічных сартоў вінаграду. У той жа час зіма бягучага года паказала, што крытычных тэмператур ніхто не адмяняў, а гэта адзін з фактараў, які стрымлівае прасоўванне цеплалюбівых культур. Таму, перш чым закладваць сады, важна звяртацца па парады да вучоных. Інстытут актыўна супрацоўнічае з гаспадаркамі краіны, заключаны дамовы аб вытворчым выпрабаванні перспектыўных сартоў беларускай селекцыі, а таксама па вывучэнні інтрадуцыраваных сартоў.
Калі ў насельніцтва вырастала цікавасць да костачкавых культур, у гаспадарках пераважна прадстаўлены семечкавыя і ягадныя культуры. У той жа час вучоныя гатовыя падзяліцца сваімі напрацоўкамі, забяспечыць чаранкамі і саджанцамі гаспадаркі, якія гатовыя развіваць айчыннае пладаводства. Так, у краіне можна вырошчваць алычу і сліву, каб забяспечваць вітамінны канвеер, — збіраць плады з ліпеня да верасня. Створаны зімаўстойлівыя сарты , якія даюць высокія ўраджаі. Можна таксама запусціць «вішнёвы канвеер». Адна з навінак цэнтра — «Юбілейная Белсад» — самаплодны сорт, які вучоныя прапануюць для закладкі насаджэнняў, дзе не патрабуюцца сарты апыляльнікаў. Ужо амаль сто гадоў у краіне вядзецца селекцыя чарэшні, створаны айчынныя сарты «Гасцінец», «Мінчанка».
З апошніх распрацовак — «Люба», сорт паказвае сябе на ўзроўні сусветных аналагаў па буйнаплоднасці, дае ягады па 10–12 грам.
Вітамінныя канвееры можна ствараць на аснове яблыкаў і груш — асаблівую ўвагу вучоныя ўдзяляюць познім сартам, плады якіх могуць захоўвацца ўсю зіму. Вядзецца работа і над селекцыяй арэхаў — ужо ёсць 4 айчынныя сарты грэцкіх арэхаў, створаны беларускія сарты фундуку.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ,
фота аўтара